Калі Тадзік застаўся удвох з камандзірам, дык не прамінуў паказаць яму свой дзённік. Руткоўскі ўважліва пачытаў усе запісы і сказаў:
– Дзённік добры, стаўлю табе за яго выдатную адзнаку. Але раю запісы спаліць і ніякага ўліку больш не весці.
– Чаму? – здівіўся Тадзік.
– Таму што гэта пісьмовы дакумент, сведчанне пра тое, як мы жылі, што рабілі. Нам не трэба, каб хоць які-небудзь факт ачарняў нашу барацьбу. Кожны можа па-свойму зразумець твае нататкі.
– Я думаў, што наадварот трэба пакідаць пэўныя сведчанні для гісторыі.
– Калі выжывеш і адчуеш патрэбу, дык напішы пасля вайны мемуары. Галава ў цябе маладая. Памяць добрая.
– Што я напішу? Як сядзеў пры штабе ды ваксаваў боты пану Руткоўскаму?!
– На адлегласці часу ты ўбачыш галоўнае, а бытавыя дробязі адпадуць самі сабою. Яшчэ і подзвігі сабе прыпішаш розныя, каб новае пакаленне табою захаплялася і брала з цябе прыклад.
– Яшчэ чаго не хапала! – абурыўся Тадзік.
– Усё мяняецца з часам. Успомніш мае словы пасля.
– Мемуары і вы, пан паручнік, можаце напісаць.
– Ага, я толькі гэта і люблю рабіць – выдумляць розную лухту з разлікам, каб яе яшчэ пасля нехта чытаў! – засмяяўся Руткоўскі і ляпнуў па плячы падначаленага. – Зрэшты, я рады цябе бачыць! Нават і не думаў, што ты так паспеў залезці мне ў душу. Засумаваў па табе, быццам ты мне блізкі родзіч.
– Мне вас таксама вельмі не хапала. Паручнік Пухавіцкі – чалавек добры, але такі занудны. Усё нешта думае і думае, але нічога не адважваецца рабіць.
– Узводзіш паклёп на камандзіра? – рагатнуў Руткоўскі.
– Не, я кажу шчырую праўду. А самае крыўднае, што мяне нікуды не пускаў.
– Ну, пра гэта я чытаў у тваім опусе. Годзе балбатні, мне трэба адпачыць, здарожыўся надта. Прынясі з кухні вядро цёплай вады. Памыюся ды трохі пасплю.
Пакуль Тадзік вярнуўся з вадою, Руткоўскі ўжо спаў, мерна сапучы. Хлопец вырашыў не будзіць яго, а пачакаць, пакуль ён прачнецца. Мабыць, нялёгкая выпала яму дарога. Вядома ж, не на машыне яго прывезлі з Вільні, мусіць, пяшком дыбаў па бездарожжы. Тадзік нецярпліва чакаў вечара, парупіўся, каб кухары падрыхтавалі добры пачастунак, накрыў стол, пакуль паручнік галіўся, мыўся ды перапранаўся ў мундзір. І вось ён прадстаў перад Тадзікам: прыгожы, высокі з маёрскімі пагонамі.
– Што я бачу! Пан Руткоўскі атрымаў павышэнне! Віншую!
– Вучыся, сынок, бяры прыклад з мяне, – засмяяўся Парушына.
У гэты час у зямлянку ўваліўся Пухавіцкі са сваім ад’ютантам, убачылі Руткоўскага, закрычалі:
– Качаць пана маёра.
– Ціха, ціха, тут столь нізкая, разаб’еце мне лоб, – адступіў убок Руткоўскі. – Распранайцеся, сядайце да стала.
Аднак паплечнікі не сунімаліся, доўга віншавалі, выказвалі радасць.
– Годзе ўжо! Горла перасохла, сядайце за стол, – узмаліваўся новаспечаны маёр.
Толькі пасля трэцяй чаркі, добра закусіўшы, пачаў Руткоўскі аповед, якога ўсе прысутныя нецярпліва чакалі:
– Тыя нашы перамовы з немцамі мелі працяг. Праз шэфа абвера камандаванне нямецкага гарнізона ў Вільні яшчэ раз звярнулася да Вілька з прапановаю падпісаць пагадненне аб правядзенні сумесных аперацый па ачышчэнні Віленшчыны ад савецкіх партызанскіх атрадаў.
– Цікава, што ім адказалі нашы? – спытаў Бусел.
– Вільк на той час пракансультаваўся з кіраўніцтвам і адмовіўся весці перамовы з немцамі, бо гэта, на ягоную думку, было б здрадаю. "Мы пачыналі біцца з захопнікам і будзем да канца стаяць, пакуль не вызвалім родную зямлю", – сказаў ён.
– Я згодны з ягоным перакананнем, за гэта варта выпіць, – сказаў Бусел.
– Тадзік, налівай, ты ў нас віначэрпій, – падтрымаў прапанову маёр. – Хаця, сябры, скажу па шчырасці, за гэты месяц адвык я ад самапальнай гарэлкі, мне больш да густу каньяк ды лікёр. Ну, за паспяховае завяршэнне вайны, – абвясціў ён тост.
Усе выпілі. Пачалі закусваць, а Бусел спытаў:
– Што там пан маёр намякаў наконт лікёру? Хто цябе там частаваў?
– Гестапа, пан паручнік, паіла і карміла мяне цэлы месяц.
– Гэта што, так рэстаран у Вільні называецца? – недаверліва пасміхнуўся Бусел.
– Гестапа ёсць гестапа на вуліцы Ахвярнай. Якое дзіўнае супадзенне! Гэтым усё сказана…
– Не распальвай цікаўнасць, расказвай нарэшце! – не вытрымаў Пухавіцкі.
Руткоўскі правёў рукою па твары, нібы сціраючы стому, і пачаў аповед:
– Было так. Ішоў я на вакзал вясёлы і шчаслівы, што атрымаў павышэнне, нават пільнасць страціў ад радасці, у гэты самы лепшы момант майго жыцця схапілі мяне літоўскія паліцыянты і аттарабанілі ў гестапа. А там пачалі допыт, хто ды што, нават біць збіраліся, ляжала на стале ў следчага гумавая дубінка. Я не стаў утойваць, якая важная птушка трапіла да іх. Яны вельмі зацікавіліся і зноў пачалі свае размовы пра супрацоўніцтва. Хоць і трымалі ў камеры, вядомая справа, турма не першакласны гатэль, але ў канцылярыю запрашалі, частавалі шнапсам ды падсалоджвалі лікёрам, падбівалі на супрацоўніцтва, абяцаючы залатыя горы. Як цывілізаваны чалавек, я не псаваў з імі адносіны і адказваў, што датычыцца мяне, дык я гатовы біць гэтых Саветаў хоць зараз, калі толькі начальства загадае. Маўляў, самі разумееце, у нас таксама існуе вайсковая дысцыпліна. Ім мае гаворкі, як мёд на язык. Вушы развесяць і слухаюць, са мною лікёр пацягваюць. А мне іншы раз хацелася раскідаць іх і сігануць у акно. Карацей, адпачываў я там, думаў, як нам далей існаваць.