— Ты гэтага не зробіш, — прамямліў зніякавелы брат.
— Мабыць, не ўсё ж яна пра цябе ведае, га? — працягваў куражыцца Павел. — Ты ж, нябось, ёй як навуковец прадставіўся, як біёлаг-натураліст. Мо рукапісам яна тваім захапілася, антрапалагічным тваім даследаваннем? Нездарма ж ты яго з сабою забраў. А я, браток, цябе ў іншым святле прадстаўлю — у непрывабным, паўсядзённым, матэрыялістычным святле. Грашкі-грашочкі твае ўзгадаю, заганныя звычкі.
Павісла паўза. На ўкормлены Славікаў твар напаўзала грымаса роспачы. Павел жа прыязненька ўсміхаўся.
— Дый пра мяне, брата твайго, ці ведае твая пасія? — доўжыў ён мардаваць няшчаснага Слаўку. — Характар жа ў мяне не мядовы. Як дазнаецца, што я за чалавек, то, мусібыць, і да цябе свае адносіны перагледзіць?.. Га? Псіхічныя ж адхіленні — яны ў генах закладзены. — Ён замаўчаў, хітра прыжмурыўшыся, назіраў за рэакцыяй брата.
Той стаяў слупам і тарашчыўся праз свае тоўстыя акуляры.
— Што, поўныя штаны налажыў?! — засмяяўся Павел Алегавіч. — Не дрэйф — нікуды я за табой не пайду. Патрэбны ты мне, як ваўку сена. Ідзі да сваіх вучняў, калі можаш чаму-небудзь вартаму навучыць. Бяжы да сваёй каханкі, калі ты ёй так патрэбны. Не стану я аб цябе пэцкацца, не перажывай. — Павярнуўся і пайшоў не азіраючыся.
Вячаслаў Алегавіч, калі брат збочыў на лесвіцу і знік з вачэй, яшчэ з паўхвіліны стаяў на тым самым месцы. Затым прайшоў у прыбіральню, вымыў з мылам рукі, апаласнуў твар, прычасаўся перад люстэркам. На шчацэ, па якой пляснуў гэты нахабнік, дзякаваць Богу не збіраўся ўтварыцца сіняк, амаль што сышла і чырвань.
Прыдзірліва сябе агледзеўшы, настаўнік выйшаў з прыбіральні і скіраваў у клас, дзе яго зачакаліся вучні.
Заняткі працягваліся.
З дзённіка...
17.07.200*
Яшчэ сёння раніцай і падумаць не мог, што тут апынуся. У Гомелі я. На тым беразе Сожа. На пляжы, за мостам. Ужо вельмі позна і цёмна. Рака заціхае. Карыстаючыся ясным заходам сонца, крэмзаю ў нататніку. Ледзь разбіраю літары.
Зранку памчаўся ў школу, застаў Слаўку і меў непрыемную з ім размову. Ды што там непрыемную — ударыў брата па твары! Так і падскочылі пухлыя шчокі, закалыхаліся. І ніколькі не сорамна. Вось жа, паршывец, нам удружыў! Сядзіць ціха, а думае ліха. Яго, аказваецца, даўно Вольга не здавальняла. Ён, аказваецца, жыць у такой абстаноўцы не мог. Але затаіўся, каварны, чакаў, пакуль падвернецца якая спагадлівая ды чулая — да якой прысуседзіцца можна. Ух, ненавіджу такіх людзей. Хоць брат ён кроўны, а не сорамна мне ні слоў гэтых, ні таго, што яго па фізіяноміі пляснуў. Натуралюга хрэнаў! Ад такіх усё зло на зямлі. У іх заўсёды мараль ззаду стаіць. Зарэжуць не маргнуўшы, абы паглядзець, якое ў цябе нутро, абы цікаўнасць сваю наталіць.
Наогул натуралістаў бы перавешаў. Выводзяць новыя пароды жывёл, хваляцца, што паспрыялі агульнаму дабрабыту. Возьмем, напрыклад, свінню. Бегалі яе продкі па лесе, жалуды жэрлі, карэньчыкі. Вольным паветрам дыхалі. А чалавек іх узяў ды ў хлеў запраторыў. У цёмны, смярдзючы. На ўсё жыццё. Я цябе, маўляў, кармлю, а ты радуйся. А што, каб чалавека самога ад нараджэння да скону ў душны катух засадзіць ды прымусіць пад сябе апраўляцца? А потым зарэзаць і зжэрці, смакуючы паляндвічку разам з ненагляднымі сыночкамі-дочачкамі? Вось вам і любасць, і чалавечнасць, і паэзія, ёрш тваю дваццаць! Уся наша высокаўзнёслая культура на банальным мясе трымаецца, на крыві і пакутах бязвінных жывёл. Ды каб проста так забівалі — не, спачатку пасадзяць у клетку, катуюць няволяй, а тады ласкавенька так па горле нажом. А пасля перадачы здымаюць кулінарныя, распавядаюць, як смачней мяса тых замучаных жывёл гатаваць. У фартушках чысценькіх, з нарукаўнічкамі — паласуюць мілыя жанчынкі гэтае мяса нажамі. Затое як хто чалавека заб’е — лямант адразу, войканне. А што гэты чалавек з’яўляецца нашчадкам мучыцеляў зямной фауны, штодзённым пажыральнікам жывой плоці — пра гэта ніхто і не думае. Дык прабач, калі ты штодня кроў і плоць паядаеш, то ўжо не крыўдуй, што нехта і цябе прыб’е мімаходзь. Жах! І чым глыбей задумваешся, тым больш разумееш, што жыццё наша — гэта нейкі згустак крывадушнасці, подласці і насілля.
Ды што гэта я ў філасофію ўдарыўся, далібог. Не пра тое ж хацеў пісаць. Тым больш што паўгадзіны таму сам уволю сала наеўся. Тады ж мяне сумленне не мучыла. Узяў, разгарнуў «ссабойку» — ды з хлебам тое сальцо ўмалаціў. Дарма што разлезлае. Вось так яно, Алегавіч. Не красамоўнічаць трэба, а жэрці добрае сала, як я, ды цешыцца свежанькімі дзяўчаткамі, як Пецька Жыгоцкі. І тады ўсё нармалёва будзе: добры сон, цудоўнае самаадчуванне, светлыя думкі.