Выбрать главу

У гэты самы час пачуўся стук у дзверы. Руткоўскі зразумеў: па яго прыйшлі. Узнікла жаданне выскачыць у акно, але падумаў: "Яны скрозь, не збяжыш, толькі ногі паламаеш". Накінуў на плечы паласаты халат, пайшоў адчыняць дзверы. Першым убачыў знаёмага афіцэра-гэстапаўца, які нацягнута ўсміхнуўся і сказаў:

– Пан Руткоўскі, мяне прыслалі па вас.

– Што здарылася?

– Дакладна не ведаю, нешта звязанае з чыгункаю. Апранайцеся, вас чакаюць. Прабачце, але мае людзі вымушаны зрабіць тут вобыск. За маёмасць не хвалюйцеся, дзверы яны апячатаюць.

"Усё прапала, – пранеслася ў галаве Руткоўскага, – запынілі мой багаж. А мо проста чарговая дыверсія на чыгунцы? Што будзе са мной?.."

Руткоўскі хутка апрануўся, на хвіліну спыніўся, раздумваючы, што з рэчаў узяць з сабою, а потым вырашыў, што, мусіць, нічога ўжо яму там не спатрэбіцца. Разумеў, калі па шчаслівай выпадковасці выпусцяць, дык вернецца сюды, а хутчэй за ўсё яму пагражае расстрэл. Ужо хто, як не ён, выдатна ведае нямецкія законы! Яго павезлі на легкавушцы ў гестапа. З-за таго, што паводзіў ён сябе знешне спакойна, нават наручнікі не надзелі на запясці. Адразу завялі ў кабінет да следчага, прапанавалі сесці і патлумачыць гісторыю пра багаж двух вагонаў, адпраўленых ад імя гебітскамісарыята. Руткоўскі не адмаўляў, што гэта зроблена было ім знарок.

– Хто павінен быў атрымаць груз? – спытаў следчы.

– Я і больш ніхто, – адказаў Руткоўскі, – вы ж бачыце, рускія рухаюцца хутка. У мяне сабралася шмат розных каштоўных рэчаў, не аддаваць жа іх Саветам.

– Усё, што вы назапасілі, а дакладней – накралі ў Нямецкай дзяржавы, павінны былі аддаць ёй. Яна вас няблага ўтрымлівала. А вы, карыстаючыся даверам, вырашылі яе абакрасці. Сёння мы арыштавалі дзясятак польскі падпольшчыкаў. У іх аўсвайсы, падпісаныя вашай рукой. У нас ёсць падставы падазраваць вас у антыдзяржаўнай змове.

– Я не маю ніякага дачынення да падполля, – адказаў Руткоўскі. – Не выключаю, што тыя аўсвайсы падробленыя.

– Хто, мінаючы кіраўніцтва вакзала, адважыўся прычапіў два вагоны да вайсковага эшалона? Гэта нечуваная дзёрзкасць! Хто супрацоўнічае з вамі на чыгунцы? Імёны, прозвішчы, пасады! Хутка!

Франц маўчаў, апусціў вочы, глядзеў у падлогу, не ведаючы, што прыдумаць, як патлумачыць адпраўку багажа. І ў гэты момант на яго плечы апусціўся гумавы кій, потым яшчэ і яшчэ…

Франц зваліўся з табурэткі, ляжаў нерухома з заплюшчанымі вачамі і разумеў, што гэта крах. Яго не проста прынізілі, а зажыва ўтоптвалі ў магілу, адчуваючы паталагічнае задавальнне ад перамогі над ворагам. Яму лінулі ў твар шклянку халоднай вады. Ён расплюшчыў вочы, выцер твар рукавом, сеў, не падымаючы галавы.

– Устаць! – крыкнуў следчы.

Франц з цяжкасцю падняўся, адчуваючы боль у спіне.

– Я буду выбіваць паказанні, іншага шляху ў мяне няма. Даю на роздум адны суткі. Калі пажадаеце – можаце напісаць паказанні самі, наглядчык па першым патрабаванні дасць паперу. Праўдзівыя паказанні могуць аблегчыць прысуд. У процілеглым выпадку вас чакае смяротная кара.

Па Руткоўскага прыйшлі два канваіры і павялі ў камеру. Ён ішоў і адчуваў жаданне праваліцца скрозь зямлю, не існаваць, не трываць здзек, ніколі не вяртацца ў кабінет следчага, ды яскрава разумеў, што на лепшыя перамены ў жыцці пакуль разлічваць не мае ніякай магчымасці. Страшныя выпрабаванні і прыніжэнне пазначаць апошнія дні перад канцом усяго, што было ягоным мінулым. Будучыня адступіла ў цень і быццам не існавала, а цяперашнія варункі ён не мог прыняць ні душою, ні целам. Нарэшце яго завялі ў камеру-адзіночку. Дзверы з грукатам зачыніліся. Пан Руткоўскі пастаяў, паўзіраўся ў закратаванае акенца пад столлю, за якім было відаць толькі абрысы высокай агароджы з клубкамі калючага дроту па перыметру. Было яшчэ цёмна, той глухі час, калі душы асабліва чула і ўражліва перажываюць мітрэнгі лёсу. Сеў на ложак, абапёрся локцямі на калені, звесіў галаву, спытаў сам сябе: "Што мяне чакае? – і сам адказаў: – Расстрэл або шыбеніца… Але да гэтага яшчэ давядзецца вытрываць шмат пакут, прыніжэння і здзекаў. Дзеля чаго мне гэта трываць? Ці выдаць чыгуначнікаў? Загубіць усю арганізацыю? Іх будуць вадзіць на вочную стаўку, паказваць мяне, здрадніка, юду! Гэтага я хачу дачакацца?! Ах, невыносна!.. Што мяне трымае тут? Анэля, дзеці… Ці жывыя яны?.. Ці вернуцца?"