Выбрать главу

— Iван, як пераправiцца цераз раку?

Іван спадылба глянуў на афіцэра, павагаўся, а потым цалкам натуральна адказаў:

— Яно можна.

— Ты не думай, — заспяшаўся Гораў. — Я загадваю, я сам з табою і паеду…

— Вядома, загад, барын, іначай нельга, — сурова сказаў Іван. — Можна б і ў начальніка кардона спытаць, але ён, відаць, заснуў.

I прыбавіў:

— Мы човен схавалі.

— Човен? Як асмеліліся? А загад?

— А адкуль у нас рыба ў юшцы? — амаль груба спытаў салдат. — Што ж нам, на кашы сядзець? Калі самі сабе не дапаможам…

— Добра, добра, — сказаў Гораў і пасуровеў. — Што ж, Іван, са мной паедзеш?

— Цяжка ўтраіх, — уздыхнуў Іван, — але паспрабаваць трэба.

— Едзем.

— Ну-к, што ж, — Іван памаўчаў, потым падаў голас ў цемру. — Сідар, га Сідар, галчанятак вазьмі…

Гораў ужо цёпаў прэч ад яго па глыбокай гразі. Спыніўся пад акном бакоўкі, пашкроб у яго пальцам. I амаль адразу ўбачыў за каламутнымі шкельцамі яе твар з пашыранымі вачыма. Гораў прыклаў палец да губ, і яна здагадалася, бязгучна расчыніла акенца,

— Збірайцеся, — шэптам сказаў ён, — і дзьмухніце на свячу: хай думаюць, што вы спіцё.

Бакоўка адразу агарнулася цемрай. Белы цень твару наблізіўся да вачэй Горава.

— Дапамажыце мне.

У цемры дзве цёплыя рукі абвілі шыю Горава. Падтрымліваючы яе за стан, ён павольна пацягнуў яе на сябе — акенца было вельмі вузкім. Перагнуўшыся назад, ён адчуў, як на яго ключыцы ляглі цвёрдыя жаночыя грудзі. У наступную хвіліну яна стаяла поруч з ім.

— Дайце мне руку, — шэптам сказаў ён, — хадзем.

Маленькія цёплыя пальцы праціснуліся ў яго далонь. Гораў, спяшаючыся, павёў яе да берага, спачатку амаль на дыбачках, потым бягом…

- Іван, дзе ты? — шапнуў ён, нахіліўшыся з адхону.

— Тут, — прагучаў у адказ сiпаты голас.

Салдат стаяў на невялічкай убітай сцежцы.

— Хутчэй, — сказаў ён, і яны ўсе пабеглі берагам да высокіх зарасцяў лазы.

…Гораў трапіў нагою па калена ў ваду, балюча накалоў руку на сухую і вострую, як косць, лазіну ў гушчары. Іван узяў жанчыну з рук Горава і, занадта гучна шабоўтаючы нагамі па вадзе, панёс яе некуды ў нетры прыдоннай лазы.

— Ёсць, — сказаў ён, вярнуўшыся, — дайце руку.

I пацягнуў Горава кудысьцi ў цемру.

Выцяўшыся каленам аб борт чаўна, Гораў пераваліўся ў хісткую пасудзіну.

— Чакайце, — буркнуў Іван, — толькі сцябла схаваю.

— Якое сцябла?

— Ну, тутэйшае слова, латок, на які нерат укладваюць… Хлопцы, як згубім, не пахваляць.

Ён яшчэ з хвіліну шапацеў у лазе, як вялізны бабёр, потым сунуў у руку Горава вясло.

— А другое?

— Гэта вам не катанне на Яўзе… Тут адным абыходзяцца. Вяслуйце ля самага борта, а потым злёгку падайце канец убок і ўгору.

— Дайце я, — сказала жанчына, — ён не ўмее.

— Сілы пашкадуй, дзіцятка, — грубым голасам сказаў Іван. — Да конскіх могілак дзве вярсты… у цемры.

Конскімі могілкамі называлася месца, ля якога стаяла гаўптвахта.

Іван моцным штуршком выкінуў човен з лазы. I адразу — спачатку слаба, потым мацней — пасудзіну пачало гайдаць, а потым кідаць па хвалях.

— Чорт, — сказаў салдат, — наўкос бяры, не стаў бокам да хвалі.

— Нічога не бачу.

Бледная бязгучная маланка якраз у гэту хвiлну залiла няпэўным дрыготкiм святлом абшар Дняпра, пасiвелага ад ярасцi, iмклiвыя грабянцы валоў, далёкi чорны бераг. Вёслы Горава i Iвана ўдарылi па вадзе, ружовай ад святла блiскавiцы. I адразу гэтая вада стала чарнiльнай, а на людзей цяжка навалiўся змрок. Потым, быццам жадаючы дапамагчы, неба раз-пораз пачало раздзiрацца ўспышкамi святла. Гораў бачыў твар жанчыны, якая з прагай, з чаканнем, зусiм без усведамлення небяспекi, толькi з лiкуючым iмкненнем наперад, да волi, глядзела на другi бераг, якi амаль не наблiжаўся.

Шкарлупінку кідала ў правалы паміж хваль, вецер адкідваў цёмны шаль на жанчыне, як вялізныя імпэтныя крылы.

