— І ўсё-ткі, — настойвала маці, — чаму ён з жонкай не развядзецца, як думаеш?
— Ай, ну мам! Ты хочаш, каб я табе намалявала ўсю паднаготную іхняй сям’і. Я магу толькі здагадвацца, разумееш?.. — Дачка памаўчала надзьмуўшыся. — Ну, я мяркую, што ці то яна не дае яму разводу, ці то ўмовы, пры якіх ён можа адбыцца, Пецю не здавальняюць. Па законе ж, мабыць, нешта і ёй належыць.
— Належыць, і думаю, што нямала. А адкупіцца ён не спрабаваў?
— Ат, мам! — абурылася Тамара. — Ты пераходзіш усякія межы разумнага! Ну адкуль жа мне гэта знаць? — І істэрычна: — Госпадзе, ды дайце ж мне проста спакойна пажыць!
— І зноў ты хвалюешся, — працягвала дапытлівая маці, — а між тым твой спакой залежыць іменна ад ведання сітуацыі.
— Мой спакой залежыць ад роднага бацькі! Вось ад каго мой галаўны боль. Ён жа, напэўна, мне нейкую падлянку задумаў. Ды што там задумаў — ён адкрыта гаворыць, што сапсуе мне жыццё, што не дасць нам з Пецем быць разам. — На Тамарыных вачах навярнуліся слёзы. — Скажы, хіба так можна, як ён паступае? Пеця аднойчы з ім гаварыў (да тэлефона падышоў першы), дык татка мой яго мацюкамі накрыў. Пеця, калі хочаш знаць, з таго дня спіць дрэнна, раздражнёны, а ў яго, ведаеш, якая нагрузка. Яму ж з людзьмі кожны дзень працаваць, вырашаць найважнейшыя справы. І хоць ён нічога такога не казаў, думаю, што зробіць усё магчымае, каб захаваць наш спакой.
— Не спяшайце пакуль, я паспрабую яшчэ раз пагутарыць з тваім бацькам, пераканаць, каб ён ад вас адчапіўся.
— Калі ласка, мам, — дачка нахілілася праз столік і паклала сваю далонь на матуліну, — пераканай ты яго. А то, дальбог, апошні месяц як на гарачым вуголлі жыву. Усё нейкай выхадкі ад яго чакаю. Гэтак жа немагчыма. І тэлефон, чуеш, нумар мабільнага майго, яму нізашто не давай. У цябе ён нідзе не запісаны?
— Не, Томік, не запісаны, я ж навучаная.
— І Юрку накажы, каб не даваў.
— Усё будзе нармальна, не бойся, — запэўніла Вера Генадзеўна; выраз яе твару быў надзвычай рашучы.
— Хацелася б спадзявацца, — прамовіла дачка, — вельмі хацелася б. А ведаеш, мам, давай за гэта вып’ем, а? — Яна напоўніла келіхі, узняла свой: — Вып’ем, каб усё было ціхамірна!
Маці з дачкой чокнуліся, затым падаліся адна да адной, пацалаваліся, выпілі. Тамара — да дна. Вера Генадзеўна — да паловы.
Хвілін праз дзесяць яны ўжо сядзелі ў машыне, што імчала іх па праспекце Скарыны. Над горадам цараваў чароўны чэрвеньскі вечар. У прачыненыя вокны залятаў таполевы пух. Міргалі нястомныя святлафоры.
16
У пятніцу вечарам Пятро Вацлававіч Жыгоцкі знаходзіўся ў сваім загарадным асабняку, калі яму далажылі, што ля варот тырчыць нейкі чалавек і настойліва дамагаецца, каб яго прапусцілі. Называе сябе бацькам Тамары Паўлаўны.
Ад гэтай звесткі Жыгоцкаму стала прыкра, бо праз гадзіну ён мерыўся выехаць з Тамарай у начны клуб. Яна, дарэчы, зараз была ў сауне, на нулявым паверсе асабняка. Колькі секунд павагаўшыся, Пятро Вацлававіч вырашыў прапусціць гэтага непажаданага наведвальніка, аднак скрыць, што яго дачка знаходзіцца дома, і размаўляць без яе.
Жыгоцкі загадаў правесці настойлівага Паўла Алегавіча на другі паверх, дзе ён яго прыме. А пакуль тое, пазваніў сыну Аляксандру на пяты паверх і папрасіў спусціцца на тры паверхі ніжэй. І яшчэ: усё ж паслаў чалавека папярэдзіць Тамару, што яе бацька ў доме і што ён, Пятро Вацлававіч, прасіў бы яе пакуль затаіцца.
Усе загады Жыгоцкага былі выкананы бездакорна.
Калі Павел Алегавіч Багатка ў суправаджэнні квадратнага малайца з барадой падняўся па мармуровай лесвіцы на другі паверх, у прасторнай светлай зале яго сустрэлі двое: сам гаспадар і малады чалавек гадоў дваццаці трох. Яны сядзелі на вялізнай мяккай канапе, ля супрацьлеглай сцяны.
Пятро Вацлававіч пры з’яўленні госця ўстаў і з працягнутай для прывітання рукой паплыў насустрач. Сын жа Аляксандр застаўся сядзець, прычым у ягоным позірку, накіраваным на Багатку, той згледзеў яўную непрыязнасць. Гэты хлапчына да болю нагадаў Паўлу Алегавічу Жыгоцкага ў маладосці. Такі ж прыгожы, дагледжаны, упэўнены ў сабе чалавек, толькі з твару суровейшы. Адным словам, парода.
Пятро Вацлававіч, якога Багатка не бачыў гадоў пяць, непрыемна ўразіў тым, што ніколькі не пастарэў. Ніколькі не пасівелі яго русыя валасы, не агрузла цела. Гэта быў па-ранейшаму абаяльны мілун, мара жаночых сэрцаў. Не ў прыклад Багатку, які заявіўся да яго ў мятых штанах, нясвежай старамоднай кашулі, ды яшчэ і падмоклы ад дажджу, пад які неспадзеўкі патрапіў. Але ён зусім тут не бянтэжыўся, мала таго, у адказ на працягнутую гаспадаром руку дэманстратыўна схаваў свае за спіну, чым адразу паставіў Жыгоцкага ў няёмкае становішча. Той мусіў зрабіць выгляд, што і не думаў рукацца з госцем.