Выбрать главу

– Мяне па вас паслалі.

– Што тут? – спытаў Руткоўскі.

– Усё выдатна! Захапілі склад, набралі харчоў і боепрыпасаў, пяць вазоў нагрузілі і павезлі на базу. Штаб Тодта таксама ў нашых руках. Але немцы трымаюцца ў заходняй частцы горада, станцыя пакуль пад немцамі. Пан паручнік загадаў вам ісці да станцыі, дапамагчы нашым.

– Будзе зроблена.

– Што сказаць пану паручніку? – спытаў ад’ютант Пухавіцкага.

– Маёнтак узялі, палонных накіравалі на базу пад канвоем.

Ад’ютант па-заліхвацку аддаў чэсць і падаўся да свайго камандзіра. Руткоўскі павёў жаўнераў да станцыі ціхімі вуліцамі, дзе не чулася страляніна. Між тым час ляцеў імкліва, кожная прамаруджаная хвіліна каштавала некаму жыцця. Таму паручнік не шкадаваў ні сябе, ні людзей. Ноччу добра падмарозіла, зямля, прыцярушаная снегам пасля адлігі, ашэрхла, людзі спатыкаліся, часам падалі, але падымаліся і беглі далей.

Нарэшце паказаўся слаба асветлены будынак станцыі. Стрэлы гучалі рэдка, а потым зусім аціхлі. Руткоўскі спыніў жаўнераў, прыслухаўся. Далей рухаліся асцярожна, але ніяк не маглі разабраць, што там адбываецца, і толькі, калі наблізіліся метраў за пяцьдзясят, убачылі, што з вагонаў выскоквае мноства немцаў.

– Фашысты атрымалі падмогу, – сказаў Руткоўскі. – Ого, колькі іх! Цэлы эшалон! Скачуць і скачуць, нібы конікі. Не, нам з гэтаю хеўраю не справіцца. Паварочваем аглоблі.

Ён тут жа паслаў аднаго жаўнера знайсці Пухавіцкага і перадаць непрыемнаю навіну, якая азначала адыход, не варта губляць людзей. Сам з рэштаю хлопцаў таксама падаўся ў бок вуліц, дзе пакуль яшчэ не заціхалі стрэлы. Насустрач ім выехаў легкавы аўтамабіль і спыніўся. Хлопцы залеглі за плотам, чакалі, хто выйдзе з аўтамабіля. Якое ж было іхняе здзіўленне, калі ўбачылі паручніка Пухавіцкага.

– Ты, бачу я, разбагацеў, на ўласным самаходзе ездзіш, – весела сказаў Каэтан.

– Трэба ж мець нейкі прыбытак ад нашай аперацыі, – засмяяўся Пухавіцкі. – А ты нешта вельмі задыхаўся, дык сядай, адпачні. Тут я табе і пачастунак смачны прыпас. Цэлую скрынку шакаладу і яшчэ тое-сёе больш моцнае.

– Дзякую, дарагі, за турботу. Але не расслабляйся! Трэба спешна адводзіць жаўнераў, Збігнеў, і адступаць.

– Чаго гэта раптам? Яшчэ якая гадзіна – і мястэчка наша.

– Мы толькі што са станцыі. Там цэлы эшалон немцаў выгружаецца. Мусіць, везлі на фронт і запынілі, папрасілі дапамогі.

– У такім разе не варта рызыкаваць, – пагадзіўся Пухавіцкі. – Зараз дам каманду адыходзіць. Сядай пакуль у аўтамабіль, дамоў паедзем, як і належыць сапраўдным польскім афіцэрам.

Каэтан і Тадзік утульна ўмясціліся ў салоне. Хвілін праз дзесяць вярнуўся Збігнеў са сваім ад’ютантам, завёў машыну, крануўся, ехаў павольна, на ўскраіне спыніўся, каб пачакаць, калі збяруцца ўсе жаўнеры. Падхарунжы праінфармаваў Пухавіцкага, што восем жаўнераў загінулі, сем чалавек параненых, усіх ужо адправілі на базу на вазах.

– Вяртаемся на базу, не адставаць. Падхарунжым сачыць за парадкам. Чакаем вас на месцы, – аддаў распараджэнне паручнік.

Машына кранулася і лёгка паляцела ўперад. Афіцэры былі задаволеныя.

– Нарэшце, я ўсіх сваіх людзей узброіў, – радасна паведаміў Каэтан.

– Як бачыш, мары збываюцца. Таму трэба марыць грандыёзна. А мае людзі набралі патронаў шмат, надоўга хопіць, – пахваліўся Пухавіцкі.

– Добра ўсё атрымалася. Палеглых, безумоўна, шкада, але вайны без ахвяр не бывае. Затое трафеі выдатныя! – падтрымаў яго Руткоўскі.

Узбуджанне на мяжы эйфарыі не пакідала афіцэраў. Яны ўвесь час жартавалі, згадвалі нейкія смешныя показкі, часам хто з ад’ютантаў устаўляў якое слова, усе шмат смяяліся.

Пасля гэтай аперацыі Каэтан са сваім атрадам вярнуўся на ранейшую базу, створаную Груздзіловічам. Цяпер, маючы ўдосталь зброі і патронаў, мабільны атрад быў увесь час у руху. Рабілі засады, нападалі знянацку на невялікія гурты немцаў, літоўскіх паліцыянтаў і савецкіх партызанаў. Нікога не шкадавалі. У Руткоўскага быццам усяліўся бязлітасны д’ябал, які прагнуў чужой крыві. Ён зрабіўся гняўлівы, раздражнёны, парывісты. Нават жаўнеры пабойваліся яго. Тадзік таксама стараўся лішні раз не трапляць паручніку на вочы, быццам паміж імі прабег чорны кот.

Партызаны заўважылі: палякі ваююць больш супраць іх, чым супраць немцаў, што не на карысць абодвум бакам. Штаб Аляксея Булахава прыслаў Руткоўскаму ліст, у якім прапаноўваў неадкладна спыніць узаемнае знішчэнне і пачаць перамовы наконт урэгулявання адносін у наступным часе. Але з Парушынаю немагчыма было дамовіцца, ён быў інфармаваны пра рашэнне камандавання на Усходніх Крэсах: ваяваць на два франты і праігнараваў прапанову партызанаў.