— Ашаломак, стары ашаломак, — з нянавісцю выціснула з сябе жонка.
— Ці, можа, яны выканалі мой ультыматум? — працягваў цвяліць ёй нервы муж. — Калі так — выбачайце, панове! Калі Пятро Вацлававіч цяпер мой законны зяць, то тады выбачайце.
— А ідзі ты ў задніцу! Лезь ты на свой паверх! Едзь ты на сваю дачу! — закрычала, абярнуўшыся, Вера Генадзеўна. — Ды каб ты. — Яна ледзь стрымала праклён, што рваўся з вуснаў.
— Ты можаш мяне лаяць, можаш праклінаць, можаш жадаць маёй смерці, — настаўленча-халодным голасам мовіў Павел Алегавіч, — але ўсё адно будзе так, як я рашыў. Папярэджваю: калі гэтыя двое юрліўцаў не падпарадкаваліся майму загаду, то ўсе даведаюцца пра Жыгоцкага такое, пасля чаго ты сама не захочаш з ім знацца. — Тут ён згубіў свой штучны спакой. — І сама дачку сваю за валасы ад яго выцягнеш!
Са смакам пракрычаўшы апошнія словы, Багатка выскачыў з кухні.
— Гад ты! — неслася яму ўслед. — Сволач!
У калідоры Павел Алегавіч шпарка пакіраваў да лесвіцы. Безумоўна, ён ужо шкадаваў, што спусціўся для гэтай размовы. Зараз хацелася аднаго: схавацца ў сябе і не чуць шалёнага жончынага ляманту.
Аднак нячысцік яшчэ раз падштурхнуў Багатку на рэзкія і скандальныя дзеянні. У шчыліне прыадчыненых дзвярэй жончынага пакоя ён заўважыў цешчыны вочы. Так, тыя нямілыя яго сэрцу лупатыя вочы на поўным, шматпадбародкавым твары. Акурат гэтае цікаўнае тырчанне старой у дзвярах, прагнае і адначасова баязлівае падслухоўванне, так моцна ўзлавала Паўла Алегавіча, што ён рэзка змяніў курс і збочыў направа — у пакой сына. Штуршком разнасцежыўшы дзверы, Багатка-старэйшы апынуўся ў шчыльна заштораным памяшканні. Паветра тут было надзвычай нясвежае. Млосна цягнула кіслым потам, сырым тытунём і яшчэ нечым брыдотным. На падлозе валяліся груды адзення, шкарпэткі, абутак. На адзін туфель Павел Алегавіч наступіў непасрэдна каля парога. Сам жа Юрась неахайна раскінуўся на тахце, на скамечанай пасцелі, ніцма. Коўдра амаль спаўзла на падлогу і прыкрывала толькі яго галёнкі. Ва ўтвораным шторамі прыцемку бялела худасочнае цела ў пярэстых плаўках. Бязмускульнае, касціста-рабрыстае цела. Падушка ляжала ў сантыметрах дваццаці ад ускалмачанай галавы, твар быў павернуты да сценкі.
Пры раптоўным і даволі шумным з’яўленні бацькі сын нават не зварухнуўся — так моцна спаў.
— Рота, пад’ём!!! — гаркнуў Павел Алегавіч, падскочыў да акна і рыўком адшмаргнуў адну шторыну, другую.
Дзённае святло заліло пакой і яшчэ выразней абазначыла ўчынены сынам вэрхал. Сам жа Юрась ад гэтага каманднага крыку спалохана прахапіўся, сеў і не напоўніцу расплюшчанымі вачыма ўтаропіўся на бацьку. А той з такім жа спрытам і рэзкасцю адчыніў акно, з якога адразу заструменіла сыравата-цёплае паветра.
— Што здарылася? — прамямліў знячэўлены сын.
Тады бацька абярнуўся да яго, акінуў насмешлівым позіркам і прамовіў:
— У мяне — нічога. А вось што здарылася ў цябе?
— У мяне? — тупа і сонна глядзеў на яго Юрась. — Нічога. Я спаў.
— Вось-вось. Ты спаў. А між тым зараз першая гадзіна дня, — з кожным словам голас бацькі суровеў, — а між тым добрыя людзі ўжо гадзін шэсць як прачнуліся, пасталі на свае працоўныя месцы і шчыруюць, каб вось такіх, як ты, — тут ён падскочыў да сына, ухапіў яго за тырчастыя чырвона-сінія валасы, — млявых дармаедаў карміць! А ты спі, сынок, яны за цябе папрацуюць.
— Ай-і, пусці! Што ты робіш! — заскавытаў вузкаплечы, нядошлы сын, сілячыся выслабаніцца.
Павел Алегавіч сам яго адпусціў.
— Што ты прыстаў! — тым не менш узмацніў свой лямант Юрась. — Я ноччу працаваў, і ты гэта ведаеш!..
— Я найперш ведаю, што твая праца — дзярмо! — перабіў яго бацька. — Твая праца тым людзям, што стаяць ля станкоў і вырабляюць табе харчы, толькі шкодзіць.
— Адстань ад мяне! Сам ты. — Ён яўна хацеў сказаць: «Сам ты дзярмо!», але на насмеліўся, бо Павел Алегавіч быў відавочна за яго дужэйшы.
— І я раю табе, міл-чалавек: чым бегаць ад арміі, здабываючы ліпавыя даведкі, — адслужы, а пасля займіся стваральнай чалавечай дзейнасцю. А музыка з цябе ніякі. Ты гэта сам ведаеш.
Сын прамаўчаў. Голы, танкашыі, сутулы, варты жалю, з недарэчным грэбнем валасоў на галаве, ён спадылба пазіраў на бацьку.
— І яшчэ два словы, — працягваў сваю казань Павел Алегавіч. — Майму дзеду, а твайму прадзеду, цяпер дзевяноста восем гадоў. А ён поўны сіл і здароўя. І сакрэт яго якраз у тым, што ён адмалку ўстае ў пяць гадзін раніцы і ўвесь дзень ішачыць. А ў дзевяць вечара, памаліўшыся, зачыняе аканіцы і кладзецца спаць. — Тут бацька зірнуў на сына, які зябка чухаў вострыя плечы, і дадаў: — Падумай, дружа, і вырашы, што табе трэба ў сабе памяняць. Бо ты ў свае дваццаць гадоў, прабач, нагадваеш нейкага дохлага гнома. Будзь жа мужчынам у рэшце рэшт.