Выбрать главу

Юрась Багатка ў гэты час яшчэ спаў.

23

Спякотным ліпеньскім вечарам, калі Пятро Вацлававіч Жыгоцкі збіраўся выехаць са свайго загараднага асабняка на важную сустрэчу, надарылася неспадзяванка. Да яго дома, чортведама адкуль і навошта, прыцёгся Павел Алегавіч Багатка і ўсчаў настойліва званіць, патрабуючы, каб яго прапусцілі.

Упусціць гэтага чалавека на сваю тэрыторыю Пятро Вацлававіч ніяк не мог. Ён добра памятаў, які дэбош наладзіў тут нядаўна бацька яго сужыцелькі. Памятаў тую агідную размову, пагрозы і праклёны, якія абрынуў на яго былы прыяцель юнацтва. Памятаў, як прыкра, але і неабходна было даваць каманду, каб Багатку вывелі вон.

Не, ні ў якім разе не мог Жыгоцкі дазволіць сабе другую такую размову. А таму загадаў ахоўнікам аніяк не рэагаваць на Багатку, перачакаць у спадзеве, што той сам стоміцца і адстане. Добра, што Тамара знаходзілася ў горадзе і мерылася прыехаць не раней як у адзінаццаць гадзін. А пакуль што Пятро Вацлававіч выклікаў слугу і папрасіў падрыхтаваць сабе ванну.

Акунуўшыся ў ледзь цёплую ваду з пухнатай духмянай пенай, гаспадар асабняка зазнаў доўгачаканую палёгку. Цэлы дзень ён марыў аб гэтай хвіліне — цэлы доўгі, гарачы, задушлівы дзень, напоўнены сустрэчамі, гутаркамі, нарадамі, тлумнымі званкамі на мабільнік і ў кабінет, шматлікімі пераездамі з кута ў кут вялізнага горада. Дык і гэта яшчэ не ўсё: праз якую гадзіну яго чакала сустрэча ў рэстаране з вельмі шаноўным і ўплывовым чалавекам.

Пятро Вацлававіч з патоляй адчуваў, як пад уздзеяннем вады і пены расслабляецца яго натомленае цела, лягчэй становіцца дыхаць, вяртаецца добры настрой.

Зрэшты, настрой гэты быў зноў сапсаваны, калі па выхадзе з ваннага пакоя свежы і ўзбадзёраны Жыгоцкі пачуў ад слугі, што ахоўнікі прасілі яго пазваніць у дзяжурку: там быццам бы ўзніклі праблемы з чалавекам ля брамы. Усердаваны гэтай звесткай, Пятро Вацлававіч рашыў туды не званіць, а наведацца ўласнай персонай.

Ён спусціўся на першы паверх, прамінуў некалькі звілістых калідорчыкаў і апынуўся ў дзяжурцы. Там, перад шэрагам уключаных манітораў, сядзеў Кірыла, ужо знаёмы нам квадратны дзяцюк з барадою — бывалы служака, вельмі адданы Пятру Вацлававічу чалавек. Кірыла далажыў гаспадару, што дакучлівы Павел Алегавіч не толькі не спыніў свае дамаганні, а пачаў паводзіцца надзвычай нахабна, у прыватнасці, выкрыкваць у камеру праклёны, паказваць дулі, плявацца. А затым папросту разлёгся на газоне перад самай брамкай, дэманстратыўна раскінуўшы ногі. Вось ён, дарэчы, на маніторы: у вынашанай сваёй вопратцы, лысы, з вульгарна разведзенымі нагамі і рукамі, закладзенымі за галаву. Ухмыляецца.

Такая Багаткава выхадка не на жарт азадачыла Жыгоцкага, бо моцна яго кампраметавала. Цяпер было каля сямі вечара, час, калі дзелавыя жыхары пасёлка вяртаюцца са сваіх гарадскіх офісаў, праязджаючы паўз асабняк Пятра Вацлававіча, што месціўся амаль у пачатку селішча. А значыць, усе бачаць, як выпендрываецца гэты стары штукар, і могуць немаведама што падумаць.

Але як жа з ім быць, ліхаманкава думаў Жыгоцкі, злосна пазіраючы на манітор. На добры лад, трэба б загадаць хлопцам яго скруціць, упіхнуць у джып, адвезці за некалькі кіламетраў і выкінуць. Аднак разумеў Пятро Вацлававіч, што пры гэтым магчымыя ўсялякія нечаканасці, якія яшчэ больш могуць яму нашкодзіць. Пасёлак даволі шчыльна патрулюе міліцыя, і можа так здарыцца, што якраз у час гвалту над Багаткам яна і з’явіцца. А стары блазан, канешне ж, узніме шалёны лямант, каб прыцягнуць да сябе ўвагу ахоўнікаў правапарадку, і напляце ім рознай лухты.

А можа, напружана разважаў Жыгоцкі, самому пазваніць у міліцыю і паскардзіцца, што нейкі валацуга парушае яго спакой? Тады як быццам усё бу­дзе шыта-крыта. Ды не, праз колькі секунд давялося адрынуць і гэты варыянт, бо ўзнікла апасенне, што невыносны Павел Алегавіч ва ўчастку, куды яго прывязуць, зноў жа стане плявузгаць непатрэбшчыну, паклёпнічаць на Пятра Вацлававіча, а то і скажа пра малодшага сына, як намякаў. Не, не патрэбныя Жыгоцкаму лішнія плёткі.

Дык што ж тады? Дазволіць гэтаму ідыёту беспакарана нахабнічаць перад самымі варотамі? «Чорт бы яго пабраў!» — злаваўся Жыгоцкі, не знаходзячы гожага выйсця з гэтае сітуацыі.

Ён яшчэ хвілін пяць бесталкова прастаяў у дзяжурцы, а тады загадаў Кірылу нічога пакуль не рабіць, а проста пільна сачыць за Багаткам і дакладваць па тэлефоне, калі будуць якія змяненні.

Так, Пятро Вацлававіч наважыў пакуль не кранаць бацьку сваёй каханкі, спадзеючыся неяк абысціся з ім мірам. А сам адправіўся ў гардэробную рыхтавацца ў рэстаран.

Праз некалькі хвілін, ужо з іголачкі апрануты, Жыгоцкі зноў спусціўся ў дзяжурку. Кірыла, які бязбожна дыміў цыгарэтай, тут жа яе загасіў і хмура далажыў, што абстаноўка не змянілася. Павел Алегавіч, як было добра бачна на маніторы, па-ранейшаму прывольна ляжаў на газоне перад брамкаю, толькі цяпер яшчэ трымаў у роце цыгарэціну, бестурботна папыхкваючы.