Выбрать главу

– Мы гатовы выслухаць прадстаўніка вермахта, хаця нямецкія прапановы пасля столькіх гадоў тэрору супраць палякаў з’яўляюцца, скажам адкрыта, нечаканымі, – адказаў Вільк, ягоная наструненая постаць выяўляла прыродную польскую паставу і гонар.

– На першым этапе, на час перамоў, прапаную ўстрымацца ад узброеных дзеянняў з вашага і нашага боку, дазволіць бесперашкодны рух нашых цягнікоў па тэрыторыі, якую кантралююць польскія групоўкі. Мы гатовы заплаціць за гэтую паслугу правіянтам і ўзбраеннем для лясных атрадаў.

– Як можна арганізаваць такое забеспячэнне на практыцы? – спытаў Вільк.

– Каля чыгуначнай станцыі, якую вы самі прызначыце, мы будзем акумуляваць прызначаную для вас зброю, амуніцыю, харчы, пра што вас папярэдзяць загодзь. Ахова там будзе для прыліку, яе можна будзе лёгка разагнаць.

– На мой погляд, гэта нейкая непрыстойная прапанова. Выходзіць, што свой заробак нам давядзецца рабаваць? – Вільк нечакана засмяяўся. – Непрыстойныя рэчы выпадае рабіць непрыстойна…

– Якія ўмовы прапануеце вы? Мы гатовыя пайсці насустрач дзеля спынення агню з абодвух бакоў і дарэмнай страты людскіх і матэрыяльных рэсурсаў.

– Мне здаецца, пан палкоўнік, што мы з вамі не здолеем вырашыць кардынальна гэтыя праблемы. Я магу абмеркаваць іх толькі з прадстаўніком вермахта, упаўнаважаным галоўнакамандуючым Усходнім фронтам. Са свайго боку я таксама абавязаны праінфармаваць сваё вышэйшае кіраўніцтва.

– Разумею, спатрэбіцца час, а ён такі дарагі, – сумна падвёў рысу гітлераўскі палкоўнік, адчуваючы, што візіт гэты быў дарэмны, хаця да канца і не губляў надзею.

Перамоўшчыкі яшчэ доўга гутарылі. Спрачаліся па меры таго, як хмялелі галовы ад брэндзі, паляўнічай настойкі і піва "Пяст". Зрэшты, для абедзвюх дэлегацый гэта быў кароткі перадых у бясконцых клопатах, якія абрынула на іх вайна.

Тадзіка асабліва здзівіла, што Парушына пры Вільку не ўвязваўся ў размовы з немцамі, прысутнічаў тут толькі ў якасці ахоўніка свайго начальніка. Быццам на гэты дзень падмянілі чалавека, нават выраз твару зрабіўся расслаблены і абыякавы. А можа, абставіны так паўплывалі на яго, што цэлы дзень можна пражыць спакойна і ні пра што не думаць. Але пасля таго, як немцаў завезлі на станцыю і развіталіся, Руткоўскі адразу вярнуўся да сваіх звычайных паводзін. Пакуль ехалі, увесь час лаяў гітлераўскіх перамоўшчыкаў, перакрыўляў іхнюю манеру выказвацца, пагражаў расправіцца з усімі.

Праз тыдзень Парушыну выклікалі ў Вільню. Ён пакінуў атрад пад наглядам Бусла, якому найбольш давяраў, спадзяваўся, што вернецца хутка. Тадзік, праводзячы яго, пасмейваўся:

– Мусіць, пан паручнік атрымае ад начальства нейкую вялікую ўзнагароду за мірныя дамовы з немцамі.

– А ты як думаў? Добрыя справы не прападаюць дарма. Хаця слава звычайна марудзіць, каб усё ж аднойчы ашчаслівіць героя.

Яны ехалі на конях. Быў пачатак сакавіка, але снегу ў лесе ляжала яшчэ даволі шмат, таму не спяшаліся па бездарожжы, да ўскрайку лесу развіталіся:

– Шчыра жадаю вам удала з’ездзіць у Вільню і хутчэй вярнуцца. Мы будзем сумаваць і чакаць, – сказаў Тадзік.

– Не падлізвайся! Сумаваць ён будзе! Гэта дзеўкі няхай сумуюць, а нам няма калі! Глядзіце тут з Пухавіцкім, не спіце ў шапку! Трэба думаць і дзейнічаць, каб ворагі не ведалі спакою ні днём ні ноччу!

– Можа, усё ж і мне, як ад’ютанту, паехаць у Вільню?

– Толькі гэтага не хапала? Ты, Базан, мне тут надакучыў, і там яшчэ давядзецца няньчыцца з табою, як за малым…

Тадзіка пакрыўдзілі гэтыя словы паручніка. Хаця яму іншы раз і не так даставалася, калі трапляў пад гарачую руку, таму палічыў за лепшае не працягваць гэтую гаворку.

За кустоўем на дарозе Руткоўскага чакала брычка, прысланая Уладзіславам Бандарчыкам. Паручнік павітаўся з незнаёмым хлопцам, які кіраваў лейцамі, ускочыў у вазок, нават не азірнуўся. Тадзік пастаяў, правёў паручніка позіркам і рушыў у зваротны шлях.

Пасля ад’езду Парушыны атрад быццам заснуў. Бусел і сваіх хлопцаў не асабліва нагружаў, чакаў, калі сыйдзе снег, каб перамяшчацца па чорнай сцежцы і не пакідаць слядоў, якія лёгка могуць прывесці ворагаў да базы. Час ад часу выбіраліся толькі па харчы ў бліжэйшыя вёскі. Тадзік, каб зрабіць Руткоўскаму справаздачу пра дзеянні атрада за час ягонай адсутнасці, пачаў весці дзённік. Але былі там занатаваныя ў асноўным звесткі пра рэйды ў вёскі.