На імгненне жаласць да забітых людзей варухнулася ў сэрцы Сяргея, адчуў віну, бо сам прывёў Цімоха, але адагнаў гэтыя пачуцці, як сведчанне ягонай слабасці, і злосна падумаў: "Мо гэта яны данеслі партызанам на майго брата, а я буду іх шкадаваць?! Асінавы кол ім – у магілу! Кожны атрымлівае тое, што заслужыў! А калі яны ні ў чым не вінаватыя? Дык тады, выходзіць, што мы забойцы… Не, не трэба так думаць… Можна звар’яцець ад гэтага ўсяго, што на душу навальваецца… Усё ж нешта тут не тое… Так можна на ўсялякага чалавека нагаварыць, а яго заб’юць без ніякіх разбораў. Нельга так…"
– Куды далей, Камар, пойдзем? – спытаў Варнак.
– Камары не ходзяць, а лётаюць, – засмяяўся Ціт, скідваючы з сябе напружанне. – Дык паляцім мы з вамі, сокалы мае ясныя, яшчэ да аднаго хутаранца, якога завуць Сцяпанам. Часу ў нас дастаткова, уся ноч наперадзе. За мной!
Казакі рушылі за атаманам, а той было зацягнуў песню "Распрагайце, хлопцы, коней", ды знячэўку спатыкнуўся і ледзь не паляцеў потырч, брудна вылаяўся, падбіў корань лазовага карча нагою і моўчкі пайшоў далей. Хлопцы паспяшалі за ім. Толькі цыгаркі пабліскавалі ў цемры, як воўчыя вочы. Было відно, што Камар добра ведаў шлях, куды вёў за сабой хаўруснікаў, бо ў хуткім часе ў святле поўні, якая вынырнула з-за хмар, убачылі цёмныя абрысы хаты і невялікага саду.
– Вось мы і дасталіся, тут трэба нарэшце павячэраць, – сказаў Камар, стукаючы ў акно і грозна патрабуючы, – адчыняйце!
Дзверы ў сенцы адчыніліся. Атаман загадаў:
– Удод, Варнак, Салавей, заходзьце першыя, паглядзіце, што там робіцца.
Сяргей пачакаў, пакуль гаспадыня запаліла лямпу, агледзеў убогае жытло: хата на адзін пакой, печ, стол, лавы ды запечак, на якім спаў гаспадар. Дзеці і старая баба, якая адразу прачнулася і забожкала, былі на печы.
– Разбудзі гаспадара, – загадаў Сяргей перапалоханай маладзіцы.
– Сцяпанка, прачынайся. Да нас прыйшлі… – сказала яна, тузаючы мужа за плячо.
Той расплюшчыў вочы, няўцямна паглядзе на някліканых гасцей, сеў у сподняй белай сарочцы і такіх жа нагавіцах, нарэшце, здаецца, зусім прачнуўся і сказаў:
– Здаровыя будзьце, хлопцы. Чаго да мяне прыблудзілі?
– Дай нам чаго паесці, – сказаў Сяргей.
– А гэта, калі ласка… Маня, збяры хуценька на стол.
Сяргей выйшаў на двор, сказаў Ціту:
– Сям’я дома, спалі, зараз рыхтуюць вячэру.
– Выдатна, дакурваем, хлопцы, цыгаркі і пойдзем, ежа чакае.
Калі Сяргей вярнуўся ў хату, дык убачыў на стале вялікую міску з бульбаю, якая засталася ад вечары, але яшчэ не паспела астыць у печы. Стаялі талеркі з квашанай капустай, гуркамі, нарэзаным салам і кавалкамі кумпяка. Ляжаў непачаты бохан хлеба. Красавалася літровая пляшка самагонкі, побач туліліся тры стограмоўкі.
– Было б каму есці, а ежа ў сялянскай хаце заўсёды знойдзецца, – задаволена пацёр рукі Камар і сеў на чырвоным куце пад іконамі, следам за ім хутка расселіся за сталом казакі і пачалі сквапна есці, так што гаспадыні давялося яшчэ тройчы напаўняць талеркі ды кроіць хлеб.
– Гарэлкі мо яшчэ знойдзеце? – спытаў Камар.
– Дальбог, Ціт, больш няма. Скажы, калі прыйдзеце яшчэ, дык я да таго часу зараблю і выганю. Дзякаваць богу, немцы за гэтую справу не караюць, але асабліва не разгонішся, шмат зерня забіраюць на падаткі, – сказаў гаспадар.
– Ведаю я цябе, партызанам усё аддаеш.
– Мы, сяляне, як тыя самадайкі, хто ні папросіць, усім вымушаны даваць, каб толькі выжыць, бо вунь жа дзетак поўная печ, – горка ўсміхнуўся Сцяпан. – З гэтаю вайною няма ніякага ладу. Дзень пражыў, і дзякаваць Богу, што не прыйшлі па тваю душу…
– Цяпер, Сцяпане, усе так жывуць. Думаеш, мы ведаем, што нас заўтра чакае? Але мы пра гэта не асабліва задумваемся, красуем на злосць ворагам і ўсё тут. Паглядзі, якія арлы са мною! – з гонарам сказаў Ціт.
– Хлопцы файныя, – адказаў гаспадар.
Гаспадыня моўчкі стаяла ля печы і насцярожана пазірала з-пад насупленых броваў на прыхадняў, чакала, калі яны нарэшце нажаруцца і пакінуць сям’ю ў спакоі. У чарговы раз талеркі апусцелі, яна паслужніва спытала:
– Мо яшчэ прынесці чаго?
– Досыць, дзякуем, сытыя, – адказаў Камар. – Добрая ў цябе, гаспадыня, капуста ўдалася, а гуркі – не надта.
– Дык ужо ж вясна, колькі яны могуць кіснуць?
– Вядома, вясна-красна… Апранайся, Сцяпан, пакажаш нам дарогу яшчэ на адзін хутар, бо мы туды без правадніка не дойдзем.
Гаспадар усцягнуў на сябе чорныя нагавіцы, на плечы ўскінуў світу, якая вісела пры парозе, на галаву надзеў шапку-васьміклінку з гузікам наверсе, акінуў позіркам хату, паглядам развітаўся з жонкаю.
– Блаславі вас Гасподзь, вы ж майго доўга не затрымлівайце, калі ласка, – папрасіла гаспадыня.