Выбрать главу

— Так, у сваёй манаграфіі прафесар сцвярджаў, што каханне — гэта пачуццё, над якім чалавек не мае ўлады. Я не пагадзіўся і прыехаў спрачацца, але ў выніку быў пераможаны, — адказаў чала­век з трыбуны, і голас яго гучаў адначасова і весела, і сумна.

У папулярным артыкуле? Анжаліка зразумела раптам, хто гэта выступае. Той самы сталічны скандаліст-журналіст, які неяк напісаў кплівы артыкул пра прафесара Шпіца, аспрэчваючы яго пастулаты наконт кахання.

О, яна памятала той артыкул. Памятала, як шумеў і гарачыўся бацька, чые выкладкі i абгрунтаванні былі пабіты ўшчэнт, як ён абураўся: «Але гэта ж тэорыя, голая тэорыя, а вось хай ён дакажа на практыцы!» Фрау Шпіц у той дзень заварвала на кухні сардэчнік і валяр'яну ды паіла мужа гарбаткай, а Анжаліка адстуквала на машынцы копіі артыкула-адказу, які яны потым так i не даслалі ў часопіс. Супакоіўшыся (ці то напой дапамог, ці то здаровы сэнс), прафесар пасля не раз казаў, што гэты артыкул толькі зрабіў рэкламу і прыцягнуў увагу да яго анталогіі «Пачуцці». «Продажы ў кнігарнях узраслі ўтрая! — усклікаў ён, падняўшы ўгару указальны палец. — А той журналіст вырашыў выехаць на маёй славе, ну што ж, кожны робіць сабе імя як умее...»

Але чаму голас журналіста здаецца ёй такім знаёмым? Анжаліка прыслухалася зноў. А з залы выгукнулі яшчэ адно пытанне, небывалая справа, звычайна ўсе ціха-прыстойна перадавалі запіскі...

— Ваш бліскучы даклад — гэта аснова будучай дысертацыі? Тэма так і будзе гучаць — «Лекі ад кахання»?

У аўдыторыі засмяяліся. I Анжаліка ўсміхнулася. Яны б яшчэ магістарскую работу на тэму «Сто спосабаў пазнаёміцца з дзяўчынай» напісалі...

— Хай вас не хвалюе назва маёй работы. Насамрэч ад кахання не існуе лекаў. Прафесар Шпіц меў рацыю, а я давёў яго тэорыю на практыцы. Падобна адважным дактарам, якія прышчаплялі сабе небяспечныя хваробы, я паставіў эксперымент над сабой. Так выйшла, што я закахаўся — моцна і безнадзейна, — і выпрабаваў на сабе ўсе сродкі, якія легкадумна прапанаваў у сваім ар­тыкуле. На жаль... — Анжаліка не бачыла, але жыва ўявіла, як ён з усмешкай развёў рукамі. — ... самы дзейсны сродак ад кахання — пайсці і з'есці чароўны яблычак са Скалы Закаханых. Больш радыкальных сродкаў навука яшчэ не вынайшла.

Тут дакладчык, відаць, пакланіўся і пад смех і апладысменты сышоў з трыбуны, хаваючы паперы ў партфель.

— Вы будзеце пісаць дысертацыю ў нашым універсітэце, пад кіраўніцтвам прафесара? — крыкнулі яму ўслед, і на хаду ён адказаў:

— Даследаванні я працягну ў сваім родным горадзе. Не магу болей злоўжываць гасціннасцю прафесара. Даруйце, у мяне мала часу да цягніка, трэба спяшацца.

Анжаліка стаяла — ні жывая ні мёртвая, — калі ён праходзіў міма, строгі i прыгожы, у цёмным гарнітуры, пры гальштуку. Ён размахваў партфелем і хмурыўся, пагружаны ў нейкія свае думкі, i яна не асмелілася варухнуць рукой ці паклікаць, занадта грандыёзнае ўражанне зрабілі на яе словы «закахаўся моцна» і ўвесь яго нязвыклы выгляд.

— Анжаліка, ну як? — да немагчымасці задаволены прафесар Шпіц з'явіўся ў дзвярах, акружаны вучнямі і калегамі. — Ты чула? Ты бачыла яго? Ён быў дасканалы, твой «хома шаферус», я цябе віншую! Не дзіва, што адшукаць лекі ад кахання не атрымалася, ужо ў занадта выдатны аб'ект ён закахаўся, — i бацька падміргнуў ёй і жартаўліва пагразіў пальцам. — Чакай, ты куды, а як жа бан-Калі Анжаліка, для прыліку выседзеўшы дзесяць бясконцых хвілін за сталом, нарэшце выбегла з універсітэта, вуліцы, што вялі ўніз з узгорка, былі пустыя. А непадалёк, на Скале Закаханых, яблыня варушыла галінкамі, і яе самотны сілуэт чарнеў на фоне неба.

Зрэшты, не, сёння ў яблыні быў госць. Нейкі няшчасны закаханы марудна блукаў пад шатамі яе галін, мабыць, не рашаючыся паспытаць забаронены плод і скончыць з неўзаемным каханнем. «Ах, не так усё проста! — падумала Анжаліка, перапоўненая спагадай да незнаёмца. — Не так усё проста!»

I ён таксама, напэўна, думаў, што не так усё проста, і размахваў партфелем, нібы збіраўся са злосці запусціць яго ўніз з тары... Партфелем? Анжаліка зняла свае модныя акуляры, прыжмурылася, прыгледзелася — і, пускаючыся бегчы, падумала з усмешкай, што бег на абцасах стаў апошнім часам яе любімым заняткам.

Трымаючыся за правы бок і задыхаючыся, яна дабралася да вяршыні ўзгорка. Вядома, для турыстаў назва «Скала закаханых» гучыць больш прыгожа, але, шчыра кажучы, «Скала пячоначнай колікі» гучала б значна больш дарэчы. Анжаліка перавяла дух i прыгледзелася. Што ж, дальназоркасць упершыню аказала ёй добрую паслугу, яна не памылілася, гэта быў менавіта Томас — сядзеў на сваім партфелі, павесіўшы пінжак на галінку дрэва, і штосьці жаваў...