Заўтра наважыў з’ездзіць у Мінск. Ведаю, што я там непажаданы. Знаю, што нічога не змагу памяняць. Дык хоць папужаю. Хаця. для Жыгоцкага я камар. Прыплясне і не маргне. Ну ды хай будзе як будзе.
9
На мінскую кватэру Павел Алегавіч прыбыў гадзін у сем вечара. Адамкнуў вышэйшы паверх, увайшоў і як бы там затаіўся. Уніз не спускаўся. Дамашнія таксама не праявілі да яго цікавасці. Двухпавярховая кватэра Багаткаў зноў падзялілася на два варожыя лагеры.
Атмасфера міжволі накалялася.
Так доўжылася да дванаццаці гадзін наступнага дня, калі Павел Алегавіч сышоў па лесвіцы ўніз. Ён яшчэ зранку намерыўся пагаварыць з жонкай, але марудзіў да гэтага часу, спадзеючыся, што сын Юрка нарэшце прачнецца і пабяжыць па сваіх справах. Між іншым, прыцёгся ён учора гадзіны ў тры ночы, тупаў па кватэры, ліў ваду ў ваннай і бразгаў на кухні так, што разбудзіў бацьку. «А цяпер яго ягамосць спачываюць!» — кіпеў Павел Алегавіч у сябе наверсе. Ён не хацеў весці размову з Верай Генадзеўнай пры сыне. Ведаў, што шанцаў грунтоўна пагаварыць тады не будзе ніякіх — надта ўжо ўзрываўся бацька на Юрася, надта ўжо былі яны псіхалагічна несумяшчальныя.
Але і апоўдні сын бестурботна хроп у сваім пакоі, і нічога не ўказвала на тое, што ён неўзабаве прачнецца.
Далей марнаваць час было нельга, да ўсяго і жонка магла пабегчы па магазінах. Пасля абеду ж яна, найхутчэй, заступае на сваё дзяжурства ў бальніцу.
Калі спускаўся па лесвіцы, Багатка зацяўся на перадапошняй прыступцы і ледзь не грымнуў касцямі. Саскочыўшы, цудам збалансаваў і ўтрымаўся на нагах. Аднак ступню крыху падвярнуў.
Ён улавіў слыхам, што жонка знаходзіцца на кухні, і паспяшаўся туды.
— Ну прывітанне, добрыя людзі, — як заўсёды, з’едліва пачаў Павел Алегавіч. (Другім тонам ён ужо, калі б і хацеў, не мог размаўляць з сямейнікамі.) — Як жывяце-можаце? Як здароўе? Як справы?
Вера Генадзеўна шкварыла нешта на пліце. Яна знарок не абярнулася, калі ўвайшоў муж, вытрымала непрацяглую паўзу, а тады холадна прамовіла:
— Лепш раскажы, што ты ў мінулы панядзелак вычварыў.
— А што такое? — скорчыў грымасу недаўмення муж.
Жонка павярнула да яго свой насаты злы профіль.
— І не сорамна табе? — На яе скроні выразна торгалася блакітная жылка.
— А-а-а. — тэатральна ўзвыў Павел Алегавіч. — Усё, так бы мовіць, я-ясненька. Гэта дачу-ушка наша нафіскаліла. Пазваніла, небарака, паплакацца, што бацька пакрыўдзіў! Ну-ну, — ён задаволена ўхмыльнуўся.
— Я б на тваім месцы ў яе прабачэння папрасіла. Ашаломак стары! — рэзка павысіла тон жонка. — Калі ты сапсуеш Тамары жыццё, то я. я цябе са свету звяду! — Худая, вастраносая, бледная без касметыкі і трохі ўскалмачаная, яна падалася Паўлу Алегавічу дужа падобнай на ведзьму.
«І звядзе, — падумалася, — і ўжо зводзіць».
— Вось калі ты будзеш на маім месцы, — перайшоў у рашучы наступ муж, — то тады і давай парады. Ясна табе?! — Яго высокі лоб пакрыўся сеткай маршчын. — А паколькі на маім месцы ты ніколі не будзеш, то дазволь ужо мне самому вырашаць, што рабіць.
— Правільна! — ускрыкнула Вера Генадзеўна і толькі зараз павярнулася да мужа ўсім корпусам. — Я на тваім месцы не буду, бо гэта — не прывядзі Бог. Але і на сваім месцы я знайду, павер, знайду на цябе ўправу. — У правай руцэ яна трымала нож і рашуча ім размахвала. — Паўтараю, калі яшчэ хоць раз ты прыстанеш да Томы, то. то. вось паглядзіш.
— Ха-ха-ха! — рассмяяўся Павел Алегавіч. — Вось усё, што я табе магу адказаць: ха-ха-ха! І што ж, дазволь пацікавіцца, ты са мной зробіш? — Ён хітравата глядзеў на жонку.
— Будзеш размаўляць з участковым. Уразумеў? — адчужаным паўшэптам прамовіла Вера Генадзеўна. — Вось тады будзе табе «ха-ха-ха».
— Мне трэба хавацца?
— Што? — Жонка з грэблівасцю глядзела на свайго чалавека.
— Ну хавацца — ад дзядзькі міліцыянта. — блазнаваў Павел Алегавіч. — А то ты так мяне напалохала, што хоць бяры харчы — і ў падполле сігай.
— Вось тады пасмяешся. — Вера Генадзеўна павярнулася да яго спінай, занялася плітою.
— Не, шаноўная, — пасур’ёзнеў Павел Алегавіч, — нічога вы са мной не зробіце. Гэта раз. А па-другое. Хм. Не ведаю, ці гаварыла табе фіскалка дачка, а толькі ў мінулы панядзелак я даў ёй тыдзень, каб аформіць свае ўзаемаадносіны з палюбоўнікам ці разысціся. А сёння, між іншым, ужо серада — прайшло, заўваж, дзевяць дзён. Так што хай цяпер не крыўдуюць.