Выбрать главу

Праўда, на паўдарозе выйшаў адзін канфлікт, у які ўлез Павел Алегавіч. Недзе за Мар’інай Горкай селі ў вагон трое маладзёнаў, прадраліся праз таўханіну і палезлі на верхнія полкі таго адсеку, дзе сядзеў Багатка. Адзін з іх заняў цэлую полку, улёгшыся ўздоўж, а двое другіх размясціліся на процілеглай, прычым з-за цеснаты перакінулі ногі да таварыша, па-над галовамі ніжніх пасажыраў. Мала таго, пачалі гэтыя пятнаццацігадовыя малайцы голасна размаўляць, перасыпалі гамонку мацюкамі і выбуховым рогатам. Пасажыры знізу, суседзі Паўла Алегавіча, былі людзі пажылыя, адна кабета — з унучкай. Гэтай жанчыне яўна не падабалася, што дзіцё слухае гэткую адборную лаянку, але зрабіць заўвагу расперазанцам яна насмелілася не адразу. Калі ж папрасіла малайцоў «не выражацца», то яны не толькі не прыкрылі раты, а, наадварот, узмацнілі сваі галасы. Адзін дык наогул паслаў, праўда, нягучна, суседку знізу куды падалей. Аднак толькі ён гэта прамовіў, як Багатка, што дагэтуль абыякава глядзеў у акно, спружынай ускочыў з месца, схапіў таго хлапца за нагу, ды тузануў, ды трасянуў, ды перахапіў за кашулю і пагразіў выкінуць на наступнай станцыі. Барвовы ад шалу, з узмакрэлай лысінай, на якой рэзка выступілі сінія жылы, з перакошаным тварам, Павел Алегавіч так застрашліва падзейнічаў на хлапцоў, што тыя нібыта знямелі. Ва ўсякім разе, да Бічава, пакуль вылез Багатка, іх зусім не было чуваць.

Ад вакзала і па меры набліжэння да братавага дома трывога ў душы Паўла Алегавіча нарастала. Апошнія сто метраў ён ужо не ішоў, а бег.

У дзверы званіў працягла, нервова. Але, што дзіўна, не паспяшалася братавая знасцежыць перад ім дзверы, горш таго, не адчыніла наогул. Прадчуванне чагосьці кепскага і непапраўнага авалодала ў тую хвіліну Паўлам Алегавічам. Стрымгалоў кінуўся ўніз па лесвіцы, выскачыў на ганак, азірнуўся. На двары, як найчасцей і бывае ў гэтым маланаселеным доме, нікога не было. Туліліся да штыкетніка нізкарослыя вішні і слівы, на працягнутых наўскос шнурах сохла бялізна, у пясочніцы адзінока тырчаў забыты дзіцячы шуфлік. І ўсё гэта палівала зыркае і напорыстае, паўдзённае ліпеньскае сонца.

«Чорт ведае што такое! Я ж сказаў, якім цягніком прыязджаю! — сердаваў Багатка, усё яшчэ аглядаючы пустэльны падворак. — І што мне зараз рабіць?»

А рабіць заставалася, па вялікім рахунку, адно: ісці да бліжэйшай тэлефоннай будкі і званіць пляменніцы Ксені. Не тырчаць жа, сапраўды, перад пад’ездам, каравулячы Вольгу Ігараўну.

Багатка ўжо шыбаваў цераз двор, калі з брамкі, праз якую ён мерыўся выйсці, выскачыла братавая. Заплаканая, узбуджаная, спалатнелая, з круглымі напалоханымі вачыма, яна, убачыўшы Паўла Алегавіча, растапырыла рукі і ўпала яму на грудзі.

— Ён сышоў! — скаланалася яе худасочнае цела ў Багаткавых абдымках. — Ён мяне кінуў, Паш! А-ы-і-й!

— Што? — Павел Алегавіч, схапіўшы за плечы, рашуча адарваў яе ад сябе. — Дык ён знайшоўся?!

— Знайшоўся-я-я! — крывіла ў плачы Волька свой і без таго непаглядны твар. — Знайшоўся, паразіт! Спакойна сабе на работу сёння прыйшоў. А я ўжо ў морг званіла, заяву ў міліцыю падала-а-а.

— Пачакай! — строга прамовіў Багатка. — Дык ты з ім гаварыла?

— Я гаварыла! Ды ён са мной гаварыць не жадае! Уй-ы-і! — Вольгу Ігараўну здушыла гарлавая спазма.

— Ну? — падганяў яе дзевер.

— Ён ска-ска. сказаў толькі, што сышоў да іншай жанчы-ын-ны-ы. — Гора братавай было несуцешным. — Паш, давай пабяжым у школу, ён яшчэ там! Адгавары яго, Паш, вярні ты старога боўдзілу!

— Не, любка мая, — з раздражненнем прагаварыў Павел Алегавіч, — зараз я нікуды не пабягу, а спярша мы зойдзем у кватэру і там спакойна, без агорклых тваіх істэрык, пагаворым.

— Дык ён жа сыдзе, Паш, — маліла яго Вольга Ігараўна, — я ж не ведаю, дзе ён цяпер жыве-е-е. А-у-ы-і! — Яна зноўку зайшлася плачам.

— Ну і халера з ім! — гаркнуў узлаваны Павел Алегавіч. — Аб’явіўся, дык нябось не падохне! А ну хадзем у кватэру, хопіць тут гледачоў збіраць! — Ён кіўнуў на вокны дома. — Хочаш, каб усё наваколле пра твае нягоды пляткарыла?

Ён схапіў братавую за руку і пацягнуў да пад’езда. Няшчасная жанчына, як падстрэленая птушка, крывым подскакам валаклася за ім.

У кватэры Багатка шпурнуў сваю торбу на абутковую паліцу, скінуў туфлі і рушыў у пакой Вячаслава Алегавіча. Дэманстратыўна разваліўся ў крэсле, паклаў нагу на нагу.

— А вось цяпер слухаю цябе, — дзелавіта зірнуў ён на Вольгу Ігараўну, што ўвайшла ўслед за ім і стаяла, камечачы рукамі сукенку.

— А? — нервова перасмыкнулася яна.

— Слухаю, кажу, — паўтарыў Багатка. — Выкладай па парадку, што з вамі здарылася.

— Дык Слаўка ж сышоў. — разгублена прамовіла гаспадыня.