Выбрать главу

42

У пачатку студзеня атрад Парушыны чакаў гасцей, каб разам адсвяткаваць пачатак 1944 года. Для знаёмства абяцаў прыехаць камандзір суседняга атрада паручнік Збігнеў Пухавіцкі, які меў псеўданім Бусел. Руткоўскі ніколі не сустракаўся раней з гэтым афіцэрам, але, мяркуючы па клічцы, уяўляў сабе доўганосага і цыбатага чалавека. Зрэшты, знешні выгляд суседа не меў значэння, галоўнае, трэба было завязаць сяброўскія адносіны дзеля далейшых сумесных дзеянняў супраць ворагаў.

Кухня з самага ранку дыміла і варыла так, што смачнаю ежаю пахла на ўвесь лес. Здзічэлыя сабакі ці ваўкі ажно падвывалі недзе паблізу, адчуваючы пажыву. Жаўнеры чысцілі зброю, галіліся, прыхарошваліся, быццам збіраліся на вячоркі да дзяўчат. Парушына з Тадзікам выйшлі на двор і проходжваліся па вялікай паляне, раздумваючы, чым бы яшчэ ўпрыгожыць яе. Тут стаяла яліна, прыбраная папяровымі цацкамі і сняжынкамі, выразанымі некім з хлопцаў. Высока развяваўся бела-чырвоны сцяг з арлом. Свяціла зыркае сонца, сляпуча ззяў снег у ягоных промнях. Дзень абяцаў свята, усе настроіліся на яго, таму ў душах жаўнераў панавалі спакой і раўнавага. Не хацелася згадваць мінулыя мітрэнгі, адганялася трывога за будучыню.

– Пан паручнік, карнікі! – крыкнуў Руткоўскаму жаўнер-вартавы.

– Дзе, адкуль?

– Ідуць з боку Мялешкаў.

– Колькі?

– Шмат! Шмат!

– Ну, вось і паабедалі… Базан, падымаем атрад да бою.

Тадзік кінуўся да палатак. Праз колькі хвілін жаўнеры былі на паляне.

– На нас ідуць карнікі. Хутка кіруемся з лагера на паўночны захад, акопваемся і залягаем на ўскрайку лесу, – загадаў Руткоўскі.

Ворагі набліжаліся. Па мундзірах было відно, што там былі нямецкія жандары і літоўскія паліцыянты.

– Колькі ж іх, як мы з імі справімся? – са страхам спытаў Тадзік.

– З Божай дапамогай. Не наганяй нуду, – адказаў Парушына. – Перадай усім, без каманды не страляць, падпусцім бліжэй.

Усе знямялі, наструніліся ў чаканні загаду і назіралі, як ворагі ішлі проста на іхні лагер, мусіць, добра ведалі ягонае знаходжанне. Сапраўды, па слядах на снезе не цяжка вылічыць, дзе атабарыліся партызаны Арміі Краёвай.

– Агонь! – нарэшце скамандаваў Руткоўскі.

Першы залп прыціснуў да снегу ворагаў, але яны тут жа падняліся і пайшлі ўперад, густа паліваючы аўтаматным агнём прастору перад сабою так, што немагчыма было падняць галаву.

– Падрыхтаваць гранаты, – крыкнуў паручнік, калі ворагі наблізіліся так, што і твары іхнія ўжо можна было разгледзець.

Нехта з партызанаў стагнаў. Парушына зразумеў: з’явіліся параненыя, мо і забітыя ёсць, яны не стогнуць. Першыя страты. Шкада людзей. Паляцелі гранаты, што прымусіла ворагаў залегчы, але Руткоўскі заўважыў рух на флангах, карнікі імкнуліся акружыць атрад. Трэба было адступаць, інакш можна страціць усіх людзей і самому бясслаўна загінуць. Аднак Парушына марудзіў, не пра такую барацьбу ён марыў. Тадзік запытальна глядзеў на камандзіра, а той ніяк не мог на нешта рашыцца. І раптам на флангу замільгалі вуглаватыя шапкі з арламі, стуль пачулася страляніна.

– Нашы, пан паручнік! Прыйшла дапамога! – узрадавана крыкнуў Тадзік.

– Прысядзь, чаго ўскочыў. Рана радавацца! – прыкрыкнуў на хлопца Каэтан.

Карнікі не чакалі такога павароту, пачалі згортваць шэрагі, губляючы пры гэтым сваіх ваяроў.

– Адступаюць, адступаюць, – шаптаў Тадзік і бязладна страляў з пісталета.

– Супакойся, дзіця неразумнае, – астудзіў яго Каэтан.

Праз паўгадзіны ацалелыя карнікі адступілі, пакінуўшы шмат забітых. Да Руткоўскага падышоў невысокі паручнік, аддаў чэсць, прадставіўся;

– Збігнеў Пухавіцкі, будзем знаёмы.

Паручнікі абмяняліся поціскамі рук, абняліся, шчыра, па-сяброўску.

– Дзякую, брат, ты выратаваў нас, – сказаў Каэтан.

– Галоўнае, своечасова суседа ў госці паклікаць, – засмяяўся Збігнеў. – Едзем мы сабе на конях, раптам чуем: страляніна. Што за наўда такая, думаем, запрашалі на абед, а сустракаюць кулямі? Агледзеліся, ажно бачым, да вас няпрошаныя госці завіталі!

– Вунь ляжаць, усё поле засеяна трупамі. Мусіць, фашысты думаюць, што мы іх хаваць будзем.

– Нічога, цяпер мароз, паляжаць, не сапсуюцца. Заўтра з’явіцца пахаронная каманда. Можна і тых пачаставаць, каб запомнілі, – засмяяўся Збігнеў. – Вайна робіць людзей жорсткімі.

– Пойдзем адсюль. Ёсць нагода адзначыць перамогу, – прапанаваў Руткоўскі.

У лагеры жаўнеры ўмывалі разгарачаныя твары снегам, перавязвалі параненых, адчайна калупалі замерзлы дол штыхамі, капаючы яму для шасці жаўнераў, якія загінулі.