Выбрать главу

– Чаго ўсміхаешся?

– Маму згадаў, мо пабачу яе?

– Ты пабачыш… А ў мяне ўжо нікога не засталося… Сніўся мне брат, якраз у сакавіку, быццам мы зноў з ім яшчэ падлеткі, ходзім па нашай сядзібе, некага шукаем, а ніяк не можам знайсці. З тым і прачнуўся я. Аказваецца, брат ужо тады быў на тым свеце, шукаў бацькоў. А іх завезлі невядома куды, што нават на тым свеце душы з душамі ніяк не сустрэнуцца.

– Дзіўна, а мне тата ні разу не сніўся. Яго ж таксама вывезлі.

– Мо выжыў, таму і не турбуе.

– Каб ён вярнуўся, якая мама шчаслівая была б, яна вельмі сумуе без яго!

– Мо і вернецца. Хто ведае, што нас усіх чакае, толькі я буду біць немцаў і чырвоных без жалю да скону. Яны разбурылі наш лад жыцця, знішчылі маю сям’ю, забралі ўсё самае лепшае, што я меў.

– Заваёўнікі ніколі нікому шчасця не прыносілі, хіба толькі здраднікам…

– А ты мудры, хлопчык, як стары дзед.

– Як казаў мой тата, бяда намучыць і навучыць…

– Мяне бяда не вучыць, а робіць жорсткім і помслівым. Здаецца паўсвету знішчыў бы за брата, а вось едзем па Брэсце, гляджу на немцаў і мушу трываць, сціскаць сківіцы, хоць, здаецца, грыз бы іх зубамі!

Яны сапраўды ўехалі ў горад, дзе было шмат разбураных будынкаў, якія так і стаялі з самага пачатку вайны, але тут сустракаліся ўтульны вулачкі, абсаджаныя ліпамі, некранутыя разрухаю, пад якімі хацелася спыніцца і адпачыць.

– Давай павячэраем у рэстаране "Гэта тут". Там працуюць такія мілыя нашы суайчынніцы, – прапанавў Каэтан і завярнуў у знаёмую вулачку. – Мы тут з братам любілі пасядзець.

Вокны рэстарана былі разбітыя. Установа не працавала.

– Здаецца нашых мілых паненак таксама згнаілі ў турме, – змрочна сказаў Каэтан. – Прэч з гэтага горада, дзе нас напаткалі чорныя навіны!

Націснуў з усяе сілы педаль газу і машына нястрымана рванулася ўперад.

51

Акупанты, па ўсім было відаць, спешна пакавалі рэчы, надта ж былі занятыя ўласнымі справамі, што на машыну, у якой ехалі два цывільныя чалавекі, не звярталі ўвагі. Каэтан Руткоўскі з Тадзікам без перашкод прыехалі на хутар каля Беластока. Стаяў ён сярод палеткаў, добра дагледжаных і прыгожых, што цягнуліся рознакаляровымі палоскамі: жоўтымі жытнёвымі, белымі ад кветак гречкі, зялёнымі бульбянымі ды сінімі льнянымі…

– Тут жыве наша сувязная пані Ванда Бранзоўская, – патлумачыў маёр. – Думаю, што ў яе можна будзе спыніцца на кароткі час, пакуль з’явіцца сувязны ад Пухавіцкага.

Яны толькі выйшлі з машыны, пастаялі, размінаючы ногі, стомленыя ад доўгай нерухомасці, як гаспадыня з’явілася сама, спытала даволі прыязна:

– Хто ж гэта да нас завітаў? – і радасна ўсміхнулася, пазнаючы Руткоўскага.

– Пан Каэтан! Добры дзень, даўно не бачыліся.

Руткоўскі галантна пацалаваў жанчыне руку. А Тадзік зачаравана глядзеў на гаспадыню. Гэта была Ванда Палубінская, тая самая дзяўчына з іхняй вёскі, якая вучылася ў гімназіі, сям’ю якой вывезлі Саветы.

– Пазнаёмся, пані Ванда, гэта мой ад’ютант Базан, – сказаў маёр і павярнуўся да Тадзіка.

– Вельмі прыемна, Ванда, – працягнула яна руку, Тадзік тыцнуўся ў яе вуснамі і ўтаропіўся ў жанчыну. – Вельмі знаёмае аблічча, дзе я магла вас бачыць? – спытала яна.

– У Лазняках.

– Вы зямляк з Лазнякоў? – здзіўлена спытала яна. – Чый?

– Сапранецкіх.

– Успомніла! Тадзік! Да вайны вы былі зусім хлапчуком!

– За вайну вырас. А вы як тут апынуліся? Да вайны я ведаў паненку пад прозвішчам Палубінская. Вашу сям’ю вывезлі, як вам удалося вярнуцца?

– Якраз напярэдадні я паехала да сяброўкі ў Варшаву, нкусаўцы мяне не засталі дома. У Лазнякі я ўжо не вярнулася, бо хутка выйшла замуж за сяброўчынага брата. І стала Бранзоўскай. Гэты хутар належаў мужавай бабулі. Калі яна памерла, мы пераехалі сюды.

– Дзе муж цяпер? – спытаў Руткоўскі.

– Тэрмінова выклікалі ў Варшаву, нешта там наспявае, – адказала яна. – А мне, калі сказаць шчыра, было страшнавата адной. Ваша з’яўленне для мяне – як выратаванне. Што ж мы тут стаім? Заходзьце ў хату.

– Скажы, пані Ванда, немцы да цябе не зазіраюць?