Выбрать главу

– Абед ператварыўся ў хаўтуры, – сумна сказаў Каэтан. – Пойдзем, Збігнеў, у штабную зямлянку, перакінемся словам, пакуль тут хлопцы зробяць неадкладныя справы. Тадзік, прасачы тут, каб усё было зроблена найлепшым чынам. Перад тым, як будуць хаваць забітых, пакліч нас.

Руткоўскі і Пухавіцкі ўвайшлі ў памяшканне, прыгнулі галовы, праходзячы праз нізкія дзверы, селі за стол насупраць адзін аднаго.

– Я тут чалавек новы, скажы, Збігнеў, што чуваць, якія навіны? – спытаў Руткоўскі.

– Ваюем адразу з усімі: з немцамі, літоўскімі паліцыянтамі і савецкімі партызанамі.

– Я ж чуў быццам там-сям з Саветамі супрацоўніцтва наладжвалася.

– Наладжвалася, але хутка развалілася. Разумееш, у Саветаў свая ідэалогія і палітыка, на жаль, акаўскае кіраўніцтва ў Вільні гэтага не ўлічыла. Трапіла да партызанаў наша газета "Незалежнасць", а ў ёй чорным па беламу напісана пра расстрэл польскіх афіцэраў у Катыні і іншыя матэрыялы антысавецкага зместу. Партызанскія камандзіры проста на вушы сталі ад абурэння і гневу, маўляў, гэта агідная мана, узведзеная на гераічны савецкі народ. Адсюль і пайшоў загад раззбройваць польскія атрады. Першаю ахвяраю стаў Антоні Бужыньскі, яго і некалькі іншых афіцэраў расстралялі, радавых, хто не ўцёк, размеркавалі ў савецкіх падраздзяленнях.

– Калі гэта здарылася?

– Нядаўна, мінулай восенню.

– А я думаў, мо і мне варта пашукаць сяброў сярод Саветаў, а тут вунь якая справа выйшла.

– Рана ці позна гэта ўсё роўна здарылася б. Мы хочам захаваць за Польшчаю Усходнія Крэсы, а Саветы рвуць іх сабе. Ты ж ведаеш, што ўрады СССР, ЗША і Англіі рашылі прызнаць граніцы паміж Саветамі і Польшчай па лініі Керзона.

– Што ж, у такім разе мяне суцяшае, што мая Беласточчына, якая да гэтага была ў руках Саветаў, пяройдзе да Польшчы.

– Мы жадаем аднавіць незалежную Айчыну, а што будзе невядома. Пракамуністычная Армія Людова таксама мае шмат прэтэнзій і прагне ўлады. Вось і думай, што і як атрымаецца.

– Мне здавалася, што хутка ўсё будзе зразумела і проста. Палякі з’яднаюцца, падымуцца разам супраць ворагаў і перамогуць. А цяпер бачу, што Польшчу раскалолі. Пройдзе трохі часу, і баюся, што не ворагаў сваіх давядзецца нам біць, а жаўнераў Арміі Людовай, – задуменна сказаў Руткоўскі.

– На вялікі жаль, усё да таго ідзе.

– Хіба гэтая Армія Людова ўяўляе сабой вялікую сілу?

– Яна расце. А пад уздзеяннем савецкай агітацыі і прапаганды неразумная моладзь, якой надакучыла жыць пад нямецкай пятой, рушыць у тыя шэрагі. Што ні кажы, а палякі ўсё ж застаюцца вялікімі патрыётамі сваёй Айчыны.

– Колькі б ворагаў ні сустрэлася на нашым шляху, усіх будзем знішчаць. Клянуся! – урачыста прамовіў Каэтан.

– І я клянуся, – адгукнуўся Збігнеў і ўстаў, як і належыць пры прыняцці прысягі.

У памяшканне ўвайшоў Тадзік і паведаміў, што ўсё гатова да пахавання палеглых жаўнераў.

– Пайшлі, – коратка сказаў Каэтан і накіраваўся да выхаду, але перад госцем шырока расчыніў дзверы.

Жаўнеры згрудзіліся вакол вялікай магілы, шэсць нябожчыкаў ляжалі на дне, акрытыя шынелямі.

– Сёння мы хаваем нашых паплечнікаў, – стрымліваючы хваляванне, пачаў развітальную прамову Руткоўскі. – Яны палеглі ў змаганні за вольнасць Айчыны, не пашкадавалі самага дарагога, што мелі, жыцця, а цяпер навечна застануцца спачываць у гэтым лесе, а яшчэ ў нашых душах. Радзіма не забудзе іх. Мы напішам іхнія імёны на пераможных сцягах. Зямля вам пухам, браты. Даруйце, што не ўбераглі вас. Мы адпомсцім за вашу кроў і за ваш боль у тысячу разоў большай крывёю нашым ворагам. Клянёмся біцца з захопнікамі да апошняга ўздыху, як гэта рабілі вы! Клянёмся!

Усё жаўнеры паўтарылі клятву за камандзірам. Потым прагучаў салют. Стралялі дванаццаць разоў. Магілу пачалі засыпаць. Руткоўскі павярнуўся да Тадзіка і сказаў:

– Загадай кухарам, няхай рыхтуюць хаўтурны стол.

Ад’ютант паспяшаў выконваць загад, а ў душы бушавала нязгода з тым, што загінулі людзі, якіх пахавалі сярод лесу, а не на могілках, і адразу ўзнікла думка: "На месцы забітых мог быць я ці нават сам Руткоўскі. Нас таксама загрэблі б мёрзлымі камякамі. Ніхто мо ніколі не даведаецца, што тут пахаваныя жаўнеры, толькі ваўкі будуць выць над гэтымі магіламі, але ніколі не прыйдуць сюды іхнія родныя. Як бы мне хацелася, калі загіну, каб мама ведала маю магілу. У яе ж нікога і нічога не засталося. Тату невядома куды павезлі. Ці вернецца? А калі і я прападу, чым ёй жыць?.."

Ён не заўважыў, як дайшоў да кухні, заняты сумнымі думкамі. Пяршыла ў горле, хацелася схавацца ад усіх і паплакаць, але яму, ад’ютанту камандзіра, належала выканаць найперш загад, і ён сказаў кухарам, каб рыхтавалі стол.