Першым пачуццём Паўла Алегавіча, якое ўзнікла па прачытанні тэлеграмы, быў не страх і нават не трывога за брата, а крайняе на яго раздражненне. Калі не сказаць — злосць. Ну зусім гэты выпадак не ўпісваўся ў планы Багаткі, які пасля нядаўніх бурных падзей толькі-толькі пачынаў супакойвацца. Думаў пажыць тут невылазна да канца месяца, назбіраць і насушыць грыбоў, і вось табе на. Удружыў, узычыў паганы Слаўка. Нейкім нязводным прышчом сядзіць гэты чалавек на целе Паўла Алегавіча, турбуе адным толькі фактам свайго існавання, пастаянна ад яго чакаеш якойсьці выхадкі. Што ж ён удумаў на гэты раз?
Багатка рашыў перабыць на дачы да вечара, а толькі тады пайсці на пошту, што ў трох кіламетрах, і пазваніць у Бічаў. Спадзяваўся, што Слаўка аб’явіцца сам і такім чынам вызваліць яго ад неабходнасці перціся дзвесце кіламетраў па невыноснай спякоце. Час да вечара прайшоў для Паўла Алегавіча неспакойна. Прыкрая тэлеграма незваротна сапсавала дзень. Нічым не мог Багатка грунтоўна заняцца. Усё валілася з рук, усё не ладзілася. Высмаліў ці не пачак цыгарэт. Адвечар заныў страўнік, а потым і закалола ў патыліцы. Дый сэрца, каторы ўжо раз за апошні месяц, не тое што балела, а настойліва нагадвала пра сябе за грудзінай. Яно без дай прычыны пачашчала свой рытм, білася і стукалася, як птушка ў няволі. Дыхаць стала складана, быццам не ставала ў паветры элементарнага кіслароду. Каб раздыхацца, Багатка пайшоў у лес і з гадзіну прагульваўся пад цяністымі кронамі.
У сем вечара Павел Алегавіч адправіўся ў аддзяленне сувязі, якое знаходзілася ў той жа вёсцы, што і праўленне калгаса. Ішоў узлескам. Яшчэ гарачае сонца хілілася да небакраю. З густой лістоты дрэў і хмызоў, з высокай травы ляцеў размаіты пошчак птушак. Памацнелі водары прыдарожных раслін. Адчуўшы блізкую прахалоду, выбраліся са сваіх схованак дакучлівыя камары, лезлі ў твар, каварна кусалі ў голыя да локцяў рукі.
У аддзяленні сувязі, куды Багатка прыбыў без пятнаццаці восем, наведвальнікаў не было. У пыльным памяшканні, за стойкай, лускала семкі пажылая кабета. Павел Алегавіч патлумачыў ёй мэту свайго прыходу і прысеў за адзіны тут столік, на якім стаяў брудна-белы тэлефонны апарат. Набраў патрэбныя код і нумар. Яшчэ не скончыўся першы гудок, як Вольга схапіла трубку, і ўжо па яе нервовым «Ало!» Павел зразумеў, што Слаўка не аб’явіўся і прыйдзецца-такі ехаць у няблізкі Бічаў.
Доўга размаўляць з братавай, што тут жа разрумзалася, не стаў. І нават прыкрыкнуў на яе, каб узяла сябе ў рукі. Сказаў, што выедзе заўтра як найраней. З прыкрасцю паклаў трубку.
І толькі на паўдарозе да хаты пашкадаваў Павел Алегавіч, што не спытаўся ў Вольгі, ці не забраў Слаўка з сабой якія рэчы. Гэта б дало сякі-такі след.
Ноч Багатка, можна сказаць, не спаў. Змогшыся круціцца ў ложку, выбраўся з хаты, сеў на ганак. Курыў, пазіраў на распісанае сузор’ямі неба і сцяну недалёкага лесу. Злаваўся на брата і адначасова моцна трывожыўся за яго. І, як гэта часта бывае падчас бяссоння, усплыло ў памяці ўсё найболей непрыемнае і дакучлівае. Згадаўся ўхмылісты самаўпэўнены твар Жыгоцкага, зіхатнула постаць Тамары ў даражэзным плацці, якое шчыльна абцягвала яе крутыя бёдры. Дачка, як наяве, ганарліва аддалялася ад Паўла Алегавіча, паважна сядала ў аўто, скрывалася за таніраванымі шыбамі. А то ўзнікала з начнога эфіру жонка Вера — рыжая, рухавая, насатая, звяглівым голасам выкрыквала мужу абразы. З-за яе спіны высоўваўся поўны твар цешчы, глумліва глядзелі яе лупатыя вочы. Зноў паўставаў у думках брат Слаўка, назойліва соваў Паўлу Алегавічу пухлую папку з рукапісам, напіраў, гарлаў, пырскаў слінаю.
Зрэшты, перад самым світаннем Багатка зайшоў у хату і на гадзінку прыснуў.
З Мінска выехаў каля васьмі раніцы. А для таго, каб сесці на гомельскі цягнік, давялося, устаўшы ў шэсць, абы-як перакусіць і трухаць па росным ранішнім лесе тры кіламетры да электрычкі. Балазе ў гэтым напрамку электрычкі хадзілі часта і давозілі да сталічнага вакзала за якіх дваццаць хвілін.
На гэты раз дарога далася Паўлу Алегавічу надзвычай цяжка. Ужо з дзевяці гадзін раніцы ўстанавілася звыклая дзённая спёка, і ў вагоне стала не прадыхнуць. Да таго ж — жудасная цесната, бо ў панядзелак раніцай многія кіравалі з лецішчаў у гарады, каб паспець на работу. Асабліва тыя, хто працаваў у другую змену на заводах Асіповіч, Бабруйска, Жлобіна. Гэтыя людзі садзіліся па дарозе. Зрэшты, ужо ў Мінску на пероне віраваў вялізны натоўп. І ўсё ж Багатку ўдалося заняць выгоднае месца ў агульным вагоне, ля акна, па ходзе цягніковага руху. Так, унураны ў акно, ён трываў вонкавыя шумы і задуху да самага Бічава.