Выбрать главу

Інтуіцыя наогул любіла падказваць прафесару.

— Маё шостае пачуццё шэпча, што дажджу сягоння не будзе, таму парасон я не бяру, — казаў ён і адпраўляўся на пешы шпацыр.

— Наш празорлівец ізноў ашукаўся, — круціла галавой фрау Шпіц, калі праз паўгадзіны ў акно пачыналі стукаць тоўстыя кроплі. Даводзілася Томасу садзіцца за руль і, узіраючыся ў заслону дажджу, вышукваць на спусцелых вулачках змоклага прафесара.

Але прафесар не маркоціўся. Абсушыўшыся каля каміна і прыняўшы чарачку, каб сагрэцца, ён працягваў дзяліцца з Томасам сваімі каштоўнымі назіраннямі.

— Маё шостае пачуццё падказвае, што Анжаліка з галавой сышла ў навуку. Дзяўчынка з раніцы да вечара за кнігай, напрацоўвае тэарэтычную базу, — казаў ён.

Фрау Шпіц не мела такой моцнай інтуіцыі, як яе муж, але да праўды падбіралася значна бліжэй.

— Матчына сэрца падказвае мне, што Анжаліка закахалася, — неяк між іншым прагаварыла яна, калі Томас вёз яе на рынак па пастарнак і буракі. — Я не ведаю падрабязнасцей, але яна перапісваецца і сустракаецца з кімсьці ўжо некалькі гадоў...

Фрау казала так, быццам адказвала на зададзенае Томасам пытанне, і ён здзівіўся: няўжо яго закаханасць такая відавочная? Паставіўшы машыну ў гараж, ён улёгся на траўцы ў садзе i прыняўся ўспамінаць ды супастаўляць. Тэлефонныя гутаркі па міжгародняй лініі. Рэдкія і нядоўгія знікненні Анжалікі, заўсёды па суботах, калі яна асабліва прыхарошвалася і радавалася, а вярталася чамусьці з заплаканымі вачамі. I гэтыя сінія канверты, што раз ці два на тыдзень прыносіў паштальён. I лісты, што яна кожны дзень кідала ў паштовую скрыню насупраць хаты...

Мазаіка склалася. Томас спахмурнеў. Выходзіць, яго сапернік — зусім не навука, а самы звычайны «просты смяротны»?

Зрэшты, засмучэнне Томас лічыў самым непрадуктыўным відам дзейнасці, таму неўзабаве ад назіранняў і перажыванняў перайшоў да аналізу і высноў. Здаецца, каханне Анжалікі не ўзаемнае. Інакш не была б дзяўчына такая знерваваная, ды і даўно б ужо выйшла замуж. А калі каханне прыносіць адны слёзы і ўздыхі, значыць, ад гэтага кахання трэба вылечыць. Бо каханне — гэта як хвароба. I ад яго павінны быць лекі. Тэорыя Томаса была простая: пераключыць думкі дзяўчыны на нешта іншае, заняць яе чым-небудзь. Фіксацыя на новых уражаннях, адным словам — сублімацыя.

Спіс магчымых заняткаў быў для пачатку невялікі:

— спорт (шахматы);

— фізічная праца на свежым паветры (праполка прафесарскага гарода);

— прыродазнаўчыя навукі (лекцыя пра выдатных навукоўцаў-фізікаў);

— гуманітарныя навукі (вывучэнне замежнай мовы, найлепей — складанай);

— творчасць (вершаскладанне, жывапіс).

Самым хісткім пунктам плана было пераканаць Анжаліку ўдзельнічаць у эксперыменце. Сказаць ёй праўду Томас не асмеліўся: наўрад ці яна захоча пазбавіцца ад свайго, хай сабе i не ўзаемнага, кахання. Тут на дапамогу яму прыйшоў прафесар. У канфідэнцыяльнай гутарцы самнасам ён папрасіў Анжаліку ўдзяліць трохі ўвагі Томасу, заняцца яго адукацыяй. Сэрца ў Анжалікі было добрае, і яна пагадзілася. Тым больш што гэты дзіўны кіроўца, які шмат чытае, разважае і задае няпростыя пытанні, даўно не даваў ёй спакою. Такім чынам, яна думала, што праводзіць эксперымент па акультурванні «простага смяротнага», і не падазравала, што сама з'яўляецца аб'ектам эксперыменту.

Але, на жаль, эксперымент праваліўся. Чым бы ні была занята Анжаліка, думкі яе нязменна круціліся вакол адной толькі тэмы і абстрагавацца не збіраліся. Гуляючы ў шахматы, яна не магла нападаць на ферзя, бо гэта ж каралева, і калі яе забіць, кароль будзе няўцешны! Праполваючы бручку, яна выводзіла палачкай на зямлі загадкавыя ініцыялы. Калі малявала, выходзілі толькі чырвоныя сэрцы, працятыя стрэламі. Практыкуючыся ў версіфікацыі, Анжаліка рупліва шукала рыфмы, — чаканне, вяртанне, прызнанне... I вывучаючы замежную мову, адразу спытала, як будзе «я цябе кахаю».

— Ninakupenda, — адказаў Томас, гледзячы ёй у вочы. Дзяўчына збянтэжылася, ён таксама, урок быў сапсаваны, і ніякіх новых слоў яны больш не вучылі.

Ажывілася Анжаліка толькі на занятках па фізіцы:

— Томас, я раскажу вам сёння пра вечны рухавік!

— О, гэты міф не дае жыцця вынаходнікам ужо шмат стагоддзяў, — сказаў Томас з усмешкай.

— Трэба быць геніем, каб яго вынайсці, — без усмешкі адказала яна. — I дзень, калі свету будзе паказана адкрыццё, ужо не за гарамі.

— Баюся вас расчараваць, але вечны рухавік вынайсці немагчыма, і гэта ведае кожны, хто чуў пра закон захавання энергіі.