Потым неяк сам сабой той страх мяне адпусціў. Аднак на працягу жыцця заўсёды паўтараюцца сны. Прычым некаторыя з іх сняцца ўжо гадоў трыццаць. Не памятаю, калі дакладна ўпершыню сасніў лесвіцу. Год, два таму?.. То гадамі падаў у снах, мучыўся прадчуваннем разбіцца аб дол. А тут, здаецца, лезу, караскаюся ў самае неба, бачу пад сабой кіламетровую бездань, а страху падзення нямашака. Страшыць толькі гуд цягніка, страшыць тое, што ўнізе. Што б гэта значыла?
Кажуць, кашмары прыходзяць ад пераядання і ад таго, што мала вакол кіслароду. Дык і нанач, здаецца, не ем, і перад сном шпацырую, і паветра ў драўлянай хаце досыць. Не ведаю.
Гляджу ў акно. На захадзе з’явіліся барвовая палосы. Падобна, дождж аціхае. Хіба выйсці размяцца?
10.06.200*
Ат жа, ну! Вось і спадзяваўся чалавек адпачыць. Учора са мной адбылося такое, ад чаго па сённяшні вечар ачухацца не магу.
Корпаўся каля дома, абкопваў кусты, змагаўся з бадзякамі і пустазеллем. Выпрастаўся з болем у спіне. І яшчэ сонца маю лысіну напякло. Стаю, і неяк паперадзе ўсё зазыбалася і стала мяняць колеры. Куст чорных парэчак, метрах у двух ад мяне, раптам пачаў хутка жаўцець, лісце на ім пашэрхла, счарнела і асыпалася. Нібы ланцугамі мой зрок да гэтага куста хто прыкуў. Гляджу, і нічога, апроч яго, не бачу. І тут. як быццам шэранню галлё зацягнула, затым — абляпіла пухнатым снегам, потым снег пачаў раставаць, павіслі маленькія ледзякі, зніклі. (Дальбог, паверыць у такое няможна!) А тады сталі набухаць на галінах пупышкі, з’явіліся лісточкі, выраслі, між іх неўзабаве зазелянелі, а потым выспелі ягады. Усё як бы зрабіла кругазварот і вярнулася на ранейшае месца. Але ж не спынілася, не! Зноў пачало жаўцець лісце. Жах тады мяне агарнуў. Здрыгануўся ўсім целам, раскрыў рот. Аднак і кроку не магу ступіць, і голасу свайго не чую. «Я памёр!» — тут жа прыйшло ў галаву. А куст пачаў мяняцца ўсё хутчэй і хутчэй, мноства ўжо разоў убіраўся ён у зеляніну, аблятаў і абрастаў снегам. І тады ашаламіла мяне здагадка, што бачу я будучыню, што вось жыццё маё калейдаскапічна перада мной прабягае і што яшчэ якія год-два — і стану я трупам. Падумалася, што рукі мае, апушчаныя ўздоўж цела, кісці іх, зараз зморшчаныя, сухія, як у старога дзеда. Казелю ўніз вочы, але не бачу, не дасягае мой зрок да кісцей. Шыю ж павярнуць ці рукі падняць — не магу. Скамянеў быццам. А дзівосны куст мяняецца ды мяняецца, усяго за некалькі секунд стаў ён год «пражываць». Невыносна стала чакаць, чым жа ўсё гэта скончыцца. І стрэльнула збродлівае: «Хай бы ўжо напраўду — канец, а то звар’яцею, гэта страшней за ўсё». Толькі я гэта падумаў, як куст замарудзіў свой дзіўны працэс і праз якую пару-тройку «гадоў» замёр, дасягнуўшы чэрвеньскай зеляніны.
Яшчэ хвілін пяць я не мог паварушыцца. Затым пакрысе аджылі ступні (я стаў адчуваць ціск на іх вагі цела), закалола ў кончыках пальцаў, я пачаў церці іх адзін аб адзін, потым сціснуў кулак, сагнуў правую руку ў локці, паднёс яе да твару, абмацаў. Словам, неўзабаве зусім ачуняў. Побач валялася матыка, да яблынькі, леваруч, была прыхілена рыдлёўка. Куст чорных парэчак трапятаў лісцем на лёгкім ветрыку. Па небе плылі рэдкія бухматыя воблачкі. Сказаць, што я знепрытомнеў? Хм. А хіба, згубіўшы прытомнасць, можна застацца стаяць? Не ведаю.
Дацёгся я да лаўкі, што пад хатай, сеў у цяньку і здранцвеў. То страшна станавілася мне, а то бязбоязна, светла. Нібы сонца ў маёй душы хавалася за аблокі і выплывала. Богведама, колькі я так праседзеў. Згадкі з мінулага жыцця чаргаваліся з роздумамі і ліпкай дрымотай. І тут неяк само сабой да мяне прыйшоў досвед. І раптам адкрылася карціна нашай Светабудовы. Не ў сэнсе планет і зорак, а ў сэнсе нябачнага — незлічоных паралельных сусветаў, бясконцага і зваротнага часу. Ведаю, што гэта выглядае трызненнем вар’ята, але ж і пішу для сябе. Словам, нічога не памірае! Любы чалавек, звер і расліна жывуць у сваім часе абсалютна рэальна, хоць бы і сканалі даўно. У любую хвіліну дня сённяшняга адбываецца і жыццё прамінулае: праходзяць сваімі дарогамі нашы продкі, абвяваюць іх вятры таго часу, хвалююць тагачасныя клопаты. Гэта, як бы сказаць. Ну, як у кінематографе, ці што — калі напраўду спагадаем мы кінагероям перад экранамі, хоць і знятыя тыя стужкі, бывае, паўстагоддзя таму, і акцёры даўно памерлі. Мы нібы ўваходзім праз экран у тыя міні-сусветы, падглядваем тое жыццё. Не ведаю, ці добры гэта прыклад, але нешта падобнае адбываецца і ў нашай Светабудове — усё жыве паралельна.
О, толькі цяпер, больш за суткі з той з’явы прайшло, пачынаю я разумець, як часта ў нашым жыцці адбываюцца з людзьмі дзівосы, анамаліі ўсякія. Яны і ёсць тымі момантамі, калі перасякаюцца разначасавыя сусветы. Багата я колісь чытаў пра НЛА, прывіды і іншае. Пасмейваўся. Гэтак жа пасмяяліся б і з мяне, каб заявіў пра свой досвед. Я суб’ект успрымання — не болей. А рэчаіснасць — штука аб’ектыўная, здаровая, жыццяздольная, яна мае ахоўныя механізмы ад анамалій, адзін з іх — нявер’е. Асабліва ж настойлівых запіраюць у псіхушкі, лечаць. Таму не дай Бог мне з кім падзяліцца. Аднак цяжка маўчаць. Пішу. Госпадзе, што ж са мной будзе?