— Прывітанне, Пашка! — тым не менш радасна сказаў Пятро Вацлававіч, спыніўшыся ад Багаткі ў двух метрах. — Слухай, гэта ж колькі гадоў мы не бачыліся? А ты пастарэў, брат, схуднеў.
— Прывітанне і табе, — дзёрзка зірнуў яму ў вочы госць, — прывітанне, грамадзянскі зяць, як пачуваешся?
— Цудоўна, — заўсміхаўся гаспадар, — ведаеш, Паш, цудоўна. А гэта мой сын Саша, — ён хітнуў галавой праз плячо, — вы, здаецца, з ім незнаёмыя.
Малады чалавек на канапе працягваў свідраваць Багатку нядобрым паглядам. Маўчаў.
— Не цесна табе тут, зяцёк? — насмешліва азірнуў залу Павел Алегавіч. — Плошчы дастаткова, пашырацца не трэба? А то ж, глядзі, сыны-дочкі новыя пойдуць.
Тут хлебасольны выраз твару Жыгоцкага памяняўся на заклапочаны.
— Ну, навошта ты так, Паша? Прыйшоў — і адразу грубіш, абражаеш. А я спадзяваўся, што пасядзім мы як старыя сябры-прыяцелі, пагамонім, паўспамінаем гады маладыя.
— Не, шаноўны, — абарваў яго Багатка, — я лепш адразу расстаўлю кропкі над «і», а таму найперш папрашу, каб пры нашай размове нікога старонняга не было. — Ён красамоўна сказеліў вочы на сына Жыгоцкага. Той аж саўгануўся на канапе — так яму закарцела адказаць няпрошанаму госцю, але, відаць, моцна паважаючы бацьку, змаўчаў.
— Ну, па-першае, мой сын — чалавек зусім не старонні. — Жыгоцкі ўсё яшчэ не выказваў раздражнення. — Па-другое, ён тут пражывае на адных правах са мной, і загадаць яму нас пакінуць я не магу. Хіба што папрасіць.
— А ты папрасі, братка, — з’едліва ўсміхнуўся Павел Алегавіч. — Папрасі, або давай адыдземся ў іншы пакой. Балазе ў гэтых харомах месца нямерана. Тым больш, што я маю агучыць некаторыя малапрыемныя для цябе факты.
— Што ж, Саша, пакінь нас, дружа, — звярнуўся Жыгоцкі да сына.
Той, з бледным ад злосці тварам, марудна падняўся, перасек залу і скрыўся пад аркай. Гэты вялізны пакой, аказваецца, меў два зробленыя ў адной сцяне выхады.
— А давай, брат, вып’ем, — прапанаваў Жыгоцкі, указаўшы рукой на перасоўны міні-бар, што стаяў ля правай ад Багаткі сцяны.
— Дзякуй, не п’ю, — прабурчаў той.
— Ну тады прысядзь: хочаш — на канапу, хочаш — у крэсла. А я ўсё ж такі вып’ю. Каньячку. Ведаеш, надвор’е пахмурнае на мяне ўплывае — нейкая апатыя, стомленасць. — Ён падышоў да міні-бара, выбраў пляшку, каньячны келіх, плюхнуў на дно. З келіхам у руцэ накіраваўся да канапы, прысеў.
Павел Алегавіч працягваў стаяць, дзе стаяў. Сухарлявы, неахайны, пляшывы, пасярод раскошнага пакоя ён выглядаў недарэчнай памылкай.
— А цяпер давай адкінем усякія сантыменты і пяройдзем да справы, — прамовіў Багатка, сурова пазіраючы на гаспадара. — Тым болей што ты чалавек дзелавы.
— Слухаю, Паш, — млява прамовіў з канапы Жыгоцкі, прыгубіў каньяк.
— Найперш я жадаю даведацца, дзе зараз мая дачка.
— Адсутнічае, — чыстымі вачыма ўсмешліва глядзеў на яго Пятро Вацлававіч.
— Так, выдатна. А дзе яна, калі не сакрэт? — Натапыраны, з шырока расстаўленымі нагамі і рукамі, счэпленымі за спінай, стаяў Багатка ў чатырох метрах ад гаспадара.
— Хм. Яна паехала па сваіх справах.
— А па якіх справах, ты, канешне, не ведаеш.
— Ну, па магазінах там, да прыяцелек, — нядбайна махнуў левай рукой Жыгоцкі; сядзеў ён, дарэчы, закінуўшы нагу на нагу, разняволена. — Прыедзе, казала, позна.
— Ага, позна, — хмыкнуў Павел Алегавіч, — і, вядома ж, я яе не дачакаюся. Добра. А скажы ты мне, зяцёк, нумар яе мабільнага тэлефона.
— Навошта?
— А вось хачу зараз ёй пазваніць і высветліць, дзе яна насамрэч. Ці ты, можа, і нумара яе мабільніка не ведаеш?
— Ведаю, Паш, — адказаў Жыгоцкі і сербануў з келіха. — Ведаю, але сказаць табе не магу. Не маю такога права. Тамара забараніла.
— Так, цудоўна. Дык ты, акрамя таго, што скрываеш ад бацькі ягонае дзіця, яшчэ і не даеш з ім па тэлефоне звязацца.
— Не я не даю, Паш, Тамара не хоча, — прыязна ўсміхаўся Пятро Вацлававіч. — Ты, брат, у гэтым сам вінаваты. Прыстаеш да яе на вуліцы, выкручваеш рукі, даймаеш гразьбой і праклёнамі. Яна баіцца цябе і натуральна, што пазбягае.
— Слухай, ты, — ступіў два крокі наперад Павел Алегавіч. — Я не папрашайнічаць сюды прыйшоў, а папярэдзіць, што, калі я зараз жа не пабачуся з дачкой, то ты будзеш мець справу з законам. Ты будзеш прыцягнуты за ўкрывальніцтва, можна сказаць, выкраданне чалавека і ўтрымліванне яго ў сваім доме, як у вязніцы.