– Ежа гатовая, пан ад’ютант, зараз падрыхтуем стол, – казырнуў галоўны кухар і павярнуўся да сваіх катлоў, пачаў мітусіцца, бразкаць міскамі, яму дапамагалі два памочнікі, Тадзік далучыўся да іх, насіў на стол талеркі са стравамі.
У хуткім часе з’явіліся афіцэры: Збігнеў Пухавіцкі і Каэтан Руткоўскі, стаялі ўбаку, ціха размаўлялі паміж сабою. Тадзік прыслухаўся.
– Вам нельга заставацца на гэтай базе, немцы збяруць свае трупы на полі, а пасля прышлюць новую карную экспедыцыю. Вам не выстаяць, – разважліва сказаў Збігнеў.
– Дрэнна ў нас са зброяй, ды і людзей мала. Трэба неяк вырашаць гэтыя праблемы.
– Прапаную пакуль часова перабрацца да нас. А потым, як усё ўляжацца, зможаце вярнуцца зноў сюды, на старое месца.
– Эх, добрую базу падрыхтаваў Груздзіловіч, ды не давялося пакарыстацца.
– Не шкадуй, пабачыш, мы таксама добра ўладкаваліся. А наконт зброі ёсць у мяне адна задумка, пасля абмяркуем з картаю ў руках.
– Прымаю тваю прапанову. Сёння ж здымемся з лагера, каб не рызыкаваць людзьмі.
Тадзік зразумеў: чакаецца новы пераезд. Усе перамены ў партызанскім жыцці ён успрымаў з цікаўнасцю.
43
Неўзабаве пасля таго, як жаўнеры Руткоўскага трохі абжыліся на новым месцы, цеснавата рассяліліся па тых зямлянках, якія ім выдзеліў паручнік Пухавіцкі, афіцэры сабраліся на нараду. Акрамя паручнікаў было там некалькі падхарунжых з абодвух атрадаў.
– Ёсць у мяне прапанова, – сказаў Пухавіцкі. – Яна можа падацца вам нерэальнай, але я перакананы, калі ўсё зрабіць хутка і правільна, дык поспех нам гарантаваны. Прынамсі, зброяй і боепрыпасамі можна будзе разжыцца, а гэта для нас самыя актуальныя пытанні.
– Давай, Збігнеў, бліжэй да справы, – нецярпліва сказаў Руткоўскі. – Ці ты знарок нас інтрыгуеш?
– Проста кажу ўступнае слова, – усміхнуўся паручнік, разаслаў на стале карту, узяў аловак. – Глядзіце: тут мястэчка, гэта дарогі да яго, тут чыгуначная станцыя, дарэчы, даволі бойкая. Шмат цягнікоў праз яе прапускаюць. На станцыі і ў суседнім маёнтку знаходзіцца болей за дзве сотні немцаў, гэта салдаты вермахта, жандармерыя і людзі з арганізацыі Тодта. Нас менш, але мяне гэта не палохае. Мы можам узяць селішча ў абцугі з поўначы і поўдня. Наша задача: захапіць маёнтак, склады, каб разжыцца карыснымі рэчамі і зброяй, а далей будзем дзейнічаць па абставінах.
– Можа, нам і не варта браць селішча, абмежавацца маёнткам ды штабам Тодта, – выказаў сваё меркаванне Руткоўскі.
– У мястэчку таксама стаяць немцы, трэба іх дэмаралізаваць нечаканым наскокам.
– А калі не атрымаецца знянацку напасці? – спытаў падхарунжы Ліпа.
– Трэба, каб атрымалася, для гэтага не кідацца ўсёю хеўраю, а спачатку ціха зняць вартавых. Увогуле, даю тыдзень выведцы на назіранні і канчатковыя высновы наконт гэтых аб’ектаў.
У той дзень афіцэры разышліся па зямлянках позна, спрачаліся, намячалі папярэдне планы нападу на гарадок, але ведалі, што канчатковае рашэнне можна будзе прыняць толькі пасля вывучэння звестак, якія прынясе выведка. Час пачатку аперацыі прызначылі на другую палавіну лютага.
Наступ пачалі а першай гадзіне ночы, дзейнічалі даволі ўдала. Тадзік апынуўся ў групе, якая брала маёнтак. Без асаблівага шуму знялі вартавых, увайшлі ў будынак і стрэлам з вінтоўкі пабудзілі немцаў, якія спалі ў вялікім пакоі на нарах. Было іх чалавек дзесяць. Яны спалохана паўскоквалі. Руткоўскі загадаў па-нямецку:
– Вы арыштаваныя!
Немцы паслухмяна пакінулі нары, сталі ў радок, чакалі наступных загадаў.
– Апранайцеся, пойдзеце ў суправаджэнні канваіраў, куды яны скажуць.
Пакуль афіцэр размаўляў з немцамі, жаўнеры разбіралі зброю, якая стаяла на спецыяльнай паліцы. Тадзік узрадавана ўхапіў "шмайсер", такога аўтамата не было ні ў кога. Захацелася адразу выпрабаваць яго. Ён ледзь стрымаўся, каб не паласнуць аднаго немца, які з твару быў вельмі падобны на таго, што некалі расстраляў ягоных сяброў. Такая ж доўгая і насатая морда. Але ведаў: палонных нельга расстрэльваць, ад іх можна выцягнуць цікавую інфармацыю, неабходную кіраўніцтву штабам акругі ў Вільні, а мо нават у Варшаве і Лондане. Вывелі немцаў на вуліцу. У мястэчку таксама чулася страляніна.
– Тры чалавекі суправаджаюць ваеннапалонных, вядзіце іх на базу, мы вас дагонім пасля заканчэння аперацыі. Астатнія за мной, – загадаў Руткоўскі і рынуўся па дарозе да мястэчка.
Хвілін праз сорак хуткага бегу жаўнеры спыніліся на ўскраіне селішча, прыслухаліся. Стралялі недзе недалёка, на суседняй вуліцы. Асцярожна рушылі туды. Раптам насустрач ім выбег ад’ютант Пухавіцкага, радасна сказаў: