— Аднак не бойся. Пакуль цябе не забяруць, не. У нас цяперака капіталізм, і тваё здароўе дзяржаву мала турбуе. Але! — Павел узвысіў голас. — Але гэта толькі тады, калі ты не будзеш дужа настойлівы. Калі ж ты не спыніш свае допісы ў інстанцыі, калі, не прывядзі Бог, уздумаеш даслаць сваю пісаніну ў Акадэмію, то крыўдуй на сябе: прыедуць і забяруць. Зразумеў? А павязуць цябе, брацік, не ў Мінск, дзе я змагу да цябе наведвацца, а найхутчэй — у Магілёў, а гэта ад мяне задалёка. Падумай, Славік. — Ён устаў. — Я не заклікаю цябе паліць тваю пісаніну. Чытай, наталяйся, цешся. Але толькі сам з сабой.
Павел Алегавіч рашуча пакінуў пакой. У прыхожай ён наткнуўся на Вольгу, якая, відаць, падслухвала пад дзвярыма.
— Шыза, форменная шыза! — злосна кінуў ёй дзевер. — Як жа мы з табой яго прамаргалі! — Ён схапіў сваю сумку, што стаяла на абутковай паліцы, сарваў з крука летнюю куртку.
— Ты куды, Паш! Абед жа. — разгублена глядзела на яго Вольга; у дзвярах свайго пакоя з’явіўся нейкі памяты Слаўка.
— А я ўжо сыты! — павярнуўся да іх тварам Павел Алегавіч. — Во дзе, па горла! — Ён шмаргануў рукой ніжэй падбародка, адамкнуў уваходныя дзверы і выйшаў.
— Дык ты што — болей не вернешся?! — галёкала яму ўслед братавая.
— Не ведаю! — крыкнуў Павел Алегавіч ужо з першага паверха; тут яму стала шкада Вольгу і ён дадаў: — Можа, вечарам! Калі не — пазваню. — Хоць пэўна ведаў, што не застанецца тут начаваць.
«Гарбатага магіла паправіць!» — сноўдалася ў яго галаве жахлівая думка.
14
Павел Алегавіч доўга хадзіў па горадзе. Жвавай хадой намагаўся суняць ліпучае, неадчэпнае раздражненне. Бачыцца, размаўляць і як-небудзь пераконваць брата ён не жадаў. Прынамсі, сягоння.
Адвячоркам Багатку вынесла на мост. Унізе паблісквала шырачэзная стужка ракі. Ззаду, за высокім бетонным бардзюрам, тарахцелі і грукалі аўтамабілі. У небе не было ні воблачка. Чэрвеньскае сонца плавіла дарожнае пакрыццё, ад яго ішоў густы задушлівы пах.
Павел Алегавіч налёг грудзьмі на высокае біла, паставіў сумку пад ногі. Задуменна глядзеў на раку. Яе рэчышча з добры кіламетр ішло не згінаючыся. Правы бераг, дзе горад, высокі. Левы нізкі — там паплавы, пашы. У трохстах метрах паперадзе гарадскі пляж. Там пагорак найменей круты, а ля вады — ладная пясчаная пляцоўка. На пяску і ў вадзе поўна народу. Збольшага пялёхкаюцца ля берага, мала хто адважваецца хаця б наблізіцца да сярэдзіны — рака славіцца сваімі вірамі, быстракамі, халоднымі падводнымі плынямі.
І, як заўсёды, колькі акіне вока — лодкі, лодкі і лодкі. Надзіманыя, драўляныя пласкадонкі, чаўны. Нехта рыбачыць, нехта проста катаецца. Вунь, далёка-далёка, узнімае пену маторка. З-за лукавіны вынікнуў рэйсавы цеплаход. Пільнуецца правага берага, дзе глыбей.
А там, ад пляжа якіх сто метраў, блішчыць на сонцы металічны дах чатырохпавярховага дома. Высокія кашлатыя дрэвы атачаюць яго. Побач — яшчэ некалькі захінутых зелянінай ніжэйшых будынкаў. У той чатырохпавярхоўцы нарадзіўся і вырас Павел Алегавіч. Тры гады ўжо там не бываў — як пахаваў бацьку. І карціць туды завітаць, а нешта не пускае, тармозіць. Ужо колькі прыездаў ходзіць вакол гэтага дома Багатка, прыглядаецца, да двара набліжаўся, у альтанцы суседняй сядзеў...
Жыве там цяпер братава дачка Ксеня з мужам і сынком Колем — Паўла Алегавіча, значыць, пляменнікам. Не паспелі, можна сказаць, памінкі прайсці, як яны туды пераехалі. Акурат гэтая паспешлівасць і ўразіла Паўла Алегавіча, затаіў ён з таго часу на пляменніцу злосць: нібы чакала яна дзедавага скону. Хутка, трывала абжылася Ксеня з сям’ёю. Адзін толькі раз і наведаўся да іх
Багатка, на саракавіны па бацьку. Ух і здзівілі яго перамены ў кватэры! Не тое каб рэчы якія новыя — а дух, у тым сэнсе, што і духу ад ягоных бацькоў за месяц не засталося. Як не жылі на свеце зусім.
А дом гэты для мінчаніна Паўла Алегавіча трыццаць пяць гадоў быў слаўным прыстанкам. На выхадныя, у водпуск, на святы ездзіў ён да бацькоў і заўсёды выдатна там пачуваўся. Спаў на тым жа ложку, што і ў дзяцінстве, глядзеў у тое ж акно, на раку. Ложак цяпер выкінуты, а замест яго стаіць шырокі, двухспальны.
І хоць, калі паглядзець аб’ектыўна, па-іншаму і быць не магло — дагэтуль Ксеня з мужам чатыры гады здымалі палову прыватнай хаты, — не ў стане ёй дараваць Павел Алегавіч той паспешлівасці пераезду, той гаспадарлівасці ды разважнасці. Не можа, і хоць ты трэсні.
Згадваецца, як бацька, што перажыў маці роўна на год, пасля пахавання жонкі катастрафічна драхлеў, дзяцінеў, хадзіў недагледжаны, і ніхто з ім, акрамя Вольгі, не няньчыўся. А ў той свае клопаты. Там Славік, якому штат абслугі патрэбны.