Выбрать главу
I Фэрхат, упаўшы ніцма, Распасьцёр наперад рукі. «Мне аддай!» — маліў Хазроя, Распластаны скамянеў. Аж зьбялелі ў страху пэрсы На вузорыстых каберцах, I чакалі — зараз громам Прагрукоча цараў гнеў.
Як паважыўся падданы Праказаць такія словы? Зь ім тут разам і бязьвінны Грознай кары ня міне. Але дзіва: хмары зьніклі... Цар цыбук паклаў спакойна. Скрыва неяк усьміхнуўся I сказаў: «Ня веру. Не!
Я ня веру гэтым словам. Мастакі ілгуць заўсёды. Давядзі, Фэрхат, адвагай, Што кахаеш ты яе. Бачыш горы Бісутуну? Ты павінен іх прымусіць Гаварыць. Няхай мне славу Кожны камень там пяе.
I тады табе паверу, I Шырын за жонку возьмеш, А тваё каханьне зь ёю Ўсе вякі перажыве». Цар лянотна нахінуўся, I яму цыбук паднесьлі. Думкі чорныя снавалі У ягонай галаве.
«А няхай спрабуе шчасьця! На яго там сьмерць чакае. Зь Бісутунскіх гор ніколі Ня прыходзілі назад. Ён зырвецца з тых сустромаў I Шырын яму ня ўбачыць... Цар злаўмільна усьміхнуўся I сказаў: «Ідзі, Фэрхат!»
I Фэрхат пайшоў шчасьлівы На захмарныя вяршыні Легендарнага узвышша Напярэчкі долі злой. Дзе арлы адны ўзьлятаюць, Дзе гуляе толькі вецер, Чалавек тварыў самотна Над сустромнаю скалой.
Ён ня бачыў небясьпекі. У яго адно імкненьне: Дасягнуць жаданай мэты, Ідучы ўсім насупор. Хай навокала сустромы, Хай прадоньне пад нагамі, Ён штодня няўтомна-ўпарта Адмяняў аблічча гор.
Сіла й розум чалавека I ягоны буйны талент Падуладныя пачуцьцям, Іхны слухаюць загад. Так прымусіла Фэрхата Ўсемагутнае каханьне Рэзьбіць горы, і навекі Так здабыў імя Фэрхат.
Горы горда ўзгаварылі, Ўзгаварылі, як жывыя. З тонкавысечаных скалаў Пазіралі абразы, Абразы жыцьця Хазроя: Фэстывалі, ловы, бітвы, — Фрэскі, зьвітыя пладамі Вінаграднае лазы.
Вырысоўваліся зырка Часу слаўныя падзеі I знаёмыя абліччы Тагачаснае пары. Там была адна асобна Аблюбованая постаць: Вусны клічуць і сьмяюцца 3-пад адкінутай чадры.
I працягнутыя рукі Ў тонкіх рысках на далонях. Далікатнай ножкі вырыс З расхінутага крыса, I ў каралях і карунках Грудзі — дзьве жывыя хвалі. Быццам гэта з морскай пены Нарадзілася краса.
Няпрыступную цьвярдыню, Гэту казачную веліч, Не пахібяць у стагодзьдзях Ні віхуры, нi дажджы. У застыглым лёгкім руху Зачарованае цела, Як жывое і, здаецца, Сэрца ў ім жыве-дрыжыць.
Часта надзіць падарожных Да сябе магутны помнік, Паглядзець, за што Фэрхата На узвышша кінуў лёс: Ён, Фэрхат, тварыў і мроіў, I Шырын стаяла блізка. Празь яе пайшоў на мукі, Маладосьць сваю панёс.
Як чароўна, калі ўраньні Сонца косы рассыпала I на ўзвышшы Бісутунскім Ажывалі валаты. Праразаліся з туману Павырэзьбленыя скалы, Зіхацелі ў векапомным Аўрэолі залатым.
I Шырын цішком з гарэму Пазірала ў даль на горы, Дзе, ня ведаючы ўтомы, Ажыўляў граніт разьбяр. I сама сабе казала: «Мой Фэрхат — арол бясстрашны. На вяршынях гор ён горды I магутны сам, як цар.
Хутка вернецца із славай. Веру цьвёрда — не загіне. Прыйдзе ён сюды героем, Прыйдзе любую забраць. Разам зь ім жыве каханьне, Сіла боская, зь якою На няпройдзенай дарозе Не павінен паміраць».
Сапраўды, Фэрхат ня згінуў, А вярнуўся з гучнай славай, I адразу да Хазроя Ў зьліты золатам палац. Сьвяткаваў ён перамогу Абавязку над правамі, Не прасіць цара з паклонам, А прыйшоў патрабаваць.
На Хазроевы пахвалы Ды на золата-чырвонцы Не гарэлі іскры шчасьця У Фэрхата уваччу. «Мне ня трэба жадных скарбаў, — Адказаў мастак з пагардай, — Абяцанага жадаю, Больш нічога не хачу».
Цар здрыгнуўся. Сэрца млосна Зашчымела ў прадчуваньні Незаступнай цяжкай страты... Дык няўжо? Аддаць? Згубіць? Дарагой цаны заплата! Аддасі — і застанецца Нявыгойлівая рана. Ці ня лепш адно — зманіць.
Цар ачулеў. I пахмура Праказаў: «Шырын памерла»... Ня стрываў Фэрхат удару. Ён у роспачы нямой Сьмерць прадчасную прымае, Моўкне сэрца пад кінджалам, Амываецца крывёю... Ты дасяг свайго, Хазрой!..
I прайшла ў народзе чутка, Што Фэрхата ашукалі, Што дарэмна ён праходзіў Шлях цярністы, шлях віты. Ён, няшчасны, паў ахвярай Самаўладнага Хазроя. За яго памсьцяцца горы, Бісутунскія хрыбты.
Дагарэла зорка ўраньні, Бура дрэва пашчапала... Песьняры па ўсёй краіне Выслаўлялі разьбяра. Тыя песьні быццам проймай Да Шырын праз мур шугалі. — Згінуў любы самагубам, Сьцяты зрадаю цара.
Як дачулася аб гэтым, Горка плакала царыца I задумнымі вачыма Слала жаль у даль да скал. Там каменныя магуты Ў строгай велічы стаялі. Несьмяротны дух Фэрхата У імгле сівой блукаў.
I мастацкаю разьбою Шчараванага граніту Заклікаў Шырын прынадна Адвячорнаю парой. Горы мсьціліся Хазрою, Маладзіцу паланілі. Зьвяла, высахла магноля, Неагрэтая вясной.
Як заклятыя багамі, Горы клікалі-гукалі, I Шырын на гэты заклік — Нацянькі ў халодны змрок. Ад людзей яна з палацу Ўпотай выбегла на ўзвышша, На пагрозьлівыя скалы, Каб зрабіць апошні крок.
Там расплёў ёй вецер косы I сарваў малітву з вуснаў. — Я твая, Фэрхат! — і з крыкам Паляцела цела ўніз. Так Шырын пайшла бяз страху За Фэрхатам, за каханым. А стары Хазрой бязрадна Свой цыбук у злосьці грыз.