Дзіўна, адперажываўшы пасля таго выпадку колькі гадоў, я потым начыста пра яго забыўся.
Сёння цэлы дзень жыву, як лімон выціснуты, — такая слабасць. На душы пустэча. Хаця, на добры лад, радавацца трэба і танчыць: бо цяпер ясна, як лёгка я мог спруцянець. Але ж не радуюся. Такі чалавек.
Толькі што пярун ляснуў над самай хатай. Ані трохі не было страшна — настолькі на ўсё напляваць.
Прастрацыя.
15
Гадзін у шэсць вечара блізу бальніцы № 4 спынілася раскошнае блакітнае аўто. З задніх дзвярэй выйшла маладая жанчына ў белым летнім касцюме. Хутка да яе падышла кабета, апранутая ва ўсё шэрае. Яны прывітальна цмокнуліся, перакінуліся некалькімі словамі і залезлі ўнутр, на задняе сядзенне. Кіроўца, які так і не паказаўся, спрытна развярнуўся і пагнаў аўто па вуліцах горада. Было пагодліва, сонечна, але не надта спякотна. Машына неслася пад заценню пышных дрэў, паўз пазалочаныя дамы і зіхоткія шыбы, міма кіёскаў, слупоў, пешаходаў. Неўзабаве выруліла на праспект Скарыны, крыху праехала па ім, збочыла направа і праз метраў пяцьдзесят прыпаркавалася ля аднаго рэстаранчыка.
На гэты раз кіроўца выскачыў першы, знасцежыў заднія дзверы, падаў руку кабеце, затым — маладой жанчыне, памагаючы выйсці. Маладзіца нешта яму сказала, ён згодна кіўнуў, адышоўся на пару крокаў і дастаў з нагруднай кішэні пачак цыгарэт.
Жанчыны ж паважна рушылі да ўвахода ў рэстаран. Вартаўнік, што тырчаў у дзвярах, згледзеўшы гэтую пару, расплыўся ў халуйскай усмешцы, якая была больш скіравана да маладзейшай.
Спадарожніцы падняліся па вінтавой лесвіцы на другі паверх. Там іх сустрэў паўнатвары дзяцюк, дагодліва ссутуліўся, залапатаў скорагаворкаю, замахаў рукамі.
— Ігнат, нам бы кабінку, — уладарна кінула маладая.
— Канешне, канешне, Тамара Паўлаўна! — тузануўся ўсім целам таўсматы Ігнат і пабег паперадзе, абарочваючыся на хаду і прыгаворваючы: — Сюды, сюды, калі ласка.
Прамінуўшы стойку бара, маленькую залу, калідорчык з уваходам у більярдную, жанчыны дапялі дзвярэй, перад якімі дзяцюк запыніўся, па-лакейску прыгнуўся і штуршком рукі адчыніў.
— Прашу, спадарыні. — Унутр ён пранік толькі ўслед за жанчынамі. — Размяшчайцеся, калі ласка, зараз жа прышлю чалавека. — І ўюном выслізнуў вон.
Тамара Багатка, дачка нашага Паўла Алегавіча, і Вера Генадзеўна, яго жонка, уселіся за столік, у мяккія крэслы, напроці адна адной. Сцены кабінкі былі абабіты рудым аксамітам, такі ж колер мелі і столь, і драўляная падлога. Стол пакрываў ружовы абрус. На ім знаходзіліся прыборы, попельніца ў выглядзе чарапахі, ляжалі сурвэткі. Над сталом, даволі нізка, вісела мудрагелістая крыштальная люстра.
Вера Генадзеўна ва ўсе вочы аглядала пакойчык. Яе дачка, наадварот, нічому тут не здзіўлялася. Яна дастала з дамскай сумачкі вузкі пачак, выбіла тонкую карычневую цыгарэту, пачак нядбайна кінула на стол. Тады пстрыкнула запальніцай, падкурыла і млява адвалілася на спінку фатэля. На прыгожым Тамарыным твары выяўляўся ўнутраны неспакой. Кісць правай рукі, у якой яна зграбна трымала цыгарэту, аздаблялі два пярсцёнкі з каменьчыкамі. Паблісквалі каменьчыкамі і завушніцы.
Афіцыянт, якога абяцаў прыслаць разваротлівы Ігнат, сябе чакаць не прымусіў — убег з ручніком на сагнутай у локці руцэ і паслужліва застыў перад гасцямі. У другой, апушчанай долу, руцэ ён трымаў меню. Гэта быў хлопец гадоў дваццаці пяці, даўгалыгі, вузкаплечы, з мілавідным жаночым тварам і пышнымі кучаравымі валасамі.
— Прашу вас, — далікатна працягнуў ён Тамары меню; голас у хлопца таксама аказаўся тонкі і не зусім мужчынскі.
— Жэнечка, — ласкава звярнулася да яго Тамара, выпускаючы дым разам са словамі, — прынясі ты нам, дарагі... — Тут яна, адклаўшы меню ўбок, вымавіла некалькі французскіх слоў. — Праўда, мама? — павярнулася яна да Веры Генадзеўна.
— Добра, добра, — збянтэжана прамармытала тая.
— І яшчэ віна... — (зноў незразумелыя для Веры Генадзеўны словы), — белага.
— Слухаюся, — пакланіўся Жэнечка і выплыў з кабінкі.
Даволі хутка перад гасцямі з’явіліся ўсе заказаныя стравы, было разліта ў келіхі светлае віно, а затым, па просьбе Тамары, афіцыянт іх пакінуў, зачыніўшы за сабой дзверы.
Тамара паспешліва паспытала таго-сяго, адвалілася ў крэсла, зноў закурыла, а тады звярнулася да маці, што з апетытам схілілася над талеркай:
— Дык вось, мам, для чаго мне трэ было з табою сустрэцца. — Яна неяк нервова падалася наперад, стрэсла попел у «чарапаху», зноўку адкінулася на спінку. — Трэба нешта з бацькам рабіць.