Юрась скіраваў у процілеглы ад аматара «вогненнай» кут памяшкання. Тут можна было купляць напоі і закусь проста за стойкай бара, а можна было выклікаць афіцыянта, каб той абслужыў. Хлопец выбраў апошняе. Не прайшло і хвіліны, як да яго наблізіўся пажылы дзядзька ў фірмовай вопратцы гэтага шынка: белая псеўдабеларуская вышыванка, аперазаная чырвоным паяском, на галаве — блакітная плоская шапачка. Юрась, зазірнуўшы ў меню, заказаў вялікі куфаль чарнюткага портэру і вяленыя шчупальцы кальмара.
Заказ хутка быў выкананы, і хлопец, пакурваючы ментолавую цыгарэтку, з выразам крайняй лагоды на твары цягнуў вельмі густое і хмельнае піва. У памяшканні нягучна працавалі вентылятары, і таму тытунёвы дым, што выпускаўся наведвальнікамі, не стаяў слупам, а неўзаметку выветрываўся.
Прахалода. Кіславаты прыемны пах піва. Няшумная гаворка субяседнікаў. Цеплыня, што спакваля расплываецца ад страўніка па ўсім целе.
Юрась вырашыў не заказваць другі куфаль, бо пасля першага ўжо прыкметна разамлеў, а яго яшчэ чакала сёння шмат спраў. Па выхадзе на свежае паветра, каб узбадзёрыцца, ён наважыў зайсці ў бліжэйшы пад’езд і нюхнуць з запаветнай плоскай каробачкі, якая з учарашняга дня зноўку была прыемна запоўнена. Гэтак ён і зрабіў — пасля даволі доўгіх пошукаў пад’езда, не абароненага кодавым замком. Так, з кожным месяцам станавілася ўсё цяжэй знаходзіць такія пад’езды, бо народ павальна захапіўся кодавымі дзвярыма, намагаючыся адгарадзіць сябе ад зладзеяў і валацугаў.
Далей Юрась Багатка згледзеў тэлефонную будку і, адасобіўшыся там, правёў некалькі працяглых тэлефонных размоў. Пра іхні змест мы пакуль прамаўчым. Скажам толькі, што хлопец разам з адрасатамі мяняў і тон свайго голасу. Ён то ўмольна кагосьці аб нечым прасіў, то гаварыў з годнасцю саліднага чалавека, а то і ўладарна пакрыкваў. Урэшце здаволіўся вынікам праведзеных перамоў, аддзяліўся ад тэлефоннай будкі і неўзабаве выйшаў зноў-такі на трамвайны прыпынак.
Сеў у «шасцёрку», даволі, дарэчы, запоўненую і тлумную, і пакаціў у цэнтр горада. Ён як бы знік з поля нашага зроку на колькі гадзін і з’явіўся толькі ў восем вечара, на двары драўлянага дома па вуліцы Грушаўскай. Гэтая хатка стаяла ў глыбіні прыватнага сектара і мела занядбаны, можна сказаць, дзікі выгляд. Агародчык перад вокнамі, што глядзелі на вуліцу, зарос крапівой і чартапалохам вышэй за штыкетнік. На маленькім падворку было амаль тое самае: высачэзная, па пояс трава, праз якую ледзь прабівалася сцяжына да ганка. Вокны збоку двара закрывалі жаўтлявыя пашарпаныя аканіцы. У сад было страшна зірнуць: каравыя яблыні спляліся ніжнім голлем з хмызамі і пустазеллем; туды, відаць, ужо шмат гадоў не ступала нага чалавека. Дрывотня насупраць хаты была са збуцвелым руберойдавым дахам і без дзвярэй; знутры гэтае будовы веяла пылам і сырасцю.
І тым не менш Юрась, зайшоўшы праз даволі гожую брамку, упэўнена пашыбаваў да ганка, адчыніў ключом дзверы і пранік унутр.
Там абстаноўка была зусім іншая. Гэта быў зусім не бамжатнік, не царства пацукоў і мышэй, а досыць чыстае і ўтульнае жытло. За сенцамі, дзе стаяў рукамыйнік і віднеліся дзверы ў камору, знаходзілася куханька з газавай плітой, шафкай, сталом і дзвюма табурэткамі. З кухні маленькі калідорчык вёў у вялікі пакой (прама) і спальню (направа). У зале, куды пасунуўся Юрась, стаялі круглы прыземісты стол, тры драўляныя крэслы з высокімі спінкамі, раскладная канапа, масіўная шафа з вісячым замком. Адно акно — тое, што глядзела на двор, — было звонку затулена аканіцай. Другое, што збоку вуліцы, завешана шчыльнымі шторамі. У левым, далёкім ад увахода, куце высіўся старадаўні трэльяж з мутнымі люстэркамі. Тэлевізара і якой-кольвек электронікі тут не было.
Юрась успёр на стальніцу скураную валізу, з якой прыйшоў, і пачаў вымаць з яе пажытак і ставіць побач. Там аказаліся дзве бутэлькі чырвонага віна, палка сухой каўбасы, ладны кавалак вяндліны, бохан «Нарачанскага» хлеба, цвёрды і плаўленыя сыры, а таксама шмат усялякіх кансерваў. Хлопец адправіўся на кухню, узяў з шафкі некалькі пляскатых талерак, два відэльцы, дзве сталовыя лыжкі, шаткавальную дошчачку і вярнуўся назад. Затым доўга і акуратна скрыляў мяса, каўбасу і сыр ды раскладаў па талерках. Парэзаўшы пасля ўсяго і хлеб, ён зноў рушыў на кухню і прынёс адтуль два старамодныя фужэры, паставіў на стол. Завяршыў гэтую падрыхтоўку тым, што вывудзіў з валізы пачак сініх сурвэтак, успароў поліэтыленавую абгортку і паклаў побач з бутэлькамі, што ўзвышаліся пасярод закусі.
Пасля гэтага Юрась спрытна расклаў канапу, якая аказалася вельмі шырокай. Са спальні прынёс бурую, у сінюю клетку, коўдру і пакрыў ёй пацёрханую матэрыю канапы. Прыдзірліва агледзеў, падраўняў вуглы, разгладзіў зморшчыны. Кінуў позірк на стол, падышоў да яго і пераставіў некаторыя талеркі месцамі, пасунуў улева адну з бутэлек.