Выбрать главу

Даварыў, ціхамірна разліў у слоікі, аднёс у хату. Ну, а потым трэба ж каструлю адчысціць. Шкрабаў я, шкрабаў і не заўважыў, як аса ўнутр заляцела. Яны і дагэтуль, чэрці, побач кружлялі, аднак дыму баяліся. А тут асмялелі і прама ў каструлю палезлі, на салодкія сценкі. Адна, адразу ж другая, трэцяя. Стаў я іх лыжкай выганяць. Справа прывычная. Ну, бывала, і кусне якая. Нішто. Я чалавек трывучы. А тут, чортведама як, адна з каструлі ды мне ў твар шуганула. Я машынальна яе прыціснуў далонню. Тут яна і ўджаліла. У правую шчаку, бліжэй да скроні.

Ну балела і балела сабе. Я намачыў анучку ў халоднай вадзе і, час ад часу прыкладаючы да шчакі, даканчваў шараваць каструлю. І якраз ветрык аблокі рассеяў, сонца надоўга выглянула — і мне ў галаву. Тут шчака гарыць невыносна, а яшчэ і лысіна плавіцца. Цярплю. Дамываю. Дамыў. Рушыў у хату.

І тутака заўважаю, што мяне з боку ў бок калывае, а перад вачыма — зіхоткія сонечныя зайчыкі. Цераз парог ужо ледзь перайшоў. Даплёўся да канапы, сеў. А ўваччу плыве ды туманіцца. Узяў з тумбачкі маленькае люстэрка, паглядзеў і жахнуўся: фізіяноміі не пазнаць. Мясістая, хваравіта чырвоная, правага вока зусім не відно, толькі шчылінка; левае таксама заплывае, звужаецца. Божухна, думаю, вось табе і аса.

Гадзіна, можа, прайшла, а я ўжо нічога не бачу, ляжу, і калатун б’е. Гарачка, значыць, разыгралася. Не ў змозе зрушыцца, і няма каму памагчы.

Гэта цяпер я кумекаю, што мог ацёк мозгу пачацца і знайшлі б мяне, магчыма, праз некалькі сутак паедзенага чарвякамі і мухамі. А тады...

А вось што я пабачыў тады.

Раптам разліпаюцца мае вочы, устаю, з нечаканай лёгкасцю іду да дзвярэй, адчыняю, выходжу. Не здзіўляюся, хаця на дварэ ранняя вясна, голыя мокрыя дрэвы, і стаю я на ганку свайго пад’езда. Поруч — высокі старэйшы хлопец. У руках ягоных рагатка. «Глядзі», — кажа мне, а тады нацягвае, цэліцца ў суседні дом, што напроці, страляе. Праз імгненне бразгае і абрынаецца ўніз шыба на трэцім паверсе. Мне робіцца страшна. Страшна, відаць, і хлопцу. Ён зладзеявата совае рагатку ў кішэнь курткі, сыкае: «Хавайся!» — і бяжыць уздоўж дома ў суседні пад’езд. Ён там жыве. А я працягваю затарможана тырчаць на сваім ганку. З-за рага суседняга дома вынырвае нізкая каржакаватая цётка, рашуча шыбуе ў мой бок. Я доўга не кранаюся з месца, хаця трэба ўцякаць. Падманваю сябе, што яна рухаецца не да мяне. Але гэта відавочна не так. Калі паміж намі застаецца метраў пяць, зрываюся і бягу. Я абраў найгоршы шлях — хавацца ў сваім пад’ездзе. Гэта яўны гамон. Аднак штомоцы бягу наверх, дасягаю трэцяга паверха, званю, затым малачу ў дзверы кулакамі. Адказу няма, а ззаду пыхканне і тэпанне каржакаватай цёткі з суровым тварам. Між намі ўжо адзін лесвічны пралёт. У роспачы зрываюся і імчуся вышэй, на апошні паверх. Ззаду злавесныя крокі. Дабягаю да пляцоўкі, дзе дзверы, але стукацца бессэнсоўна: хто мне адкрые? Я ж тут не жыву. Позірк ліхаманкава шукае выйсця і натрапляе на жалезную лесвіцу, што вядзе на паддашак. «Гэта ратунак мой!» — праносіцца ў галаве; я хапаюся рукамі за парэнчы, стаўлю нагу.

Тут відзеж мой абарваўся, і заўважаю, што ляжу я на ложку, у хаце прыцемак. У акно відаць, як познавечаровае сонца залоціць макаўку клёна на ўзлеску. Бяру люстэрка. Пстрыкаю кнопкай таршэра. Ацёчнасць з твару спадае, адкрылася левае вока. Правая частка твару, праўда, усё яшчэ страхалюдная. Мяне больш не калоціць, але пакутліва баліць галава.

Усю ноч правёў, напаўлежачы на канапе, не ў сне, а ў трывожнай дрымоце. Хто толькі да мяне не яўляўся! І жывыя, і мёртвыя, і ворагі, і сябры. Пры тым разумеў, што не сплю і што гэта не насамрэч. Страху не адчуваў, бо такі стан мне знаёмы: ён бывае раніцамі, калі кепска, у душным пакоі, адасплю ноч і не магу канчаткова прачнуцца.

Розум мой працаваў як бы паралельна відзежам. За ноч дэталёва ўспомніў, хто такія той хлопец і кабета з суровым тварам. Нанова ўсё перажыў.

Гэта было ў маленстве, мне гадоў сем-восем, хлопец жа на гадоў пяць старэйшы, сусед. Забыўся, як яго звалі... Так і здарылася напраўду: ён стрэліў з рагаткі і змыўся. Цётка схапіла мяне ля пад’езда, нікуды я не ўцякаў. Ад страху ледзь не наклаў у штаны і здаў таго хлопца з трыбухамі. Яго жорстка пакаралі бацькі. А мяне некалькі год мучыла сумленне. І найбольш вярэдзіла тое, што раней хлопец браў мяне ў кампанію старэйшых (хуліганаў), так бы мовіць, давяраў. Ён не пабіў мяне, хаця і павінен і мог бы, а толькі пры сустрэчы сказаў, што так мужыкі не паступаюць. Больш са мной ён не знаўся.