Выбрать главу

На стук азвалася жанчына:

– Чаго вам?

– Адчыніце цётка, – сказаў Сяргей, – справа ёсць.

– У вас што справа, што злева – усё аднолькава, гаспадар спіць, кажыце, што трэба?

– Дык гаспадар нам і трэба. Мужчыны яго клічуць да Панцялея Леўчука, сабраліся там, нешта вырашаюць.

– Пачакайце, зараз пабуджу.

Жаночы твар знік за шыбаю, а Сяргей задаволена сказаў:

– Здаецца, угаварылі цётку.

Сапраўды, праз колькі хвілін выйшаў мужчына гадоў сарака з гакам, спытаў:

– Што вам, хлопцы, трэба?

– Клічуць цябе, дзядзька Цімох, мужыкі да Панцялея.

– Чаго гэта раптам? – насцярожыўся гаспадар.

– Не ведаю, нейкая тэрміновая справа.

– А ты чый?

– Антолі Клімчуковай сын, – адказаў Сяргей, як бы правяраючы, ці помняць яго тут.

– Дык казалі, што ты некуды быццам прапаў…

– Было, прападаў, а цяпер знайшоўся. Годзе размовы разводзіць. І не думай, дзядзька, уцякаць, мой аўтамат спраўна працуе, – папярэдзіў Удод Цімоха, нацэльваючы на арыштаванага рулю.

Цімох спрабаваў па дарозе даведацца, дзеля чаго сабраўся гурт у Панцялея, але Сяргей коратка адказаў:

– Сам усё ўбачыш. Я птушка малая, мне арлы пра свае задумы не кажуць.

– Дык вы якія: чырвоныя, белыя ці зялёныя?

– У цемры ўсе шэрыя, – аджартаваўся Сяргей. – Ты, дзядзька, паводзіш сябе, як цікаўная баба, мянташыш языком абы-што. Лепш глядзі, каб у багну не ўваліцца.

Калі падыходзілі да хутара Панцялея, пачулі два стрэлы. Ажно прыселі ўсе ад нечаканасці, пастаялі, прыслухаліся да крокаў. Нарэшце разгледзелі постаці Варнака і Голуба, пачакалі, пакуль тыя падышлі блізка.

– Ты страляў? – спытаў яго Сяргей.

– Я, а табе што? – адказаў Варнак.

– Нічога, проста падумаў, мо зноў на партызанаў напароліся. Не ведаў, што рабіць.

– Уласа застрэліў…

– Навошта? – здзівіўся Сяргей.

– Так атрымалася. Ён кінуўся ўцякаць – я і паклаў яго навечна…

– Мо і дарма?

– Не дарма, атаман казаў, што ўсе яны на партызанаў працавалі, твайго брата выдалі. Маю сям’ю з-за гэтых камітэтчыкаў вывезлі да белых мядзведзяў.

– Ну, калі так, дык што ж…

– Хлопцы, адпусціце мяне, – падаў голас Цімох.

– Ідзі ў хату, там з табою разбяруцца, – жорстка адказаў Варнак. – Бач, які ласкавы стаў, як ягня, а сам воўк ваўком.

– Ды што я вам зрабіў?

– Партызанам дапамагаў? Дапамагаў!

– Ды ў нас з кожнага хутара ўсе кормяцца, хто са зброяй прыходзіць. Ці можа бедны чалавек супрацьстаяць гвалту? І ніхто не цікавіцца, што будзе з намі пасля такога наведвання.

– Маўчаць! Ідзі і не азірайся! – прыкрыкнуў Варнак.

Цімох абразу стрываў, пасунуўся да хаты, патупаў на ганку, быццам цягнуў час. Салавей адчыніў дзверы і падштурхнуў яго плячом, каб хутчэй заходзіў у сенцы.

48

На Цімоха ад страху напала здранцвенне, ледзьве ногі перастаўляўючы ўвайшоў у хату, убачыў там яшчэ аднаго хутаранца Нупрэя Беразняка. Следам за імі пераступіў парог Сяргей, прасунулі галовы ў праём дзвярэй Варнак, Салавей і Голуб.

– Вось, атаман, я прывёў яго, – сказаў Сяргей.

– Добра, зараз будзем разбірацца. А дзе Улас? – спытаў Ціт.

– Застрэлі я яго пры спробе ўцячы, – абыякава азваўся Варнак.

– На смерць забіў ці толькі параніў і адпусціў?

– На смерць, я праверыў.

– Дзе пакінуў?

– Ды тут, зусім блізка, каля хутара ляжыць.

– Ну, няхай адпачне пасля цяжкай працы на чырвоных.

– Ці тых прывялі? – звярнуўся Ціт да Панцялея.

Той у адказ пацвердзіў кіўком галавы, што гэта менавіта тыя людзі.

– Што ж, справа зроблена, вядзіце, хлопцы, гэтых здраднікаў на двор, каб не паскудзілі чалавеку хату, – загадаў Ціт.

Страшная здагадка адкрылася Сяргею. Яны ішлі распраўляцца з Панцялеем, а той адвёў ад сябе бяду, назваў імёны трох суседніх хутаранцаў, адзін ужо забіты, астатніх тое ж самае чакае. А яму, даносчыку, нічога не пагражае, выйшаў сухі з вады. Вось табе і добрыя суседзі! Мо і чарку калі бралі на свята разам, і ў працы пасаблялі адзін аднаму, а калі пагроза смерці навісла, дык усе ворагамі сталі.

Цімоха і Нупрэя паставілі ля плота, Ціт і Салавей спыніліся насупраць, астатнія казакі назіралі збоку.

– Імем Самастойнай Украінскай дзяржавы і яе вялікага народа прыгаворваю здраднікаў да пакарання смерцю, – сказаў Камар і першы стрэліў у Цімоха з пісталета тры разы, Салавей разрадзіў вінтоўку ў Нупрэя.

Расстраляныя моўчкі пападалі. У цемры не было відно крыві, не чуліся стогны.

– Справа зроблена, – задаволена сказаў Ціт.