Выбрать главу

І вось у адзін цудоўны дзянёк, пры канцы ліпеня, заяўляецца Тамара дамоў. У цёртых джынсах і зашмулянай майцы, без рэчаў, з ускалмачанымі, выбеленымі валасамі, з дурнаватым выразам мурзатага твару. Якраз быў выхадны. Не павітаўшыся ні з бацькам, ні з маці, ляпае ўваходнымі дзвярыма, кіруе ў ванную і там запіраецца. Збянтэжыліся бацькі, крычаць: «Што та­кое, Тома, што, дачушка, здарылася?» Маўчанне. Толькі льецца вада. Дзесяць хвілін, дваццаць, паўгадзіны не адклікаецца Тамара. Баязліва прыпалі бацькі да дзвярэй, прыслухоўваюцца. А вада ўсё цурчыць, і як быццам — плёскат чуцён, мыецца, выходзіць, чалавек. Гэта крыху супакоіла. Але мінае гадзіна, паўтары, дзве — дачка ўсё не выходзіць, не адгукаецца на патрабаванні бацькі адперці дзверы, не рэагуе на плач і ўпрошванне Веры Генадзеўны. Тады Павел Алегавіч прымае жорсткае і адзіна правільнае рашэнне — рыўком выломлівае дэкаратыўную засаўку, урываецца ўнутр. За ім, зразумела, і жонка. Бачаць: ляжыць Тамара ў мыльнай пене, трымае ў руцэ люстэрка і размалёўвае касметыкай твар, як у клоуна. Агідныя чырвоныя вусы, зялёныя круглячкі шчок, сінія жудасныя кругі пад вачыма. А найстрашнейшае — тое, што на кафлянай падлозе, белымі пасмамі, валяюцца абы-як састрыжаныя яе валасы.

Прарэзліва, страшна ўскрыкнула маці. Бацька ж дзейнічаў надзвычай рашуча. Вокамгненна кінуўся на дачку, вырваў люстэрка, даў поўху, вывалак за рукі з ванны, голую абхапіў ззаду. Дрыгала нагамі, страшэнна верашчала Тамара, спрабавала драпацца. Але адкуль сілы ўзяліся ў сухарлявага Паўла Алегавіча: як абцугамі сціснуў, адарваў ад падлогі, у некалькі секунд занёс у спальню. Толькі адчайна закрычаў аслупянелай жонцы: «Што стаіш, памагай! Ёрш тваю медзь!»

Жахлівы дзень, бяссонная ноч прайшлі тады ў сям’і Багаткаў. Балазе це­шча чарговы раз у бальніцы ляжала, а то б паралюш старую хапіў.

Тамару закруцілі ў коўдру, спавілі па руках і нагах. Калі ж, стаміўшыўся, яна перастала брыкацца і плявацца, бацька пачаў да прытомнасці прыводзіць. Прыгразіў, што, калі зараз жа не раскажа ўсё «як на духу», то выкліча брыгаду — і ў вар’ятню. Хай там разбіраюцца. Гадзін пяць працягвалася гэтае тамлівае следства. Загаварыла дачка, адно калі Павел Алегавіч здагадаўся з бацькамі яе сяброўкі звязацца па тэлефоне. Вось якая, аказваецца, выйшла тут катавасія: сяброўка яе на тым конкурсе музычным прайшла, а Тамару адпрэчылі. Дык яна гэтага перажыць не змагла, у дэпрэсіі з тыдзень швэндалася па Маскве, прамантачыла ўсе грошы, згубіла ўсе рэчы, ледзь бамжыхай не стала. П’яная, не помніць як, дабіралася ў агульным вагоне да Мінска. Добра, што хоць жывая.

Вось тады б і даўмецца Багатку, што яна за чалавек і што для яе ў жыцці найгалоўнае. Не скарыстаўся першым званочкам. Сам вінаваты. А галоўнае для Тамары тое, каб наверсе ды навідавоку быць, вышэй за астатніх. І спяваць жа яна толкам не спявала, танцаваць не вучылася, але ж — хачу быць зоркай, і ба­ста! Не выжыльвацца гадамі, не з настаўнікамі ўседліва працаваць — а паехаць у Маскву і на алімп эстрадны заскочыць. У гэтым уся яе натура як на далоні.

Тры месяцы пасля таго нервовага зрыву вадзілі дачку па псіхолагах. Вучыцца яна не змагла, узяла акадэмічны водпуск. (Дарэчы, так універсітэт і не скончыла). Год, па сутнасці, правалялася на канапе. Ужо не ведалі, што і рабіць. Аднак, як і заўсёды ў Багаткавам жыцці, з’явіўся добры чарадзей у асобе Пятра Вацлававіча Жыгоцкага. Даведаўшыся ад Веры Генадзеўны пра злыбеду з дач­кой, тут жа прапанаваў узяць яе да сябе, у сваю фірму. «Ды кім жа яна там будзе, няўмека?!» — спытаўся падазроны Павел Алегавіч ва ўзрадаванай жонкі. А выдзеліў ёй Жыгоцкі месцейка цёплае — блізу сябе, не то сакратаркі, не то пасыльнай, не то рэферэнта. З акладам зайздросным. Ну, а потым. Потым здарылася тое, ад чаго ў Паўла Алегавіча месяц страўнік баліць, месяц у баку коле.

Так, удружыла дочачка, дзякуй. У самым жудасным сне падобнае не сасніцца. У-у-ух.

...Павел Алегавіч адчуў цяжар за грудзінай. Спыніўся, неўразумела паглядзеў па баках. Аказваецца, і не заўважыў, як прамінуў сыры лог, як рушыў дубовым гаем. Зараз ён стаяў на ўзлеску. Сцяжына, па якой ішоў, бегла далей жытнім палеткам, да вёскі, стрэхі якой віднеліся на даляглядзе.

Багатку ж трэба было направа, туды, дзе вісела ў вечаровым блакіце нізкае рыжае сонца. Вось-вось зачэпіцца яно краем дыска за дубовую крону, пойдзе асядаць. Няспешна, павольна, па-чэрвеньску.