Ну ды паспрабую крыху папярэдні дзень узнавіць.
Даўно не пісаў. Думаў нават, што кіну. Але зноў засвярбела рука, сама пацягнулася да нататніка.
Чаму я прыпёрся ўчора ў Мінск? Дакладна і сам не ведаю. Логікі тут няма, а ёсць адна алагічнасць. Ляжаў сабе на дачы, пакурваў, загараў — і раптам неадольна ў Мінск пацягнула. Падхапіўся, як быў, не пераапранаючыся, — на электрычку і пакаціў.
І толькі на вакзале, выбраўшыся з душнага вагона ў гарадское спякоцце, зразумеў: прыехаў я Жыгоцкаму насаліць. Не магу ўжо, аказваецца, без яго, роднага. Зяць як-ніяк. Хоць і грамадзянскі. Хе-хе. Ды ведама ж мне, дурню, што Пятро Вацлававіч да сябе цяпер на кіламетр не падпусціць. Як жа я яго дапяку? А вось як. Тэлефончык жа ў мяне ягоненькі маецца. Не мабільны, шкада. Не асабняковы. Але і той, кватэрны, прыдасца.
Шуснуў я ў будку, набраў нумар. Пасля трох гудкоў адказвае незнаёмы голас. Вітаюся і патрабую Пятра Вацлававіча. Няма. А іначай і быць не магло — сярэдзіна працоўнага дня, я і не спадзяваўся. Але гавару афіцыйным тонам, што тэлефануе яму Павел Багатка, просіць абавязкова звязацца да вечара. І папярэджваю, што пытанне вельмі важнае і ў Жыгоцкага, калі ён не выйдзе на сувязь, могуць быць непрыемнасці. Тут жа вешаю трубку. Ха-ха. Непрыемнасці, вядома ж, я яму наладзіць наўрад ці змагу. А вось пужануць, пасеяць смуту ў яго подлай душы — гэта як лёду.
Затым бадзяўся па горадзе. Наведаў парк Чэлюскінцаў, падымаўся на «чортавым коле». Ездзіў на Камсамольскае возера. Драмаў у цянёчку. У ваду не палез — гідка, не можа яна ў рысе горада чыстай быць. Адвечар спусціўся ў падземку і з гадзіну катаўся па ўсіх лініях. Там прахалода. Вечарам рашыў наведаць сястру. Нарваўся ў яе на сына. Прыйшоў ён, пусты чалавек, грошы вымольваць. Застрашыў яго, выгнаў вон. Ух, і ненавідзіць жа ён мяне — па вачах бачна. Начхаць. Пасля ўжо расхацелася ехаць дамоў. Застаўся ў Ліны. Ігар у камандзіроўцы. Шкада. Добры ён чалавек. Спаў надзвычай хораша. Нічога са сноў не прыпомню.
Пра сёння ўжо казаў: вырашыў нервы ім патрапаць, каб жыццё мёдам не падавалася. А то, нябось, і радыя, што я ўсё на лецішчы перабываю.
А наступная мэта мая такая: ноччу, пасля дзвюх гадзін, выйсці на раён і пазваніць з якога аўтамата на кватэру Жыгоцкага. Шанцаў зноў жа няшмат, што ён там з Тамаркай начуе. Напэўна, з прычыны страшнай спякоты яны там і не паяўляюцца. У асабняку песцяцца, з адчыненымі ва ўласны сквер вокнамі. Гэх, датэлефанавацца б туды! Аднак і на гарадскую кватэру дзынкну: хоць невялікі шанцік ды ёсць. А калі не будзе, паганцаў, я ім паведамленнечка надыктую або зноў жа праз слугу перадам. Хаця, навошта ж з аўтамата званіць, калі я сябе ўсё адно назаву? Можна ж і з дому. Не ведаю, ці насмелюся: а што, калі ўзлуецца Жыгоцкі і тэлефон мой адключыць — у яго ж, гада, усё куплена. Неяк усё ж спакайней — з аўтамата. Дый, папраўдзе, не ведаю, што канкрэтна я гаварыць стану. Усё залежыць ад таго, хто падніме. Імправізацыя, чорт яго бяры.
Драману, бадай што, пару гадзін. А каб не праспаць, будзільнік на палову другой выстаўлю.
Так што, вельмізаможныя Пятро Вацлававіч і Тамара Паўлаўна, спакою я вам не дам. Бо Багатка такі чалавек, што ліха не забывае. Але і добрае памятае. Вось як перад Богам клянуся: калі выканаюць яны мае патрабаванні (афіцыйна пажэняцца або расстануцца), — адразу ж палагаднею. Любіць, зразумела, не буду, але ні разу не папракну.
Ладна, нешта балбатлівы я стаў, мнагаслоўны. Заканчваю.
12.07.200*
Пераехаў на дачу. І адразу стала лягчэй. Цэлы дзень збіраў каларадскага жука, і надзвычай гэты занятак мяне супакоіў. Пасвятлелі думкі. Нягледзячы на трыццаціградусную спёку, працаваў лёгка, з настроем. Гэх, каб гэтак заўсёды.
Зараз сутонне, вечар. Гадзіну таму адгрымела магутная навальніца. І знадворку, і ў хаце дыхацца стала прывольней. А збіралася навальніца доўга, з абеду. Марудна цямнела на захадзе. Не раз здавалася, што вось-вось даастатку захмарыць. Ды колькі разоў пачынала гэтак жа марудна святлець. Хмары паўзлі наўзбоч. Усё ж такі каля сямі гадзін вечара сабраліся. Счарнела, як уначы. Грымнула. Палілося. Забліскалі маланкі, адна за адной. Выбухі перуна дык наогул не аціхалі, зліваліся ў безупынную грымоту. Вецер біў у акно, і я назіраў, як вада ліецца долу суцэльным патокам.
Навальніца доўжылася з гадзіну. Тады адваліла на ўсход. Стала цудоўна, лёгка. Нібы электрычныя разрады знялі з мяне жудасную напругу апошніх дзён. Словам, хочацца быць тут, збіраць жука, хадзіць па грыбы ці на возера. А не хочацца аднаго — успамінаць прамінулае.