Выбрать главу

Лебедзь чорная

ЛЕБЕДЗЬ ЧОРНАЯ

Расьцілалася Прадвячорная імгла. Паміж парасьцяў Лебедзь чорная плыла, Лебедзь чорная Зь перасечаным крылом... Засмучоная Мая дзеўчына суздром, Каля сажалкі Поруч стоячы са мной, Мне заўважыла Нейк надоечы: — Друг мой! Лебедзь чорная — Гэта-ж нашае жыцьцё. Ў ноч бяззорную Мы — апаўшае лісьцё. Адарваныя Ад Палесься мы зусім, Наш каханы край Песьцім песьнямі і сьнім. Сны зьнібелыя... З вогкай цемрадзі,                              праз муць, Ці ня белыя Гусі-лебедзі плывуць? З ласкай сонечнай, З добрай весткаю, бадай, На староначку, На Палескую —                         ў наш край. Слоўца ветлае Зь белай гусяю                         пашлём. Маем сьветлае: Беларусяю                  жывём.
........................
Ў сіняй далечы Прадвячорная імгла... Паміраючы Лебедзь чорная лягла Ў твань зялёную Пад расквечаньм кустом, Лебедзь чорная Зь перасечаным крылом.
1944

МАIМ БРАТОМ

Як з дрэва цьвет, злавесны лёс Вас разагнаў віхром па сьвеце I кожны ў сьвет свой крыж панёс, Радзіму маючы наўвеце.
Мае выгнаныя браты Аж за хрыбтамі Гімалаю! Я вам пішу свае лісты Бяз маркі — марай дасылаю.
Спляліся нэрвамі радкі, Пяюць аб страшна перажытым: Усюды чорныя грудкі — Агонь прайшоў, як град над жытам.
Вядзе нядоля шлях віты, Бяздомных гоніць па чужыне. I я і ўсе мае браты Жывём на лепшым успаміне.
Як мы, ступiўшы за парог, Сямейны гоман чулі ў хаце, Як на Вялікадні пірог Між нас, дзяцей, дзяліла Маці.
А сёньня думкі паплылі З журбой балючай, нявыгойнай. Мы — ва вандроўным караблі, Ня маем прыстані спакойнай.
Мы ўсе пазналі жах і сум. Рыпіць жыцьцё ў жабрачым стане. Сьціхае ўсё: ў пяскох самум I буры-штормы ў акіяне,
I ў белых тундрах маразы, I ў горах громы землятруса. А шум бярозы і лазы Ня моўкне ў сэрцы Беларуса.
Штогод расьце, гучыць мацней, — Шлях да Радзімы пракладае... Сьмяяцца й плакаць, як даўней, Душа трывожная жадае.
1945

МАТЧЫНА СЬЛЯЗА

Бедавала маці, Па сваім дзіцяці Плакала яна.
Сына ўзялі з дому, Пела маладому Чорная вясна.
Да чужога поля Выгнала нядоля I яго няма.
А ці тыя сьлёзы Зьніклі на дарозе, Высахлі дарма?
Як жывое цела Сонца іх сагрэла, Падняло зь зямлі.
Лёгкай вейкай пары Закружылі хмары, Ў вечнасьць паплылі.
I шукаюць сына Ўсюды бязупынна, I жальба лягла
На сьнягі, ільдзіны, На расу даліны, Дзе туман-імгла.
У далёкім краю Я ў тузе згараю, Мрою пра цябе.
Маці, не расталі Тваіх сьлёз крышталі! Бліскавіца б'е...
Пад цяжкія ўдары Расьсякае хмары Вогнены зігзаг.
Голас твой імчыцца Гневам навальніцы I твая сьляза
Ў ясным зіхаценьні, Як багаславеньне, Як цудоўны дар,
Кропляй дажджавою Палкай і сьвятою Ўпала мне на твар.

ЛЯТУЦЕНЬНЯМІ ЛУНАЮ

Лятуценьнямі лунаю Я над Беларусяй.
З даўных дзён, мой родны Краю, Смагнучы імкнуся Дакрануцца да крыніцы Вобразаў і гукаў, Дый напіцца і пазбыцца Танталавых мукаў.
Дні, як дэмана пракляцьце, Сьмерці марш ігралі. Зрабавалі ўсё багацьце — Ліры не забралі. Я мацней яе трымаю I нідзе ня кіну.
Лятуценьнямі лунаю Праз маю Краіну.

КРУШЫНА

Расла крушына на Палесьсі. Зьвінеў і цьвіў хмызьняк густы! Азёрны шум блакітнай плесі Прыносіў вецер праз кусты. I войстры пах травы і цьвілі, I воўчых ягад горкі сок Паветра вогкае паілі, Бы ў навальніцу дождж пясок. Прырода шчодрая на ласку Вітала птушняй песьняй бор, Які складаў лясную казку I разьвінаў жыцьця прастор. Дый раптам сьціхла ўсё жывое. Прыйшоў нядобры чалавек, Ён залатыя спляжыў хвоі, Дубы карэньністыя сьсек. Ён вырваў дзікую крушыну Зь лясной глушы і ў сад прынёс. Няхай расьце там каля тыну, Яе інакшай зробіць лёс. Ажно дарэмныя надзеі! На дзікі куст не пазірай! Зямля чужая не сагрэе Таго, хто любіць родны край. Крушыне лес далёкі сьніцца, Нядоляй нудзіцца сваёй. I сьпеюць воўчыя чарніцы Яшчэ гарчэйшыя на ёй.
4.2.45

ЗАЛОМ

Шчасьлівыя спатканьні З табой пад вязам ветлівым, I частыя блуканьні На полі жоўтацьветлівым.
I белыя рамонкі, I васількі блакітныя, I нашыя гамонкі — Дагэтуль незабытныя.
Убачыць давялося У жыце жмут завязаны Зялёнага калосься, У якім закляцьце сказана.
Я засьцярог: — Заломы Ня руш, мая каханая! У вузялку саломы — Бяда зачараваная.
Але-ж прайшла навала, I сіла чараў згінула. Ты каласы сарвала, Мне ў твар задорна кінула.
«Ня веру казкам гэтым!» — Сказала ты з усьмешкаю, I ў ростані з паэтам Пайшла самотнай сьцежкаю.