Выбрать главу

— Так што кахаеш ты не яго, а выгоды, — працягваў бацька. — І калі гэ­тыя выгоды для цябе так многа значаць, то паклапаціся, мая любая, каб вашы ўзаемаадносіны належным чынам аформіць. Калі ў цябе хапіла розуму перабрацца ў гэтыя апартаменты, задраўшы спадніцу ў яго кабінеце (ці, як там у вас першага разу было?), то і скумекаеш, як стаць яго законнаю жонкай.

— Гэта наша апошняя размова з табой. Больш ты мяне не ўбачыш. Пеця — ты ўжо мне павер — пастараецца.

— А цяпер слухай мяне ўважліва. Я зараз з’язджаю на дачу, буду тыдзень. І калі ты за гэты час або не зарэгіструешся з Жыгоцкім як мае быць, або не вернешся дадому, — то я. — Павел Алегавіч схіліўся да даччынага вуха, — крыўдуйце тады на сябе. Абое.

— Ха-ха! Пагразіла моська слану, — пагардліва фыркнула Тамара.

— Бо я, — працягваў бацька, — раскрыю пра Жыгоцкага такое, ад чаго ён па смерць не адмыецца. І не ведаю, ці захочаш ты пасля гэтага з ім жыць.

— А пайшоў ты. Нічога ты не зробіш.

Павел Алегавіч адпусціў яе локаць.

— А цепер ідзі. І падумай.

— Сёння ж пашкадуеш аб сваіх словах, — паабяцала яму дачка, спрытна павярнулася на абцасах і горда паплыла назад. Статная, даўганогая, пагойдваючы крутымі, выйгрышна абцягнутымі плаццем сцёгнамі. Нібы ўсё жыццё ў такіх плаццях хадзіла, нібы не швэндалася яшчэ год таму ў драных джынсах па дыскатэках і не цалавалася ў пад’ездах з прышчавымі юнакамі.

«Адкуль яны такія бяруцца? — думаў Багатка, гледзячы ўслед наравістай дачцэ. — Усё жыццё — на вачах, і зусім чужы чалавек. Парода, відаць, такая. Учора сала рукамі без хлеба елі, як Жыгоцкі ў студэнцтве, а сёння не могуць з машыны выйсці, пакуль халуй дзверы не адчыніць, за ручку не выведзе. Цьфу».

Ён павярнуўся і пайшоў прэч. Вахлакавата апрануты, пляшывы, з утравелым сярдзітым тварам.

На дачу. Схавацца. Забыцца. Хай яно спрахне.

8

З электрычкі Павел Алегавіч ішоў лясным логам. Праваруч ад сцяжынкі лес быў высокі, стромыя сосны прасторна размясціліся на схіле, адтуль веяла прыемнымі жыццядайнымі водарамі. Злева ж курчыўся нізкі алешнік, шчыльны хмызняк, трапляліся адзінокія яліны і цягнула балотнай сырасцю.

Дачнікі, што сышлі з Багаткам на станцыі, засталіся метрах у трохстах ззаду. Павел Алегавіч знарок, яшчэ на самым пачатку шляху, патрухаў, каб абагнаць усіх спадарожнікаў. Цяпер жа ішоў у іхнім тэмпе — не падпускаў і не аддаляўся.

Ад станцыі да Багаткавай дачы было кіламетры тры. Сцяжынка, па якой ён зараз рушыў, выводзіла на пасёлак найкарацейшым шляхам. Але хадзіць па ёй Паўлу Алегавічу падабалася толькі зімой. Ва ўсе астатнія поры года тут было мокра, асабліва пасля дажджу і ўвесну, калі са схілу логу бруіста бегла вада, залівала сцяжынку, назапашвалася ў хмызняку і алешніку і адтуль па­хла балотам. Ранняй вясной тут і наогул нельга было прайсці і даводзілася шкандыбаць уздоўж чыгункі з кіламетр, да шлагбаума, каб выйсці на гравійку. А гэта ўвогуле атрымоўвалася ўжо не тры, а болей за пяць кіламетраў.

Вечарэла, сонца заходзіла збоку лесу, затулялася высознымі хвоямі, і на лог напаўзала цемра. Праваруч, у кронах дрэў, яшчэ гарэзавалі бурштынавыя промні, пырхалі з галіны на галіну птушкі. Злева ж, у кустах і выродлівых дрэўцах, было так вусцішна, што Павел Алегавіч ішоў з ненатуральна скручанай направа шыяй. Злосна, адрывіста крычаў нябачны груган.

У руцэ Багатка трымаў паўнюткі поліэтыленавы пакет, дзе ляжаў прыкуплены з разлікам на колькі дзён харч: два літровых пакеты кефіру, сала, кансервы, чорны і белы хлеб. Бульба і яшчэ сёе-тое з агародніны мелася непасрэдна на дачы, у склепе.

Да месца, дзе канчаецца лог і сцяжынка ўваходзіць у прасторны дубовы гай, было яшчэ з кіламетр. За гаем, на самым узлеску, прытуліўся Багаткаў дамок.

Ці то паўплывала на Паўла Алегавіча карціна звечарэлага лесу, ці то падзейнічалі балотныя пахі, а толькі непрыемныя думкі пра жыццё-быццё зноў авалодалі ім. У забітай дарэшты электрычцы, калі ўвесь час баішся, што не зможаш прадрацца да выхаду на сваёй станцыі, — не да маркотлівых разважанняў. А зараз мімаволі пракручваўся ў галаве ўвесь скандальна-турботны дзень, паўставалі скажоныя нянавісцю твары жонкі і цешчы, калывалася постаць дачкі ў даражэзным плацці, чуліся яе пагрозлівыя словы «Ты яшчэ пашкадуеш.»

Канешне, ён яшчэ пашкадуе, думаў Багатка. Але толькі не аб тым, што развядзе яе з падлюгам Жыгоцкім, не. Ён пашкадуе, што з самага дзяцінства не даваў дачцэ добрай папругі, не вучыў розуму.

Балюча згадаліся зараз Паўлу Алегавічу падзеі двухгадовай даўнасці, калі Тамара выкінула такі фартэль, ад якога ён месяц не мог ачомацца. А было гэта так. Яна і сяброўка, студэнткі чацвёртага курса БДУ, паехалі ў ліпені важатымі ў нарачанскі дзіцячы летнік. Так, прынамсі, сказалі дамашнім. А насамрэч, як потым адкрылася, падаліся яны ў Маскву, праходзіць прагляд і праслухоўванне на месца ў нейкім поп-гурце. Прычым паршыўкі, кожныя тры дні, на працягу двух тыдняў, тэлефанавалі бацькам нібыта з Нарачы.