— Ой, Паш, дружа ты мой, — Жыгоцкі пераклаў ногі (цяпер — правую на левую), — ну, як маленькі, яй-бо. Няўжо ты не разумееш, што гэта ні да чаго не прывядзе? Да таго ж і па законе, якім ты мяне палохаеш, Тамара — дарослы чалавек і можа жыць дзе і з кім пажадае. Я ж яе не ўтрымліваю гвалтоўна. Калі ласка, хай вяртаецца жыць да цябе, я гэта любому следчаму з мілай душою скажу. Але ж, Паш, рэч у тым, што не вернецца яна дамоў, не хоча, разумееш: не хо-ча. У гэтым уся соль. А няволіць дарослага чалавека нават бацьку закон не дазволіць. Так што прабач.
— Ну што ж, — сіпата прамовіў Багатка. — Я бачу, ты добра падкаваны ў крымінальным праве, добра падстрахаваўся. Аднак, павер, і мой квасок не з трасок. А таму папярэджваю, што бестрывожна табе будзе толькі ў двух выпадках. Першы, гэта калі вы з маёй шалапутнай дачкой папросту расстанецеся. А другі, гэта калі ты, вельмішаноўны бізнесовец Пятро Вацлававіч, явішся да мяне па бацькоўскае блаславенне на шлюб, з паклонам.
— Ой, Паш, ну ты гумарыст! — Жыгоцкі ад душы рассмяяўся.
— Увесь гумар будзе тады, калі выпадзе трэці варыянт, Пятро, — яшчэ на паўкроку падступіў да яго агрэсіўны Багатка. — Здагадваешся, які?
— Ты, мабыць, забіць мяне ўдумаў — няйначай, — не мог суняць смех Пятро Вацлававіч. — Ой, не пужай. — Ён затуліў твар рукамі і нагнуўся да самых каленяў.
— Добра. Але ж цікава мне, чалавеча, як ты пасмяешся, калі ў друку з’явяцца ўсе брыдкія падрабязнасці тваёй сям’і.
Жыгоцкі ўсё яшчэ рагатаў, але ўжо неяк ненатуральна, натужліва.
— Тады табе, мусіць, не да смеху будзе, га? — цішэў і разам з тым набіраў важкасць голас Паўла Алегавіча. — Табе, вядома ж, пляваць на мяне, на мараль, нават на законы грамадства. Ты ўсё купіш, замнеш, улагодзіш. Але ж, упэўнены, разгалошванне ў прэсе сямейных інтымнасцяў пойдзе не на карысць твайму бізнесу, га? І сябрына ваша, багацеяў паршывых, як на гэта адрэагуе? Дый дачка мая, хоць яна і распусніца, ці захоча пасля гэтага з табой любошчы разводзіць?
Жыгоцкі падняў твар. Гэта быў зусім іншы чалавек: рашучы, непрыхільны, драпежны. Суровы яго пагляд быў накіраваны кудысьці за плечы Паўла Алегавіча. І нездарма. Адтуль, ззаду, з двух розных выхадаў, выскачылі барадаты бамбіза і сын Пятра Вацлававіча Сашка.
Павел Алегавіч пачуў іхні тупат, але і абярнуцца не паспеў, як бамбіза апынуўся каля яго, схапіў адной рукой за шыварат, другой за штаны на правым сцягне, рвануў і павалок да выхаду.
— Ды што ж гэта такое! — толькі і ўскрыкнуў Багатка, у апошні раз абярнуўшыся да Жыгоцкага.
Усё той жа скамянела-адчужаны твар драпежніка глядзеў на яго.
Новы рывок — і, як непаслухмянага хлопчыка, цягне квадратны дзяцюк пажылога Багатку да выхаду. Ззаду, жвавымі штуршкамі ў спіну, памагае яму Сашка. У шырокім дзвярным праёме Павел Алегавіч з нечаканай сілай учапіўся ў вушак, і бамбіза ніяк не мог яго адарваць. Ад моцных штурхалёў матлялася лысая галава Багаткі, па швах распаўзаліся штаны і кашуля. Аднак левая рука не адпускала пукаты вушак. І тады зухаваты Саша ўдарыў абцасам свайго туфля па пальцах Паўла Алегавіча.
Ад страшэннага болю пальцы расчапіліся, і Багатку нібы ветрам вынесла ў праём. Гэты брыдкі чалавек скрыўся нарэшце з вачэй Пятра Вацлававіча.
— Сашка, тваю так! — раўнуў ён услед сыну. — Каб ніякіх мне траўм, чуеш!
— Угу! — пракрычаў ужо з лесвіцы Саша. І ўсё ж, пакуль госця выцягвалі на двор, яшчэ два разы ўзнагародзіў яго выспяткамі.
Далей Паўла Алегавіча спускалі па высокім, але не крутым ганку, вялі пад дэкаратыўнай, абсаджанай вінаградам каменнай аркаю, затым — па алеі з блакітных ялінак, паўз мураваную альтанку і кветнікі.
Нарэшце апошні штуршок — і Багатка за брамай. Бразгаюць моцныя дзверы, прыглушана ляскае замок. І цішыня.
Наўкол пахмурна і сыра. Мошчаная пліткамі дарожка цягнецца ўдалечыню. Бязлюддзе. За бетоннымі агароджамі высяцца вежы асабнякоў. Далёка наперадзе збочыў, заязджаючы ў вароты, аўтамабіль.
Да бліжэйшага аўтобуснага прыпынку каля двух кіламетраў.
З дзённіка...
30.06.200*
Субота. Душны бясконцы вечар. На дачы.
Цэлы дзень не магу з сабой саўладаць. Нічога не рабіў і як апантаны сноўдаўся па ваколіцах. Расколваецца галава. Гудуць ногі. Зараз пішу і мушу іх трымаць на спінцы крэсла — гэтак меншае боль.
Ну што, брат Багатка, вось і далі табе перцу панюхаць. А ты, небарака, на міндальнасці спадзяваўся? Ну-ну.
Карацей, не памятаю, як учора дадому дашкандыбаў. Ішоў, ехаў? Хрэн яго знае. Зірнуў на гадзіннік — без дваццаці дзве. Да ранку нават і не прылёг, ведаў, што не засну. Знарок гучна тупаў на сваім версе: хай чуюць, хай таксама не спяць.