— Ён сына павучае, нахабнік! — раздаўся з-за Багаткавай спіны звяглівы жончын голас. — І ён яшчэ можа кагось павучаць!
Павел Алегавіч абярнуўся. Узяўшыся ў бокі, у пройме дзвярэй у ваяўнічай паставе стаяла Вера Генадзеўна.
— Ды цябе самога трэба вучыць, а то і лячыць! — Яна рушыла на мужа. — І не смей дзецям нервы трапаць!
«Хто б пра нервы казаў, істэрычка!» — закарцела выкрыкнуць Паўлу Алегавічу. Аднак тут жа ўявілася далейшая звыклая сварка — з немым лямантам, з магчымым рукапрыкладствам, з «хуткай дапамогай» для цешчы, — і ён прамаўчаў. Сціснуў за спінай кулакі і, таропка абмінуўшы жонку, выйшаў з пакоя.
— Дзеці будуць жыць, як хочуць. Яны дарослыя людзі, і ты ім не ўказ! А ты за сабой сачы. І свае псіхі трымай пры сабе! Чуеш? — ляцела яму наўздагон ад раз’юшанай жонкі: спачатку — з пакоя сына, а затым, калі Багатка імкліва ўзбіраўся па лесвіцы, — з калідора.
Унізе, у дзвярах спальні, цяпер ужо не тоячыся, стаяла і ўсміхалася цешча.
— Вера, калі ж ён перастане нас мардаваць! — жаласна загаласіла яна, як толькі зяць схаваўся на сваім версе. — Ён жа мяне ў магілу звядзе! Вера, трэба ж нешта рабіць.
10
Павел Алегавіч прайшоў у сваю спальню і запёр дзверы на засаўку. Гэта каб яго ўжо зусім не дасталі, нават калі хто і ўздумае залезці наверх.
Багатка паспрабаваў глядзець тэлевізар, але з дваццаці кабельных каналаў не змог спыніцца ні на адной перадачы. Усё здавалася пошла-крыклівым, не развейвала, не праганяла кепскі настрой. Выключыў тэлевізар, лёг на тахту, уставіў у магнітолу, што стаяла на тумбачцы, музычны дыск, націснуў кнопку, надзеў навушнікі, заплюшчыў вочы. Аднак і любімы фартэпіянны канцэрт, дзе выконваліся класічныя творы, не супакоіў.
Адным словам, дзень быў непапраўна сапсуты. Ва ўсякім разе, у кватэры заставацца было немагчыма. Атрутныя словы, выпушчаныя Багаткам у перапалцы з жонкай і сынам, быццам распаўсюдзіліся па ўсёй двухпавярховай кватэры, праніклі ў шчыліны між дзвярыма і вушаком, ахуталі, запоўнілі яго лёгкія. Нябачны, лятучы, непазбыўны яд.
Павел Алегавіч прайшоў у калідор, абуўся, накінуў лёгкую куртачку, насунуў на лысіну кепку і выйшаў з кватэры.
Было прыкра, што на сёння ён намеціў сякія-такія справы па доме, а выканаць іх не зможа. Заўтра ж трэба зноў ехаць на дачу: абарваўся электрычны дрот, што цягнуўся да хаты, і з калгаса абяцалі прыслаць манцёра.
Так, трэба заўтра ехаць з самага рання, а сёння вечарам закупіць прадуктаў не менш як на тыдзень. Але ж дзе правесці некалькі гадзін, што засталіся да вечара? Куды падацца?
Павел Алегавіч шпаркай хадою дасягнуў найбліжэйшага прыпынку, сеў у аўтобус, даехаў да праспекта Скарыны і спусціўся ў метро. Ён бязмэтна і вельмі доўга, як збеглы з урокаў школьнік, катаўся ў падземцы, затым рашыў падняцца праветрыцца. І неяк само сабой атрымалася, што выйшаў ён на станцыі «Няміга». Больш таго, скіраваў убок праспекта Машэрава, прайшоў па ім метраў трыста, збочыў налева. Гэта быў усё той жа знаемы маршрут.
І хоць пераконваў сябе Багатка, што проста прагульваецца і бавіць час, ногі зусім мэтанакіравана неслі яго да шэрага трохпавярховых элітных дамоў, у адным з каторых пражывае цяпер Тамара.
Не, ён не меркаваў сёння сустракацца з дачкою, а тым болей бузіць і скандаліць. Багатка, будучы збольшага чалавекам нармальным, ведаў, што яго пагроза і ультыматум — танны блеф, на які мацёры Пецька Жыгоцкі і зважаць не стане. Адзінае, што ён можа зрабіць, — гэта крыху папсаваць нервы дачцэ. Ну ды Бог з ёю.
І ўсё ж Павел Алегавіч з гадзіну кружляў блізу агароджаных падворкаў, цікуючы то за вокнамі жоўта-зялёнага дома, то за брамай, адкуль магла выехаць (ці заехаць) машына дачкі. Сорамна сказаць, але ён не ведаў нават паверха, дзе яна пражывае, а нумара кватэры ці тэлефона — і пагатоў. Сямейнікі дбайна ахоўвалі ад яго гэты досвед.
Недзе а палове чацвёртай захмарыла, пайшоў спорны дождж, які неўзабаве ператварыўся ў сапраўдны лівень. Багатка напачатку ўкрываўся пад разгалістым клёнам, затым, калі кроплі сталі моцна дапякаць, а ўдары перуна пачасціліся, нацягнуў куртку на галаву і памчаўся ў пад’езд дзевяціпавярхоўкі, што знаходзілася ад яго метрах у ста.