Выбрать главу
Было, здаецца, ціха... А ня мінула й месяца — Ідзе з вайною ліха, Ў крыві падзеі месяцца.
На горад і на вёску Цяжкое гора падае. I дзень, як сьвечка з воску, Гарыць і нас ня радуе.
Спакою мы ня бачым — Спазналіся з пакутаю. А ты жыцьцём сабачым Без ланцуга закутая.
Чужынцы з ласкай лезьлі, Твой двор стаяў засьмечаны. Цябе пасьля завезьлі Ў разваліны Нямеччыны.
Лажыцца зморай праца На рукі загрубелыя. Табе рамонкі сьняцца — Радзімы краскі белыя.
Калісьці пела ў полі, Вясной закалыханая. Ня думала ніколі, Што будзеш ты выгнаная,
Бяз долі і бяз хаты I пад прынукай ворага. Ці помніш колас кляты? Ты заплаціла дорага!
Хай зло не ад залому, Хай выпадкова сталася. Цяпер, калі ня ў дому — Ўсё роднае згадалася.
Згадаліся ў пашане: Наш край, вайной абкрадзены, I шчырае каханьне, I звычай нашых прадзедаў.
1944

I ЦЯБЕ НЯМА

Я ізноў з табой. Ночкай мляваю Ты галоўкаю кучараваю Да грудзей маіх прыхінаешся, У халодны змрок усьміхаешся.
Як на полымі, на падушачцы Думкі паляцца, ў бездань рушацца. Не, ня можа быць гэта яваю: Ня ідзе мая кучаравая...
А знаёмая тая вуліца Сёньня прывідам страшным туліцца. Каміны наўсьцяж і разваліны. I цябе няма. Дом твой спалены.
Сад стаіць адно ў белай замяці. Ты ня згінула ў маёй памяці, Незабыўная зорка ясная. Ты — надзей іскра непагасная.
Сьцежкі нас вялі і губляліся, У альтаначцы мы кахаліся. Мабыць мілы сад пазаростаны, Спахмурнеў, як я, у доўгай ростані.
Але прыйдзе час — мне ўсё-ж верыцца, Залатая рыбка будзе ў нераце. Тая вуліца адбудуецца, Можа й голас твой там пачуецца.

МРОІ

Я хвалююся. Песьняй узьняты. Дух крылаты у далеч імкне На знаёмую сьцежку да хаты, Дзе галубка ў вясёлым акне.
Дзе пышнелі ў гародчыку астры I сама ты між красак цьвіла. Добрым часам ня ведала кайстры, Па руінах зь бядой ня ішла.
Ты калісьці сьпявала вясьнянкі, I нявінная радасьць ва ўсім, Як віно зь перапоўненай шклянкі, Разьлівалася сьмехам тваім.
А цяпер ты прыбіта жальбою I чакаеш на лепшыя дні. Ці адна? Я таксама з табою. Я запальваю ў словах агні.
Толькі ў гэтым уцехі шукаю, На плытох лятуценьняў плыву. Неўгамоўная доля такая Ускружыла маю галаву.
Набягаюць кіпучай валвою Сны і мроі. I гіне ціша. I душа не знаходзіць спакою, Вырываецца зь цела душа.
I ляціць да цябе, да каханай, Выпрадаючы кужаль надзей: Можа песьняй апошняй паўстану Я з тваіх набалелых грудзей.
1946

ДЗІЎНАЯ СУСТРЭЧА

Дзе ты, любая настаўніца? Зьнікла зь першых дзён вайны. Парастуць — мо гэтак станецца — Успамінаў дзірваны.
Між людзей зь цяжкою стратаю Твой шукаю лёгкі сьлед. Можа ты жыцьцём узьнятая, Пазнаеш інакшы сьвет?
I за думкай думка гоніцца. Дзесьці сьвеціцца маяк... Раптам бачу — ў кінахроніцы Ты, каханая мая!
Ў залю цёмную з экрану ты Пазіраеш на мяне... Болем радасьці закрануты, Насустрэч іду вясьне.
I, праменьнямі аквечаны, Чую моцны ўзьвей цяпла... Ты ў далёкі кут Нямеччыны Дзіўным прывідам прыйшла.
1943

ПАД ВОГНЕНЫМ ДАЖДЖОМ

Прысьвячаецца сыну Iгару

Супакойся, мой сыночак, У вакно не пазірай! Там у ботах кот грукоча, Там вядзьмар чаруе край.
Пад гарою ў царсьцьве сонным Ян-царэвіч на кані Б'ецца з волатам-драконам, Меч гартуецца ў вагні.
На грудзёх таго дракона Заламаны чорны крыж. А пад ім няма закону, — Паліць, нішчыць... Ты дрыжыш?
Ты спалохаўся? Ня бойся! Ён слабы на гэты раз, Ён загіне! Супакойся... I мінецца страшны час...
Суцяшае бацька сына, Моцна туліць да сябе. Ноч за вокнамі няспынна Ў шале поцемкі скрабе.
Паланіца ў небе зоры Пагасіла. Полах б'е. Пад дажджом агню ўвесь горад Звышлюдзкое гора п'е.
Stuttgart 22. 10. 44.

У ГРЫМОТАХ

Восень з дрэў лісьцё зрывала, Ноч абстрэлянай была. Сьмерці страшная навала На руіны запаўзла.
Палымнеў пажар няспынны. Стогн зямлі... З начы такой Верасклівы крык жанчыны Уварваўся ў мой пакой.
Трэскі ўгору паляцелі, Груд агню шугнуў здалёк. Захрусьцелі рэбры ў целе I крывёю нехта сьцёк.
Жах мяне занепакоіў... Мне было, аднак, няўцям, — Там суседка за сьцяною Ў сьвет прыносіла дзіця.
Плач народжанай істоты Сьцьвердзіў вечнае жыцьцё... Навакол — разбой, грымоты. Восень рвала з дрэў лісьцё.
21.10.44

ГЭТА НЯ ГЭРБАРЫЙ

У кнізе між балонак З родных ніў расьліны: Васілёк, рамонак Дый лісток каліны.
Гэта ня гэрбарый, Ня пустыя зёлкі, А надзеі-мары Завіліся ў столкі.
Васілёк, рамонак I лісток каліны! Вы ў сьцяблох зялёных Прынясьлі ўспаміны.
З вамі на чужыну Беларусь зірнула, I выгнанцу-сыну Сэрца закранула.