Выбрать главу

Але мы ўсё ж знайшлі новую радзіму. Так, радзіма можа быць і новай. Тады прыгрэла жаўталявае сонца, і зрабілася так невыносна горача, як не было ніколі. Пачала таяць халодная снежная бель, якая несла нас некуды наперад. Мы супыніліся. Мы даўно хацелі спыніцца, бо ўжо стаміліся ад бязмэтных вандраванняў. І тады нам адкрыўся новы свет.

— Глядзіце, як прыгожа навокал. — сказалі мы тады, яшчэ не прадчуваючы, што безліч разоў вернуцца да нас нашыя словы.

Мы ж не можам усяго прадбачыць. Ды і не думалася тады пра гэта. Мы проста радаваліся, што знайшлі новы свет, які, адчулі ўжо ўсе, зробіцца і блізкім, і важным. Як глядзеліся ў саміх сябе. А тады любаваліся на іскрыстыя агніскі і маўчалі. Хоць нам хацелася сказаць:

— Усё ж тыя самыя і ўжо іншыя. Скажыце, што ж так непапраўна ў вас змянілася?

Але мы не спыталі. Няварта было парушаць тое велічнае імгненне. Мы ўжо зразумелі, што яго не заўсёды можна вярнуць. Глядзелі. Маўчалі. Захапляліся. Іх — многа. Яны — мудрыя. Яны — вечныя. Зусім як мы. Ды не паспелі як след на іх нагледзецца.

Нас пабудзілі. Нечакана. Раптоўна. Мы не ведалі, хто яны былі. Мы не разумелі, чаго яны ад нас чакалі. А яны плакалі, пакутавалі, прасілі. І хутка-хутка знікалі. Змяняліся, прыходзілі новыя. І зноў новыя. І зноў. Пакуль не ўцямілі мы, што яны нам маліліся, што жадалі абароны ды спагады. І ці мала чаго яшчэ. Мы доўга не маглі да ўсяго дайсці. Але яны нас здзівілі. Мы былі і моцнымі, і трывалымі, ды толькі дадаць сваёй сілы іншым, слабым ды кволым, не маглі.

А яны прасілі. Хадзілі вакол нас спеўнымі карагодамі. Прыносілі тое, што самі называлі дарункамі. Станавіліся на калені, утрапёна цягнулі рукі. Яны спадзяваліся. Яны чакалі. А мы. А мы не адразу здагадаліся, як так учыніць, каб падзяліцца сваёй веднасцю. У веднасці ж сіла. І цяпер нам шкада толькі пра адно. Шкада, што нам не толькі маліліся, шкада, што нам прыносілі кроў.

— Навошта, навошта яны гэта робяць, калі самі жывуць усяго імгненне? — нам хацелася заплакаць з крыўды, каб яны пачулі нашыя галасы.

Але занадта кароткімі былі іхнія імгненні, каб нас пачуць. Нас і цяпер цяжка пачуць, на вялікі жаль. Мы ж не мовім. Але лятуць, лятуць нашыя думкі па-над светам. Нашыя ўспаміны. Жаданні. Жаданні.

— Не шукайце каля нас заклятых скарбаў. Не спадзявайцеся марна. Схавалі мы іх глыбока-глыбока. Маеце ўжо найдаражэйшы скарб. Шануйце яго!

А яны, яны забываліся. Тады, як зырка ўспыхнуўшы, падалі долу нябесныя агніскі, яны марнавалі дарэшты дарагія імгненні, вынаходзячы новую зброю. Камяні хутка змяніліся мячамі. На мячах пачалі біцца. За лепшую зямлю, як быццам малы белы свет. За гонар і славу, як быццам патрабуюць яны крыві. За мяккае жалеза колеру сляпучага сонца.

— А яно ж тут пры чым? — не маглі мы зразумець, хоць і вельмі хацелі.

Мы сталіся халоднымі межамі, пазначаючы шляхі варажнечы. Шляхі зда-

бытку сонечнага жалеза. Шляхі роспачы і пакут. Шляхі старат такіх каштоўных імгненняў. Падалі нябесныя агніскі, стаміўшыся гладзець на ўсё гэта. І мы чулі, як нават самыя жорсткія называлі агнісак зоркамі ды знічкамі. Верылі, што суладныя яны з нейкім кароткім імгненнем. Верылі, хацелі дакрануцца вечнасці. Толькі не ведалі, што пазбаўляе вечнасці пралітая кроў. Ад таго паўсталі мы на высокіх курганах, рукатворных, нават прыгожых. Паўсталі не па сваёй волі. Яны хацелі, каб мы, вечныя, пазначалі курга­ны, сталі напамінам пра тых, хто дарэмна страціў сваё каштоўнае імгненне. Хто павінен знайсці ў тых курганах вечны спачын. Яны падманваліся. Яны непапраўна памыляліся. Мы так гневаліся на іх за гэта.

Моцна. Адчайна. Хоць і хацелі гэта змяніць. Не ведалі, не ведалі, як учыніць такое. Навучыліся іх разумець. Навучыліся думаць, як яны. Але не ведалі. Ды зусім нечакана нам дапамог адзін з іх, імгненных. Ясных, нібы сапраўдная агніска. Можа, ён і стаўся нашай зоркай. З’явіўся раптоўна, як ляскатлівы Пярун, што цаляе ў нас сваімі стрэламі. Не, зусім не Пярун. Гэта проста азываецца нам вітаннем высокае неба.

Мы не прадказвалі яго нараджэння. Мы яго не чакалі. Хоць апасля яго мы здолелі навучыцца і прадказанню, і чаканню. А ён прыйшоў да нас на зломе часоў, калі яшчэ было шмат тых, якія нам спявалі, якія нам маліліся. І калі ўжо прыходзілі іншыя. Схіляліся перад крыжам. Пакутавалі. Здзекаваліся. Думалі пра сваё кароткае імгненне, але бераглі яго яшчэ меней, чым нашыя першыя. Але ён не быў ні першым, ні другім.

Заснаваў горад, назваўшы сваім імем, сын чарадзея. А імя яго азначала барацьбу. Але не шмат і змагаўся, хоць меў неспатольную прагу да жыцця. Спрабаваў вынішчаць старое, але яму ж самому мізэрнымі здаліся тыя спра­вы. А калі зразумеў гэта, прыйшоў да нас. Убачыў. Знайшоў. Мы адчулі дотык прагных рук і біццё халоднага сэрца.