– Што было пасля? – не вытрымаў Тадзік.
– Потым усё скончылася добра. Мне далі жалезны аўсвайс, думаю, што ім можна хоць у Берлін ехаць, і сто марак на прагулянне ды выпусцілі на волю, мабыць, маюць намер яшчэ раз выкарыстаць мяне. Няхай думаюць, што хочуць, а для мяне было галоўнае: цэлым і здаровым выблытацца з гэтай непрыемнай гісторыі. Нарэшце зноў я з вамі!
– Дзіва дзіўнае! – усклікнуў Бусел. – Каб хто другі сказаў, не паверыў бы.
– Я не сказаў вам галоўную навіну. На базе майго і твайго атрада, паручнік, ствараецца брыгада, кіраўніцтва якою Вільк загадаў прыняць мне.
Па твары Пухавіцкага прабег цень здзіўлення, змешаны з нездаволенасцю, ніхто не хоча развітвацца з самастойнасцю, але ён перасіліў свае пачуцці і адказаў:
– Ёсць загад, будзем выконваць.
– У такім разе вып’ем за ўтварэнне новай брыгады, – прапанаваў маёр. – У нас яшчэ шмат спраў наперадзе. Няхай шанцуе ўсім нашам жаўнерам ва ўсялякай справе. Няхай жыве наша вялікая Радзіма, за вольнасць якой мы не пашкадуем нашых жыццяў.
Усе дружна чокнуліся кілішкамі, выпілі, стоячы, і моўчкі пачалі закусваць, нібы перажоўваючы нечаканую навіну.
46
Вясной 1944 года фронт стабілізаваўся на Прыпяці. Франц Руткоўскі разумеў, што смерч вайны раскруціўся і няўхільна рухаецца на захад. Яшчэ колькі месяцаў – і Чырвоная армія будзе ў Брэсце. Трэба было тэрмінова вырашаць лёс каштоўнасцей, якія назапасіліся за час вайны. Ён думаў пра дарагую Польшчу, дзеля яе стараўся, ведаў, што для аднаўлення краіны спатрэбяцца немалыя сродкі, але тое-сёе прыпас і для сябе, бо не хацелася ўвайсці ў мірнае жыццё голым, як бізун. Безумоўна, вельмі рызыкоўная была ягоная задума ўжо хаця б таму, што апошнім часам асабліва актывізаваліся савецкія партызаны, ды і змагары Арміі Людовай падрывалі нямецкія эшалоны. Праўда, была надзея, што на цягнікі, якія ідуць у бок Берліна, партызаны мала звяртаюць увагі, найчасцей знішчаюць тыя эшалоны, якія рухаюцца да фронта, на ўсход. Найбольшая небяспека бачылася ў тым, што немцы могуць разгадаць ягоныя намеры, тады ўжо літасці не будзе. Аднак нягледзечы на ўсе гэтыя акалічнасці, Руткоўскі вырашыў выкарыстаць магчымасці хлопцаў-чыгуначнікаў з падпольнага сабатажна-дыверсійнага фарміравання "Дружына", якое ўтварылася з ягоным удзелам. Кадры там былі дысцыплінаваныя, дзейнічалі з розумам, усе акты сабатажу, якія яны ўчынялі, найчасцей былі зроблены пад выглядам непрыемных тэхнічных выпадковасцей. Звычайна пашкоджвалі восі грузавых цягнікоў, накіроўвалі грузы не па тым адрасе, а калі рамантавалі паравозы і вагоны – абавязкова нешта псавалі. Хлопцы ноччу загрузілі два вагоны матэрыяльных каштоўнасцей, прычапілі да цягніка, які ішоў на Берлін, у пуцявым лісце было пазначана, што вагоны трэба пакінуць у Варшаве, багаж належыць Брэсцкаму гебітскамісарыяту. Груз можа атрымаць пан Руткоўскі. Усю тую ноч Франц не спаў, сам сачыў за пагрузкаю вагонаў, а потым увесь дзень пакутаваў ад жадання легчы і паспаць, не дапамагала ні кава, якую падавала сакратарка ледзь не кожную гадзіну, ні трывога за ўласны лёс. Калі зусім знямогся, папрасіў сакратарку нікога да сябе не пускаць хвілін сорак, а сам трохі падрамаў, седзячы проста за сталом, пасля чаго стала трохі лягчэй.
Увечары, як звычайна падаўся ў рэстаран "Гэта тут". Няспешна ішоў па падсохлых пасля ранішняга дажджу вуліцах, пазіраў у бясхмарнае неба, на сустрэчных людзей, якія быццам абуджаліся пасля зімы. Адчувалася, што горад жыве ў чаканні добрых перамен. Усе ведалі: немцы тут часовыя. Яшчэ здалёку заўважыў аўтаматчыкаў, якія стаялі каля ўваходу ў рэстаран і нікога не пускалі. Ён паназіраў здалёку за імі, пасля ўбачыў супрацоўнікаў гестапа, якія апячаталі дзверы. Страшная думка працяла свядомасць: уладальніца рэстарана арыштаваная, пэўна, зноў здарыўся нейкі правал. Хацеў адразу кінуцца на адну з явачных кватэр, але зраўзумеў, што не мае права рызыкаць ні сабою, ні людзьмі. У такой сітуацыі самае лепшае, затаіцца і нічым не выяўляць актыўнасці. Узнікла думка, можа, сабрацца і паціху з’ехаць у Варшаву, але калі заўважаць ягонае знікненне, дык так ці інакш пачнуць шукаць. І, напэўна, зловяць, бо ён прыкметная постаць у нямецкім атачэнні. Расхваляваны пайшоў дамоў, згатаваў сабе няхітру вячэру з тых харчоў, якія ўчора прывёз Альберт, але есці не мог, цяжкае прадчуванне ціснула на грудзі. Ён выпіў трыццаць кропель валяр’янкі і лёг у пасцель з газетаю "Бярлінскі час" у руках, але не мог засяродзіцца на тэксце. Думкі скакалі, растузвалі сэрца. Ён патушыў святло, і выпрастаўся пад коўдраю, шукаючы найбольш зручную позу для сну, аднак усё нешта замінала яму, ён доўга варочаўся з боку на бок, нарэшце стома дапамагла яму забыцца трывожнаю дрымотаю.