Кожныя пяць хвілін даводзілася выліваць ваду; усе прамоклі да пояса. Човен скакаў па хвалях, і пырскі пены ляцелі ў вочы людзей: за бортам раз'юшана пляваўся Дняпро.

Гораву здавалася, што гэта цягнецца вечнасць, што цямноццю і страшным ударам у борт душагубкі ніколі не будзе канца. Човен, пэўна, адносіла.

I ўсё ж наступіў момант, калі хвалі ўтаймаваліся, шкарлупінка плаўна загайдалася ў зацішку, за высокай касой процілеглага берага.

— Ну, барын, — уздыхнуў Іван, — думаў, патопнем.

— Мы не маглі патануць, — упэўнена сказала яна, — як жа нам патануць, калі мы неслі жыццё.

Асклізваючыся на чырвонай гліне абрыву, яны ўзвялі жанчыну на роўнае месца.

- Ідзіце, — сказаў Іван, — туды… Мы не можам праводзіць вас.

Жанчына стаяла моўчкі, потым нечакана схілілася і прынікла губамі да рукі Івана.

— Што вы, што вы, — спуджана мармытаў той, выдзіраючы шорсткую, як капыт, руку з яе пальцаў.

— Дзякуй вам, дзякуй, — задыхаючыся казала яна, — дзякуй за добрыя рукі, за сэрца.

— Ат, — Іван махнуў рукою і занадта паспешліва пачаў спускацца з абрыву,

- Ідзіце, — сказаў Гораў жанчыне, — хутка пачне днець.

I раптам адчуў у цемры, як жанчына прыцiснулася шчакой да яго грудзей, прыўзняла твар i дакранулася губамi да яго шчакi.

— Дарагі, родны мой друг.

- Ідзіце, ідзіце, — сказаў Гораў, адчуваючы, як вільгаць просіцца на вочы.

— Я іду. Я іду, — паспешліва сказала яна.

I цень жанчыны растаў у змроку…

…Гораў спусціўся ўніз і знайшоў пад адхонам Івана. Нашчыкаўшы са стажка сухога сена, той наклаў на яго ссохлых леташніх галін лазы, прыплаўленых у повень Дняпром, і паспеў раскласці ў лагчынцы невялічкае, але зыркае вогнішча.

— Сушыцеся, — сказаў ён, — потым самі будзеце веславаць. Я пераплыву… Не трэба, каб нас бачылі разам, ваша высакароддзе.

Яны моўчкі сушылі вопратку каля агню. А потым, калі размялі рукамі сухую, пакарабачаную тканіну, заўважылі, што над Дняпром пачынае шарэць.

У гэтым жаўтавата-шэрым брудным святле вялікая рака сціхла, быццам застыдаўшыся таго, што нарабіла ў мінулую ноч. Усё яшчэ было ветрана, але нізавы вецер даў месца верхавому, і той, як добры дзядзька, сагнаў хвалю, разгладзіў сваім подыхам пахмурную паверхню ракі. Яшчэ падалі кроплі дажджу, але відаць было, што дзень хутка заўсміхаецца ўсімі сваімі прамытымі і цёплымі фарбамі. Ды і дождж крапаў такі рэдкі, што незразумела было: ці то падалі скупыя кроплі, ці небывала дружна хадзіла «жорам» верхаводка.

Іван скруціў вопратку ў вузел і, трымаючы яе ва ўзнятай руцэ, сказаў:

— Дык я паплыву, ваша высакароддзе… Прыйду потым на кардон паплавамі.

I сказаў, быццам даравання прасіў, быццам не афіцэр падбіў яго на процізаконны ўчынак:

— Вайна вайною, а баб шкада… Вельмi баб шкада.

…Калі Гораў, не зусім спрытна валодаючы вяслом, пераадолеў Дняпро і паплыў ля нізкага берага, дзень вось-вось павінен быў перамагчы світанне. Раскашавала мокрая лаза, цяжкія някошаныя травы на берагах дымелі, з улоння Дняпра плыла сытая пара, як ад вядра з сырадоем.

"Божа, — падумаў Гораў, - нават рэкі цякуць малаком. I на гэткай благадатнай зямлі паміраць? I такою светлаю раніцай чакаць смерці? Ну не, няхай хоць на дзве гадзіны скароціць такое чаканне — і тое выдатна. I я не шкадую".

За павароткаю ракі адкрыўся, зусім непадалёку, кардон. На паромным прычале стаяў, успёршыся на балясы, млявы Пора-Леановіч з сігаркаю ў зубах. Паплёўваў у ваду. Іранічным позіркам глядзеў на човен, які набліжаўся, выплываў з імглы.

Гораў прывязаў човен у лазе, выбраўся з яе на сухі бераг і пайшоў паўз прычал. Леановіч глядзеў на зграбную постаць маладога чалавека нейкімі дзіўнымі, саркастычна-пагардлівымі вачыма. I гэтыя вочы прымусілі Горава зрабіць выгляд, што нічога не было, што яны толькі што развіталіся.

— Баюся, што вы дарэмна пайшлі на парушэнне прысягі, капітан Гораў.

Юрый спыніўся. Вочы яго спакойна сустрэлі позірк вачэй Леановіча.

— Тут не прысяга. Вайсковы загад не можа датычыцца жанчыны, якая вязе літасць цара свайму мужу. І той не афіцэр, хто не дапаможа жанчыне ў такіх абставінах.