Выбрать главу

.Павел Алегавіч таргануў дзверы, заглянуў у клас. Пустата. І душна — фрамугі зачынены. Сонца струменіць скрозь шыбы, асвятляе абшарпаныя парты, мурзатую дошку, сцены з партрэтамі розных вучоных. На адной парце ляжыць забыты пенал, на стале настаўніка — кіпа газет, спісаны аркуш паперы. Багатка ўзяў аркуш у рукі і пазнаў почырк брата. Так і не навучыўся ён разбіраць братавы каракулі, а таму тэкст застаўся для яго збольшага незразумелым. Паклаў назад на стальніцу.

Зірнуў у акно. На школьным стадыёне ўвіхалася купка галубоў. Адны футбольныя вароты былі без верхняй перакладзіны. Бязлюддзе. І ўвогуле, ва ўсім адчуваўся заняпад, недагледжанасць. Сухавей гарэзна ганяў па пляцоўках паперчыны і поліэтыленавыя мяшкі. Там-сям валяліся пустыя пластмасавыя пляшкі і бляшанкі з-пад ліманаду. За палову лета стадыён добра зарос травою.

Праз колькі хвілін Багатка пакінуў школу і рушыў убок цэнтральнай вуліцы. Там ён завітаў у краму, выпіў у кулінарным аддзеле дзве шклянкі бярозавага соку, купіў пачак цыгарэт, а тады выйшаў і пакіраваў да гарадскога парку.

Гарадскі парк межаваўся з цэнтральнай вуліцай, а тылам выходзіў на рачны спуск. Павел Алегавіч выбраў сабе лаўку так, каб бачыць вуліцу і адначасова быць у цяньку. Запаліў цыгарэту, адкінуўся на спінку і так, млява цікуючы за рухам машын і пешаходаў, прыкідваў, што яму рабіць. Спачатку, калі не застаў брата ў школе, падумаў, што і добра — сёння ж паедзе дамоў, і хай яны без яго разбіраюцца, гары яно гарам. Цяпер жа пачало накіпаць раздражненне і нарастала злая рашучасць усё ж такі даць Слаўку заслужанага прачуханца, выказаць усё, што ён пра яго думае. А то выходзіць, што дарма душыўся дзвесце кіламетраў у цягніку, дарма пёрся ў школу. Не, Павел Алегавіч прывык усё даводзіць да лагічнага заканчэння. Якім бы горкім гэтае заканчэнне ні сталася. І яшчэ, калі выкурваў трэцюю запар цыгарэту, прыйшла ў галаву ідэя вось зараз жа, неадкладна, схадзіць да пляменніцы і пагаварыць з ёю як след. Ну зусім не задавальняла Багатку пазіцыя, якую абрала Ксеня адносна бацькі. Маўляў, мая хата з краю. Не, шаноўная, гэтак не атрымаецца, сердаваў Павел Алегавіч. Не выйдзе ў цябе схавацца ў сваёй шкарлупіне і пераваліць усё на матулю. Багатка не любіў хітрахвостых. Акрамя таго, моцна злаваў яго гэты хлюст, Ксенін муж. Прыгажунок, за якога непаглядная ад прыроды пляменніца восем гадоў таму ўчапілася мёртвай хваткай. Ідала сабе зрабіла з яго, дагаджае, посцілкай сцелецца. А яму, шэльме, толькі таго і трэба. Адчуў, паразіт, што ён каштоўнасць вялікая, і зафілоніў. Перыядычна кідае працу, хандрыць, нібыта прыхворвае, а пляменніца тады перад ім сюсюкае: Артурчык (так яго зваць), можа, табе таго, можа, табе гэтага? Пару разоў, ужо пасля смерці бацькі, сутыкаўся з гэтым Артурчыкам Павел Алегавіч у кватэры брата. Прыйдзе героем, зойме лепшае крэсла, чакае, пакуль перад ім стол накрыюць, і філасофствуе. Урад, маўляў, дрэнь, людзі — дзярмо, дый жывём мы, кажа, няправільна. Не стрываў раз Павел Алегавіч, асадзіў гэтага дармаеда, паўшчуваў і нават прыкрыкнуў сярдзіта. Дык пляменніца кошкай ускінулася на дзядзьку, гатовая была кулачкамі сваімі кашчавымі Артурчыка абараняць. Завішчала, заскандаліла, залямантавала, каб ніхто не смеў абражаць яе мужа. А Багатка і сказаў жа ўсяго, што ў таго «малако на губах не абсохла, каб старэйшых вучыць». Пакрыўдзіўся Артурчык, ганарліва ўзняў свой грэчаскі нос і больш з Паўлам Алегавічам у той вечар не размаўляў. Дый ладна, халера з ім.

А вось зараз прыгадаўся той выпадак і перапоўніў чашу цярпення, і закарцела Паўлу Алегавічу ўсё пляменніцы выказаць. Так, пайсці зараз да свайго дома, уламацца ў кватэру і наскандаліць. А то лоўка ўладкаваліся там яны, адгарадзіліся бетонам, песцяцца. Гэта што ж выходзіць, пажылы дзядзька павінен ейнага бацьку лавіць ды ўгаворваць, каб той не сваволіў, каб адумаўся і вярнуўся дахаты? А яна, Ксеня, будзе бяздзейнічаць?

Багатка рэзка ўстаў з лаўкі, таропка пайшоў па сцяжынцы. На хаду шпурнуў недакурак у перапоўненую паркавую сметніцу.

Трэба сказаць, што ад раёна, дзе жыве брат, да дома пляменніцы было даволі далёка. Бо знаходзіліся яны на розных берагах ракі, і даводзілася, каб дайсці да моста, рабіць велізарны крук. Дабірацца ж на аўтобусе, якога немаведама колькі прачакаеш, Багатка не захацеў.

...Ужо непадалёк ад дома пляменніцы ўбачыў тэлефонную будку, і кальнула: а трэба ж пазваніць братавай, паведаміць, што не спаткаўся са Слаўкам. Але тады прыйдзецца сказаць, куды ён кіруе. Даведаўшыся, Вольга можа адразу пазваніць дачцэ, папярэдзіць. А гэтага Павел Алегавіч не хацеў. Меркаваў заявіцца да Ксені раптоўна, як той казаў, агарошыць.