Выбрать главу

Сярод іншага, муза везла з сабой шчотку, каб змятаць павуцінне, бутэлечку з газай (выдатна выводзіць любыя плямы), чатыры чорна-белыя сукенкі — і ўсё сваё каханне. Кахання было так многа, што, калі б яно было бачным, яго прыйшлося б здаваць у багаж.

Пакінуўшы валізку ў камеры хавання, Анжаліка адправілася шукаць струхлелае жыл­лё свайго генія. 3 сабой яна несла пакуначак, у якім былі яшчэ цёплы дамашні хлеб, масла, цукар і паўкілаграма выдатнай свежазмолатай кавы. Яна ўяўляла, як узрадуе, аточыць клопатам, накорміць свайго абранніка. I была некалькі здзіўлена, калі па адрасе з канверта замест лядачай майстэрні знайшоўся дагледжаны асабнячок, абсаджаны рознакаляровымі вяргінямі. Выцягнуўшы шыю, Анжаліка разглядала падрабязнасці праз плот, а з ганка насустрач ёй ужо спяшалася мілавідная жанчына з немаўлём на руках.

— Вам дапамагчы? — па-свойску спыталася яна.

Пацешыўшыся, што не ўзяла з сабой валізку, Анжаліка ўвайшла ў брамку.

— Мне патрэбны прафесар Блюм, — паведаміла яна, паспешліва засоўваючы сіні канверцік у кішэньжакеткі.

— Прафесар? — здзіўлена перапытала гаспадыня. — А, вы, напэўна, жадаеце ўступіць у таварыства юных аматараў фізікі? Мужа зараз няма, ён у школе.

— Мужа?! — ледзь не перапытала Анжаліка, але своечасова апамяталася i перапытала: — У школе?

— Так, у школе. Калі нарадзіўся наш трэці, мужу прыйшлося ўзяць у дадатак да фізікі яшчэ i астралогію. Не, чакайце, астраномію, вечна я іх блытаю. Але ён павінен прыйсці на абед! Праходзьце, я пакуль завару вам гарбаты!

Зусім разгубіўшыся, Анжаліка дазволіла правесці сябе ў гасцёўню, пасадзіць на ўтульную зялёную канапку, і вось яна ўжо п'е гарбату, разглядае вязаную грэлку на імбрычку і слухае аповед гаспадыні.

— Я заўсёды захаплялася яго талентам, — з прыдыханнем казала тая. — Адных кніжак перачытаў колькі, страшна сказаць. А колькі ўсяго вынайшаў! Праўда, гэтыя прасцякі ў бюро патэнтаў не ацанілі яго геній... А потым мы ўзялі крэдыт і купілі гэты дом, ды яшчэ дзеці часта хварэюць, а лекары так дорага бяруць...

Анжаліка рассеяна круціла галавой. Погляд яе перабягаў з парцэлянавых кошачак на ламбрэкены, з качаргі на фікус, і раптам на століку каля акна, побач з чарніліцай і прэс-пап'е, яна ўбачыла кіпу сваіх уласных лістоў, з буйным ліловым штэмпелем універсітэцкага гарадка, і ад нечаканасці ледзь не разліла чай.

Фрау Блюм прасачыла за яе поглядам. Падышла да акна, клапатліва працерла пыл на стале, абмахнула і лісты.

— Таўшчэзны пачак, так? — з усмешкай сказала яна. — Я за ўсё сваё жыццё ніводнага ліста не напісала, граматыка мне цяжка давалася, ды й іншыя навукі. А муж такі захоплены, вось гэта ён перапісваецца з калегам-навукоўцам. Кожны дзень лісты прыходзяць, нават па выхадных!

— Вы іх чыталі? — спытала Анжаліка, пахаладзеўшы, як парцэлянавы каток.

— Нашто ж мне чытаць чужыя лісты? — здзівілася тая. — Ды i не зразумею я там нічога, з гэтымі навуковымі слоўцамі ўсю галаву зломіш.

«Адкрыць ёй вочы?» — падумала Анжаліка. Але ў яе не хапіла духу. Ды і навошта ўносіць смуту ў гэта загрувашчанае мэбляй гняздзечка з камінам, вышытай грэлкай, горкай плюшак на квяцістым блюдзе. Алтар навукі не пыліцца, ён чысты, і прыбраны, і ўвесь у кветках. Што ж, пашукаем іншы алтар. Анжаліка ледзь чутна ўздыхнула, акуратна паставіла кубак на стол і вярнулася ў рэальнасць, злавіўшы абрывак ганарлівага маналогу:

— ...такі разумны ў мяне. Па-навуковаму завецца фізік-тэарэтык. Вечарамі ляжыць у кабінеце на канапе i разважае. Я прыношу яму каву, пяку яго любімыя булачкі з карыцай, кожны дзень свежыя. Ад учарашніх булачак, ён кажа, і думкі свежыя ў галаву не прыйдуць. Часам ён піша свайму калегу, i я нашу яго лісты на пошту. Дапамагаю, чым магу!

Вялікі гадзіннік зайграў легкадумную мелодыю.

— Хутка муж прыйдзе, і будзем абедаць, — спахапілася фрау Блюм. — Пайду разагрэю суп ды смажаніну. Добра, што я сёння якраз заслала свежы абрус на стол, найлепшы, нібы адчувала, што будзе госць!

— Прабачце, мне тэрмінова трэба ісці, — выціснула Анжаліка. — Я ўспомніла, што... што не выключыла прас...