Выбрать главу

ПАЯСОК

Мне случанка падарыла Найпрыгожы паясок. Пачуцьцёвай процьму сілы Выбраў вытканы кусок.
Зацьвілі на кожнай нітцы Мары ткальлі маладой. Ёй вузор пазорны сьніцца, Шоўк ільсьніцца пад рукой.
I мітусяцца ўразбродку Зоркі ў зыркім паяску, I праменьні пасяродку Прабягаюць па шаўку.
Краскі, крыжыкі, шмат рысак Чырванеюць на бакох. Палымнеець ясны прысак — Беларускі даўні бог.
Сыплець іскрамі Ярыла. Зь ніцяў золата пясок. Гэты слаўны паясок Мне случанка падарыла.

ТЫ МЯНЕ КАЛІСЬЦI ПЕСЬЦІЛА

Ты мяне калісьцi песьціла Ў жарскім полымі жыцьця. Ты была маёю песьняю, Дыямэнтам пачуцьця.
Мы ішлі шляхамі рознымі, Але з мэтаю аднэй, I завеямі марознымі, I ў спякотны сухавей.
Шмат мінула дзён, атручаных Горкім чэмерам ілжы. Да цябе я зноў залучаны. — Ці ты ўсьцешана, скажы?
Хай апошняй кропляй горычы На душы зыходзіць ноч... Я нічога не гаворачы Буду ў неба тваіх воч
Пазіраць, каб ціха цешыцца, I таіць салодкі стогн. Не знасіць вады у рэшаце, А каханьня у лістох.
Я на гэтым пераконаны... Я прынёс зялёны май. Ты пастаў букет у конаўку, Як даўней, мяне прымай.
I усьмешкаю ты весьняю Надары свайго гасьця. Станеш зноў маёю песьняю, Дыямэнтам пачуцьця.
Я, — нічога не гаворачы, Бо на словы не ахвоч, — Пазіраць з мальбою горача Буду ў неба тваіх воч.

У ЗАЦІШКУ

З табой я ў зацішку ізноў. Прыходзіць раньне. Таюць зоркі. Для пачуцьця ня трэба слоў, Ня трэба лішняе гаворкі.
Нам сьцеле ў росах сенажаць Кілімы з кветкавых карункаў. А вусны смаглыя дрыжаць I моляць палкіх пацалункаў.
Шугае слодычы агонь У зачарованым палоне. Твая гарачая далонь Ляжыць даўно ў маёй далоні.
I нам ня трэба лішніх слоў, Мы больш паглядамі гаворым... Плыве чароўны сьпеў лугоў, Рамонкам пахне і чаборам.

ПАЛЕСКАЯ ТАМАРА

Тану я ў моры мараў, На сэрцы хваль прыбой. Палеская Тамара, О сьветлы вобраз мой! Не мімаходзь заскочыў Я ў госьці да цябе. Ты васількамі вочаў Цьвіла ў маёй журбе. Твой мяккі кужаль косаў Спавіў маю душу. Не паглядай-жа скоса, — Я радасьці прашу. Ня высахне, ня зьвяне Пялёсткаў белы цьвет. Пад сонечнае зьзяньне Каханьне выйдзе ў сьвет. Я буду ў гэтым годзе Гарэць, як у вагні. Маўчаць пачуцьцям годзе! Тамара, працягні Ты мне насустрач рукі... Я познаю парой Прыйшоў, каб вызнаць мукі I поўны супакой. Аб гэтым часта мару I любую маю Палескую Тамару П я ю.

У МIЖЗОР'Е

Адвячоркам я выйду за весьніцы Насустрэчу табе і вясьне. Будзе мара блакітная песьціцца У паглядзе тваім для мяне. Прытулю цябе, мілая, горача. I на ставе, пад ніцай вярбой, Каб пазбыцца жыцьцёвае горычы, Я ўсю ноч прасьпяваю з табой. Мы — упрочкі ад явы. Ня змрочыцца I ня згіне імпэт малады. У міжзор'е далёкае хочацца, Дзе няма ні вайны, ні бяды. Мы абое, галубка дрыжоная, Напляцем лятуценьняў вянкі. Ночка гэтая прыйдзе бяссонная, Праглыне і прасьцяг і вякі. Дробна зоры на небе накрышацца, Замігцеюць і ў цёмнай вадзе. Возьмем човен, і ён закалышацца, Паплыве, у сусьвет павядзе. Прытулю цябе, мілая, горача, Станеш ружай пунсовай цьвісьці. Будзе Муза, са мною гаворачы, Працінаць маладосьць да касьці. Твае вусны, як цукар у ягадзе, Будуць таяць, запальваць мяне... Адчуваю спатканьне я загадзя I каханьне між зор на чаўне.
10.4.44

СУНІЦЫ

Я салодкія суніцы У гайку з табой зьбіраў. Там трапёткія сініцы Шчабяталі ў пасмах траў.
Там пазнаў я сьвет прыгодаў З пачуцьцямі ў барацьбе, I на песьнях сэрца гойдаў, Думаў толькі пра цябе.
Ты сьмяялася задорна, Паціскала мне руку. З песьняй нам было прасторна, Як у полі жаўруку.
I цяпер, калі сініца Б'ецца крыльлем за акном, — Мне твая усьмешка сьніцца, Пах суніцаў льлецца ў дом.

* * *

Ты ня хмур, галубка, бровы, З крыўды вуснаў ня грызі. Шлях твой, ведаю, суровы Але чысты, ня ў гразі.
Толькі згінуў сьмех дзявочы, Зьнікла юная пара. Я чытаю твае вочы. Будзе лёгка з-пад пяра
Ліцца ласка, дарагая, Хваляй весьняе ракі. Маладосьць твая другая Завіне ў мае радкі.
Не скажу табе грубога, Нават смутак прыдушу. Хай мой верш, як вера ў Бога, Супакойвае душу.
Хай гучыць ён калыханкай. Ты вячорнаю парой Да мяне прыйдзі каханкай, Раніцой ідзі сястрой.

НА УЗГОРКУ

Я хачу табе ўсе краскі У вянок завіць, I ў пяшчоце жарскай ласкі Кубак мёду піць.
Я хачу, каб залатая Нам цьвіла вясна, Што у мроях залятае Да мяне здаўна.
На узвышшы, на узгорку Ў песеннай сяўбе, Я сваю вітаю зорку, Клічу да сябе
Даражэнькая галубка, Ясачка мая! Юр сядзіць на ўскраі кубка I з табою я
П'ю салодкае з дамешкай Хмельнай гаркаты... Зьзяеш сонечнай усьмешкай На узгорку ты.