– Хутар наш сярод палёў, далёка ад лесу, таму мяне без дайпрычыны ніхто не турбуе. Падаткі стараемся здаваць своечасова, каб не гнявіць солтыса. Але машыну трэба загнаць у двор і накрыць, каб не прыцягвала ўвагу цікаўных вачэй.
– Зразумеў, – адказаў Каэтан і пайшоў да машыны.
– Заходзь, Тадзік, не саромейся, нейкі ты зацяты.
Хлопец сапраўды адчуваў сябе ніякавата. Ванда, якая яму так падабалася некалі, была побач, ды, на жаль, ужо замужняя, але ўсё такая ж прыгожая, светлавалосая, сінявокая, з прыгожымі вуснамі, на якія немагчыма нагледзецца. Увайшлі ў дом, чыста прыбраны, дзе кожная рэч ляжала на сваім месцы. У вялікім пакоі на пульхным дыване, разасланым на падлозе, сядзеў хлопчык гадоў двух-трох і бавіўся з самаробнымі драўлянымі цацкамі.
– А гэта мой сыночак. Алік, у нас госці, – сказала Ванда.
Хлопчык павярнуў галоўку, зацікаўлена зірнуў на Тадзіка і сказаў:
– Добры дзень.
Тадзік адказаў на прывітанне, прысеў каля дзіцяці, агледзеў ягоныя цацкі: двух чалавечкаў, якія рухалі ручкамі ўверх і ўніз, быццам пілавалі бервяно, тут жа былі раскіданыя драўляныя кубікі і шарыкі, і спытаў:
– Хто табе зрабіў такія прыгожыя цацкі?
– Тата.
– Малайчына твой тата, і ты вельмі прыгожы і разумны, – адказаў Тадзік і прыгладзіў тонкія белыя валасы дзіцяці.
Міжволі мільганула думка: "Ці пабачу я калі сваіх дзяцей? Якія яны будуць? – але ён адагнаў яе. – Жыццё само вырашае, што каму мець. Мусіць, Ванда шмат каму падабалася ў Лазняках, не аднаму мне – прыгожая, стройная, разумная, а дасталася выпадковаму хлопцу з Варшавы. Што цяпер зробіш? Трэба жыць, прымаць усё, што пасылае лёс, любавацца гэтым хараством, не дапускаць ніякіх грэшных думак, трываць, пакутаваць і дзякаваць лёсу за тое, што надарылася сустрэча, а маглі размінуцца назаўсёды".
У пакой увайшоў Каэтан, усклікнуў:
– О, дык тут і жаўнер падрастае! Як завуць?
– Алік, – адказаў малы і павітаўся з новым госцем.
– Ну, Ванда, я быццам у рай трапіў, а ты, як мадонна з дзіцем, – сказаў маёр.
– Сядайце да стала, зараз збяру якую вячэру.
– Бадай, спярша памыцца з дарогі не шкодзіла б…
– Добра, толькі затрымайцеся на хвіліну, – папрасіла Ванда. – Зараз я вам дам посцілкі, накрыеце машыну.
Яна выйшла ў другі пакой, тым часам Тадзік паспеў разгледзець фотаздымкі на сценах: красаваліся ў рамках людзі ў цывільным і вайскоўцы, мусіць, род быў даволі разгалінаваны. Праз колькі хвілін Ванда вярнулася з посцілкамі і шнурам, прапанавала:
– Акрыеце і абвяжаце, каб ветрам не паздзімала.
– Якая ж ты разумніца, – захоплена сказаў Каэтан, па ўсім было відаць, што Ванда яму таксама вельмі падабалася.
Маёр з ад’ютантам выйшлі на двор, ухуталі машыну посцілкамі.
– Стаіць, як баба вясковая, – усміхнуўся, аглядаючы машыну, задаволены працаю Руткоўскі.
Тадзік прымасціўся на лаўку, што стаяла на ўкапаных у зямлю слупках каля ганку. Побач сеў маёр, дастаў з кішэні кісет і згорнутую газету, адарваў шматок паперы, згарнуў самакрутку, прыкурыў запальнічкаю, смачна зацягнуўся.
– Пан маёр, дайце і мне закурыць ці што?
– А ты хіба курыш?
– Не, але ваш прыклад заразлівы.
– Бяры ў людзей лепшае, а не горшае. Курыва – дрэнная звычка. Яна вайскоўцу лішняя, забірае час, прымушае пакутаваць, калі няма тытуню. Адно слова – залежнасць. А гэтага трэба пазбягаць.
– Ды чаму б вам не вырвацца з гэтай залежнасці?
– Ведаеш, гэта прыемная залежнасць. Яна ж не толькі час забірае, але роздых дае.
– Вас, пан маёр, не зразумееш, самі сабе супярэчыце.
– Гэта таму, Базан, што ўсялякі медаль мае два бакі. Ва ўсім добрым ёсць нешта дрэннае, ва ўсім дрэнным – нешта добрае.
– Не згодны я. Для мяне дрэннае – гэта дрэннае, як яго ні прыхарошвай.
– Ты таксама маеш рацыю, таму што ў табе гаворыць юначы максімалізм, – пагадзіўся Руткоўскі. – Па-сапраўднаму, што чаго вартае, магчыма, здолеем даведацца мо толькі ў глыбокай старасці, калі ўсе жарсці ўлягуцца і можна будзе цвяроза паглядзець на свет. Аднак нам з табою наўрад ці давядзецца дажыць нават да сталых гадоў. Занадта шмат паляўнічых на нас палюе. Бачыш, лясное жыццё наводзіць нас на філасофскія думкі.
Руткоўскі патушыў самакрутку, выцер вусны, прыгладзіў кароткія вусы, памаўчаў, гледзячы перад сабою. У гэты час выйшла на ганак Ванда, вынесла вялізны чыгун гарачай вады. Тадзік дзіву даўся. Як яна падняла такі цяжар.
– Вось, госці дарагія, вада з печы. Нясіце яе ў лазню, там памыецеся. Калі хочаце, можаце і каменне нагрэць ды папарыцца. Там усё ёсць: дровы, вада ў бочцы, венікі. Зараз вынесу чыстую бялізну, а вашу памыю. Тым часам прыгатую вячэру, так што адразу –прашу за стол.