Выбрать главу

Аказваецца, што насамрэч я ляжу непадалёк ад калоды, на правым баку, твар у чымсьці ліпкім. Гэта кроў. Я рассадзіў абухом лоб, страціў прытомнасць, і ўсё гэта мне прытрызнілася. Потым, калі прамыў рану (яна не была сур’ёзнай) і перавязаў лоб, ужо лежачы ў хаце на ложку, успомніў, што гэта за падвал. То быў самы стары дом нашага мікрараёна. Мы, хлапчукі, тады забаўляліся тым, што шнарылі па падвалах. Асабліва нас вабілі старыя цагляныя дамы, бо ў іх былі самыя глыбокія і вусцішныя падзямеллі. А пра валацугу нехта наплёў, каб на подзвігі падбухторыць. Мо і наогул яго не было. Про­ста вострых адчуванняў хацелася. І нехта, рашыўшы пажартаваць, закрычаў у нетры падвала.

Дзесяткі гадоў я пра той выпадак не ўспамінаў. А тут з такой дакладнасцю ўсё вярнулася.

Дзякуй Богу, хоць не забіў сябе абухом. Дый мазгі, здаецца, на месцы. Ва ўсякім разе, пішу, і думкі някепска цякуць. Да таго ж на карысць мне аказаўся гэты ўдар: знікла злосць на Жыгоцкага.

Ці надоўга?

22

Нарэшце Юрась Багатка мог дыхаць на поўныя грудзі. Атрыманыя ад сястры сто долараў літаральна адрадзілі яго. На вечаровым канцэрце хлопец так наярваў на клавішах, што завёў не толькі тамтэйшых маладзёнаў, а і ўвесь калектыў гурту. Нават Тэрцовіч, заўсёды прыдзірлівы да Юрася, на гэты раз яго пахваліў і даў павышаны ганарар.

Назаўтра, прачнуўшыся пасля салодкага сну недзе апоўдні, Юрась выбраўся з дому і выйшаў на заліты сонцам двор. У альтанцы нетаропка, са смакам выкурыў дыхтоўную цыгарэту, пасядзеў, млява пацікаваў за гульнёй дзяцей у пясочніцы, а тады ўстаў і рушыў да водаканала.

Хвілін праз дваццаць, прайшоўшыся ўсцяж берага, хлопец выруліў на вуліцу з трамвайнай лініяй і шэрагам гандлёвых крамаў. Завітаў у вінна-тытунёвы аддзел, купіў пару пачкаў самых дарагіх цыгарэт. Сеў у трамвай і праехаў колькі прыпынкаў убок цэнтра горада. Сышоў.

Там, амаль у дварах, у падвале пяціпавярховай камяніцы, месціўся зацішны шынок, які Юрась даўно і надоўга ўпадабаў. Пра гэтае пажыўнае месца абвяшчала адно някідкая шыльда, прыштукаваная на рагу дома.

Хлопец спусціўся па вузкай лесвіцы, пацягнуў масіўныя драўляныя дзверы і аказаўся ў прыемнай прахалодзе і паўзмроку шынка.

Наведвальнікаў, як заўсёды, было няшмат, бо для жыхароў гэтага нерэспектабельнага мікрараёна цэны відавочна кусаліся. За дашчанымі столікамі сядзела чалавек пяць даволі прыстойнага выгляду грамадзян. Перад імі стаялі пустыя, адпітыя і поўныя куфлі піва. Толькі адзін дзядзька, што самотна сядзеў у кутку, цешыў сябе мацнейшым напоем, а іменна гарэлкай у пукатым графінчыку — як тут падавалі зазвычай.