Выбрать главу

— У якім сэнсе, дачушка? — не данёсшы відэлец з наколатай рыбай да рота, замерла Вера Генадзеўна.

— У тым сэнсе, што ён пераходзіць усякія межы, — холадна прамовіла Тамара. — Гэтыя пастаянныя пагрозы, званкі, гэтая нездаровая нянавісць да мяне з Пецем. Гэтак жа жыць немагчыма!

— Ну, Томік, — прымірэнча пачала маці, — хіба ты свайго бацьку не ведаеш. Хай злуецца, хай локці сабе кусае. Табе што з таго?

— Ды каб проста злаваўся! — ускінулася дачка. — Ён жа пагражае, агрэсіўна ўмешваецца ў маё асабістае жыццё. Ты ведаеш, што ён раздабыў нумар нашага дамашняга тэлефона і мардуе званкамі?

— Як?! — здрыганулася Вера Генадзеўна. — Томік, дальбог, я яму не давала твой нумар. Ні я, ні бабуля.

— Ай! — махнула рукой Тамара. — Ды якая цяпер розніца: давала — не давала. Здабыў, вось у чым бяда. Цяпер гэта няцяжка. Адрас жа ведае. Дзякаваць Богу, хоць на дачу і на мабільнік пакуль не звоніць.

— Дык а што ж ён, дурань, да цябе прычапіўся, чаго дамагаецца?

— А ты не ведаеш? — сярдзіта зіхатнула вачыма дачка. — Усё таго ж. Таго, што заўсёды. Таго, што і тым разам, калі перад домам да мяне прыставаў.

— Ну ён жа павінен разумець, што гэтага не будзе, што ты дарослы чалавек і ён табе не ўказ!

— Гэта ты, мам, разумееш. Гэта я і Пеця разумеем. А як яму, ідыёту, давесці? — усклікнула Тамара.

— Ну-ну, дачушка, не трэба на бацьку такімі словамі. — пралепятала Вера Генадзеўна. Есці яна ўжо не змагла, хоць некаторыя стравы стаялі перад ёй некранутыя; аднак узяла келіх і адпіла тры чвэрці з налітага.

— А якімі яшчэ на яго словамі, калі ён па-людску не разумее?! — усё больш закіпала Тамара. — Ты ж зразумей, мам, што, калі ён не спыніць свае дамаганні, калі не сунімецца, то Пеця. — тут яна секунду павагалася, — то Пеця прыме самыя жорсткія захады.

— Пачакай, Томік, якія захады? — насцярожылася Вера Генадзеўна.

— Не бойся, — супакоіла яе дачка, — біць яго ніхто, канешне, не будзе. Але ж ёсць законныя структуры, закліканыя абараняць спакой сваіх грамадзян. Ёсць тая ж міліцыя, ёсць прымусовыя медыцынскія ўстановы, дзе будуць высвятляць прычыны ягонага шалу.

— Не, дачушка, тут ты, здаецца, перагібаеш. Бацька, канешне, чалавек неўраўнаважаны, псіхаваты, але і ты яго зразумей. Ён (як, дарэчы, і я) хвалюецца за твой лёс.

— А вось не трэба за мяне хвалявацца! — запальчыва ўсклікнула дачка. — Сама як-небудзь.

— Ну-ну, Томік, навошта ж так нервавацца? Ужо ж мне ты павінна верыць, ужо ж я толькі дабра табе магу пажадаць.

— Табе я веру, мам, — Тамара зляпіла грымасу пакрыўджанай дзяўчынкі, — для таго і сустрэлася тут з табой. Дык памажы, парай, што рабіць.

— Асноўнае, чым бацька незадаволены, як я разумею, гэта, дачушка, твой сацыяльны статус. Прабач, але ён і мяне хвалюе. Жыгоцкі, вядома ж, чалавек станоўчы, харошы. Але не дай Бог у вас разлад, — загаварыла шэптам Вера Генадзеўна, — і ўсё рэзка для цябе зменіцца.

— Нічога не зменіцца, мы кахаем адно аднаго, і больш я нічога не хачу ведаць! — Тамара ўзяла ў руку келіх, адпіла зусім трошкі віна, вярнула на стол.

— Ты зноў гарачышся, — з любасцю пазірала на яе маці, — а я прасіла выслухаць мяне памяркоўна.

Дачка скрывілася і прамаўчала.

— Дык вось, Тамарачка. У Пятра Вацлававіча ёсць двое дарослых сыноў, жонка, з якой ён так дагэтуль і не развёўся. Усе яны, хочаш не хочаш, а прэтэндэнты на яго грошы, а ты ім — саперніца. Як ні круці. Гэта, дачушка, трэба заўсёды памятаць. Скажы, чаму ён не развядзецца?

— Няўжо ты думаеш, што я вось так у лоб і спытаю: «Пець, а чаму ты не ў разводзе?»

— Не, не думаю, — сур’ёзна сказала маці, — але празандзіраваць, тактоўна выведаць усё — табе неабходна. Каб не было потым расчараванняў. Я вось, напрыклад, ад цябе ніколі не чула пра яго малодшага сына. А між тым ведаю, што сыноў у Жыгоцкага двое: малодшы Андрэй і старэйшы Саша.

— Ён з ім не жыве, — буркнула Тамара, маючы на ўвазе малодшага.

— Чаму, цікавілася?

— Не цікавілася, але падазраю, што яны з ім у напружаных адносінах. Дакладней — у ніякіх адносінах. Больш таго, я адчуваю, што ўсякія размовы такога плана для Пеці балючыя, а таму не прыстаю.

— А ты не прыставай, — крыху пасунулася да яе Вера Генадзеўна, — аднак ведаць павінна. Можа, гэта пастка для цябе якая, можа, там што нячыста?..

— Дык што ты мне прапаноўваеш? — утаропілася на яе дачка.

— Канкрэтна — нічога. А ўвогуле — быць асцярожнай і лавіць кожную чутку, кожны намёк. Мабыць, дакументы якія, фотаздымкі ў доме захоўваюцца. Можа, у размове са старэйшым сынам што прамільгне.

— Сашка — гэта правая рука бацькі, самы адданы яму чалавек. Ён нічога не скажа. — Тамара зноў задыміла цыгарэтай. — І наогул, нікуды я лезці не буду.