Выбрать главу

Немцы са свайго боку паспрабавалі выкарыстаць гэтую канфліктную сітуацыю паміж акаўцамі і савецкімі партызанамі. У канцы зімы Парушына праз солтыса бліжэйшай вёскі, куды часта наведваліся акаўцы па харчы, атрымаў ліст ад немцаў з прапановай спыніць узаемную барацьбу, скіраваць сілы супраць чырвоных. Руткоўскі згадзіўся на тую сустрэчу. Адбылася яна ў хаце таго самага солтыса. Тры нямецкія афіцэры, чыста паголеныя, у мундзірах з іголачкі, паставілі на стол каньяк і лікёр, паклалі шакаладныя пліткі. Гаспадыня нарэзала нямецкую каўбасу, прыгожую і духмяную. Нават хлеб і масла немцы прывезлі сваё. Калі Парушына з аховаю ўвайшоў у пакой, дык у яго ажно галава закружылася ад гэтых дзівосна апетытных пахаў.

– Чэсць, афіцэры! – прывітаў ён прысутных. – Балюем! – засмяяўся ён нервовым смехам, уласцівым яму апошнім часам.

Пазнаёміліся праз перакладчыка, якога прывезлі с сабою немцы, пачалі перамовы, у час якіх немцы стараліся добра пачаставаць Парушыну, але той ведаў сваю меру.

– Цяпер мы перажываем некаторыя цяжкасці ў сувязі з тым, што чырвоныя партызаны знішчаюць чыгуначныя саставы, нападаюць на нашы гарнізоны, узрываюць масты, ставяць міны на дарогах, нападаюць на аўтамашыны і робяць іншыя кепствы, што ўскладняе нашу дзейнасць, – пачаў адзін з афіцэраў. – Ведаю, што вы з імі знаходзіцеся ў стане канфрантацыі, чаму нам не аб’яднаць сілы і не пачаць дзейнічаць супраць іх разам?

– Ведаеце, пан афіцэр, нам цяжка з вамі аб’ядноўвацца. На вас працуе нямецкая прамысловасць, а мы, як мышы, толькі карыстаемся адкідамі ад вашага стала, таму вымушаны нападаць на вашых салдатаў з мэтаю здабывання зброі.

– Гэтую праблему мы лёгка вырашым, забяспечым вас зброяй, боепрыпасамі, рознай амуніцыяй, абы толькі вы згадзіліся на супрацоўніцтва, – адказаў немец, наліваючы Руткоўскаму новую чарку.

Парушына са смакам кульнуў яе без усялякіх тостаў, няспешна закусіў, як бы абдумваючы прапанову, нарэшце сказаў:

– На жаль, панове, вырашэнне гэтых пытанняў не ў маёй кампетэнцыі. Вам трэба звяртацца ў Віленскі штаб Арміі Краёвай. А за пачастунак дзякуй. Даўно так смачна не еў. Хаця ў лесе таксама ёсць такі-сякія дэлікатэсы: белыя грыбы, чорныя ягады і чырвонае мяса дзічыны. Запрашаю вас у госці, паласуецеся сапраўднымі ляснымі дарамі. Можам паехаць проста зараз.

Немцы ад запрашэння далікатна адмовіліся, спаслаліся на вялікую занятасць, толькі папрасілі перадаць іхнюю просьбу ў штаб Віленскай акругі, каб на высокім узроўні як мага хутчэй правесці перамовы ды прыйсці да якога канструктыўнага рашэння. Парушына не стаў затрымлівацца, яго таксама чакалі неадкладныя справы.

44

У той жа дзень Парушына паслаў сувязнога да Уладзіслава Бандарчыка з паведамленнем для каменданта Віленскай акругі пра сустрэчу з немцамі, іхняе жаданне наладзіць супрацоўніцтва з акаўцамі і хутка атрымаў адказ, што Вільк можа сустрэцца з нямецкім кіраўніцтвам, але толькі з тою мэтаю, каб выслухаць іхнія прапановы. На гэты раз Каэтан Руткоўскі сам арганізоўваў сустрэчу, і не дзе-небудзь, а ў маёнтку Бандарчыка. Маўляў, няхай немцы адчуюць камфорт у вялікай зале, дзе стаяў стары раяль германскай вытворчасці. Дэлегацыю з трох афіцэраў Парушына з Тадзікам сустрэў на чыгуначнай станцыі і на трафейным аўтамабілі, пазычаным у Бусла, павезлі з завязанымі вачамі на прызначанае месца.

Вільк, апрануты ў цывільны гарнітур, галантна сустрэў гітлераўскіх афіцэраў, правёў у гасцёўню да накрытага ў лепшых польскіх традыцыях стала, у сярэдзіне якога дыхаў параю бігас, побач смачна красавалася запечаная качка, прыцягвалі ўвагу клопсы і паштэт з зайца, зраж, гес, каўбасы і вяндліна з хрэнам, – усё гэта напаўняла пакой апетытным водарам смажанага мяса, бульбы і спецый, што немагчыма было ўтрымацца, каб не праглынуць сліну. Для гэтага шчыра пастараўся гаспадар, які таксама прысутнічаў тут і нічым не выяўляў сваю сціплую асобу. Нямецкую дэлегацыю ўзначальваў палкоўнік Зейдлер фон Рохенфельд, які пасля першай чаркі за знаёмства адразу распачаў перамовы, маючы надзею за колькі гадзін гутаркі дасягнуць станоўчага выніку:

– Мне не хацелася б скардзіцца, але трэба прызнаць, што дзеянні савецкіх партызанаў дадаюць нам шмат непрыемнасцей. З-за іх мы не можам у поўным аб’ёме забяспечваць войска на Усходнім фронце правіянтам, зброяй, амуніцыяй. З-за частых падрываў чыгункі эшалоны прастойваюць іншы раз суткамі, асабліва цяжкае становішча складваецца на Віленшчыне і Навагрудчыне, дзе, дарэчы, шмат вашых фарміраванняў. Я прыбыў сюды з мэтай наладжвання кантактаў з польскімі ляснымі атрадамі і з пэўнымі прапановамі на гэты конт.