Выбрать главу

— Ладна! — Павел Алегавіч рэзка адштурхнуўся ад падлакотнікаў, устаў. — Але памятай, што я нічога не абяцаю і што гэта ў апошні раз.

У калідоры, абуваючыся, ён узяў Вольгу Ігараўну за руку і сказаў па-сяброўску:

— Не бядуй, сястрычка. Не варты ён, каб з-за яго пакутавалі. — І ўжо зусім на парозе кватэры: — Сядзі на тэлефоне і нікуды не адыходзь. Дарэчы, дачцэ не забудзь пазваніць. Ці, можа, яе бацькаў лёс ужо не хвалюе?

І выйшаў. Худы, жылісты і рашучы.

Жвава застукалі пад яго нагамі драўляныя прыступкі.

19

Да школы было чатыры кварталы, два да цэнтральнай вуліцы і два за ёю. Павел Алегавіч рушыў шпаркай хадою — пад таполевымі прысадамі, затым — пад заценню прыватных садоў, паўз платы, і далей, перад самай школай, пад ліпамі ў скверыку.

Зайшоў ва ўтульны дзядзінец. Прамыя сцяжыны з пабеленымі бардзюрамі праразалі ахайную, з раўнютка скошанай травою пляцоўку. Сама будыніна ўяўляла сабою трохпавярховую камяніцу, пафарбаваную ў жоўты колер. Фасад, з двума ганкамі па баках, глядзеў на Паўла Алегавіча. Ззаду, ён ведаў, ад галоўнага корпуса адыходзяць два крылы — спартыўная зала і майстэрня. Па-за імі знаходзіцца школьны стадыён: футбольнае і баскетбольнае палі, турнікі, лёгкаатлетычныя дарожкі, пясок для скачкоў у даўжыню. Калісьці, гадоў сорак таму, лётаў падлетак Павел Багатка па гэтым стадыёне, ганяў мячы, тужыўся на перакладзінах. Ён вучыўся ў гэтай школе з сёмага па дзесяты клас. Тут на той час былі лепшыя выкладчыкі ў горадзе, і вучні старэйшых класаў, хто мерыўся паступаць у ВНУ, па магчымасці сюды пераводзіліся.

Багатка ўзбег на даволі высокі правы ганак (левы ўваход аварыйны, закрыты), адчыніў грувасткія дзверы. Знаёма дыхнула прахалодай цяністага памяшкання, пачуўся гнілаваты пах анучак, якімі шаруюць падлогу.

У дзяжурцы сядзела «тэхнічка» цётка Адэля. Падслепаватая старая пазнала Паўла Алегавіча не адразу, хоць ён дагэтуль неаднойчы тут бываў, завітваючы да брата. Прыйшлося тлумачыць, хто ён і з якой мэтай. Успомніўшы, нарэшце, Багатку, «тэхнічка» змяніла строгі выраз свайго твару на ветлівы, але паведаміла сумную навіну: Вячаслаў Алегавіч якіх пятнаццаць хвілін таму пайшоў са школы.

— Ну вы праверце, канешне, схадзіце наверх, — параіла падабрэлая Адэля. — Бо я на пяць хвілін адыходзіла. Можа, вярнуўся.

— А гэта ў якім кабінеце, бабуля?

— Дык у дзвесце чацвёртым, налева ад лесвіцы.

— Дзякуй.

Павел Алегавіч рушыў па пустэльным гулкім калідоры, падняўся па сцёртых прыступках. Ішоў маршрутам свайго юнацтва. Помніцца, як аднаго разу менавіта на гэтай лесвіцы падставілі добрыя таварышы яму падножку, і ён здзейсніў жахлівы палёт паміж трэцім і другім паверхамі. Зламаў ключыцу і паўтара месяца цягаўся на заняткі ў страшэнна невыгодным гіпсавым гарсэце, з недарэчна ўзнятай рукой. Таварышаў, якія яго скалечылі, не выдаў. За што гэтыя «чулыя» людзі ўвесь час, пакуль Павел пакутаваў у гіпсе, мардавалі яго насмешкамі, дражнілі за няўклюднасць, а то і злёгку штурхалі. Дужа ім было цікава паназіраць, як бразнецца на дол аднарукі.

Вось выхад на другі паверх. Позірк направа — казарменная прамізна калідора, строгасць зачыненых дзвярэй, у тарцы — святло з вузкага акна. Позірк налева — тое ж самае, адно ў калідоры ёсць пашырэнне: з аднаго боку няма кабінетаў, гэта пляцоўка для ўсялякіх лінеек і сходак. За пляцоўкай — зноў кабінеты абапал калідора, і так да тарца, дзе такое ж акно і туалет. З тым акном звязаны непрыемныя ўспаміны. Перад летам, калі яно зазвычай знасцежана, на пераменках забаўляліся яго аднакласнікі тым, што выбіралі якую ахвяру, гуртам валаклі да акна і звешвалі, трымаючы толькі за ногі. Паверх быў другі, унізе бетон і метраў шэсць лёту. Адпусцяць няўзнак — і ты, калі не заб’ешся, зламаўшы шыю, то з вялікай верагоднасцю будзеш пажыццёвым калекам. Дык вось аднаго разу падвесілі так і Паўла. Калі цягнулі да акна, крычаў ён як рэзаны. Калі ж апусцілі і з рогатам трымалі за ногі, маўчаў як мыш. Ведаў, хлопцы штурхаюцца, узбуджаны; трымаюць як быццам усе, але бескантрольна, і таму можна сарвацца ў любую секунду. Так вусцішна яму ніколі ў жыцці не было.

Праз пару дзён, падпільнаваўшы ў туалеце зачыншчыка, хлопца даволі дужага і нахабнага, дзевяцікласнік Павел доўга і грунтоўна яго калашмаціў. Ён больш не хацеў быць падвешаным, не хацеў паламаць хрыбет на пацеху гэтаму быдлу. А таму меў бясспрэчную псіхалагічную перавагу над тым хлопцам, які адно абараняўся ад Паўлавых наскокаў і прыніжана прасіў літасці. Біў Багатка кулакамі ў жывот, у грудзіну, а таксама туфлямі — па каленях, галёнках. Твар не кранаў.