— Ды ты, напэўна, адлучыўся і празяваў, — з прыкрасцю буркнуў Жыгоцкі.
— Пятро Вацлававіч, здароўем клянуся — ні на хвіліну не адыходзіў! — пакрыўджана ўсклікнуў Кірыла. — Толькі зірнуў на суседнія маніторы, а яго ўжо і след прастыў. Я нават на вуліцу выбег, думаў убачу. Няма.
— А тэрыторыю правяраў? Можа, ён праз агароджу. таго. сігануў? — спытаўся Жыгоцкі, сам не даючы гэтаму веры.
— Ну не мог ён такую вышыню пераскочыць, Пятро Вацлававіч, — горача тлумачыў вартаўнік, — да таго ж калючым дротам пакрытую. І нават калі б пералез, то сабакі б пачулі.
— Дык кажаш, тут жа выскачыў на вуліцу і яго не было? — падазрона спытаўся Жыгоцкі. — Колькі хвілін прайшло, як ты выбег за браму?
— Ды мо пару хвілін. Ён, канешне, мог павароткі за гэты час дасягнуць, але для гэтага павінен быў, як чорт, бегчы.
— Ладна, — крыху супакоіўся Жыгоцкі, — знік — і ліхаманка на яго галаву. Галоўнае, што ніякага паскудства не ўчыніў. Тамара як?
— Прыехала без дзесяці адзінаццаць і адразу ж паднялася да сябе, — далажыў Кірыла.
— Спіць?
— Не магу знаць. Святло, правяраў, а палове першай патухла.
— Добра, Кірыла. — Жыгоцкі па-свойску паклаў руку на вартаўнікова плячо. — Ты тут драмлі, ды час ад часу пазірай на манітор, што за брамку адказвае. Трасца ведае, што гэты мярзотнік задумаў. Раптам вернецца.
Жыгоцкі павярнуўся і пайшоў з дзяжуркі.
— Добрай ночы, Пятро Вацлававіч! — любоўна пажадаў яму барадаты Кірыла.
Аднак гаспадара чакала новая неспадзяванка. У холе на другім паверсе, дзе ён сеў пагартаць перад сном дакументы, з’явіўся слуга, падышоў, інтымна нахіліўся і выняў з кішэні канверт:
— Гэта вам, Пятро Вацлававіч. Толькі што Валодзька з паштовай скрыні дастаў.
Пры адным позірку на канверт Жыгоцкага перасмыкнула, бо ў графе зваротнага адраса стаяла задзірыстае: «Багатка П.А.». Ён са штучнай абыякавасцю прыняў канверт, нядбайна кінуў на часопісны столік. Але, як толькі слуга выйшаў, прагавіта схапіў гэты ліст. Зрэшты, ускрываць адразу не стаў, а апасліва азірнуўся, устаў з крэсла і шпарка рушыў у свой кабінет, што знаходзіўся непадалёк ад хола. Там запёрся на ключ, падышоў да стала, сеў і толькі тады разарваў злашчасны канверт.
Па меры таго як Пятро Вацлававіч чытаў, твар яго барвянеў, губы сціскаліся ў вузенькую палоску, а бровы паўзлі дагары.
Вось змест ліста:
«Прывітанне табе, грамадзянскі зяцёк! Як жывеш-пачуваешся? Дарэмна ты не схацеў прапусціць родзіча. А то б слаўна пагаманілі. Ды я не крыўдую. Ты чалавек вельмі заняты і марнаваць свой час на такую нікчэмнасць, як я, дазволіць сабе не можаш. Ды вось у чым бяда: жыву я яшчэ на свеце, не памёр і ўжо адным гэтым фактам моцна табе дакучаю. А ведаеш чаму? Таму што сумленне тваё не чыстае, таму што ўсё-ткі пабойваешся ты, што людзі праўду пачуюць. Што, здрыгануўся пры слове «праўда»? Ведаю, здрыгануўся. Точыць цябе гэты страх, страшок маленькі і подленькі, днём і ўночы табе спакою няма. Таму што грэшны ты, Пятро Вацлававіч, і гэта ведаеш. Не, не перада мной, зразумела, а перад сваім сынам малодшым, якога ты па мардасах хвастаў ды з дому вон выгнаў. А гэта ж кроў твая, грамадзянскі зяцёк, кроў родная. Не шкада было выганяць-абнядольваць? Гэх, дарэмна, думаецца, ты так паступіў. Трэба б было з сабой саўладаць ды на сынаў гомасексуалізм усё ж такі вочы закрыць. Памыліўся ты, Пятро Вацлававіч, не разлічыў, што людзі маюць уласцівасць быць балбатлівымі. Ну выгнаў ты палюбоўніка свайго сына, ну памяняў астатнюю прыслугу ў асабняку, але ж языкі ім не выразаў. Сказаў нехта аднаму, той перадаў яшчэ двум — і папаўзла, пабегла, паляцела па горадзе смяротная для цябе пагалоска. Учуў яе адзін чалавек — пусты, дарэчы, нікчэмны — і мне яе перадаў, не ведаючы, што я ёй магу слаўна пакарыстацца. Ох і дарэчы мне, Пятро Вацлававіч, прыйшлася твая гісторыйка. Проста такі акрыліла яна мяне, натхніла, моцай напоўніла. Цяпер мы з табой, родзіч ты мой грамадзянскі, выраўняліся. Ты з усімі сваімі капіталамі-сувязямі і я з дзіравымі сваімі штанамі — упоравень сталі. Бо грахі твае дужа ўніз цябе цягнуць, а мяне, наадварот, узвялічваюць. Не захацеў ты, Пятро, мяне паслухацца, не пажадаў разысціся з маёй шалапутнай дачкою — значыць, цяпер не крыўдуй. Але не бойся, не адразу я разгалашу тваю тайну, а яшчэ памаруджу крыху, памучу цябе, як ты мяне ўсё жыццё мучыў, як катаваў апошнія месяцы ў статусе Тамарынага палюбоўніка. Цяпер дай жа і мне наталіцца. А ты чакай і спадзявайся: раптам я перадумаю ці, таго лепей, сканаю. А што, зяцёк, някепска было б, каб я на той свет выправіўся? Усе б праблемы тады — самі сабой, а? Нябось прамільгнула ў цябе збродлівая думка: ці не памагчы старому прыяцелю на той свет? А то давай, памажы, забі бацьку сваёй ненагляднай. Тады ўжо ніхто ў вашых любошчах не перашкодзіць. Цешцеся, так бы мовіць, наталяйцеся адно адным, дзяцей нараджайце. І наконт сына твайго больш ніхто заікацца не будзе. Падумай, Пятро Вацлававіч, неблагое гэта выйсце — чык па горле нікчэмнага чалавечка, і ўсё як мае быць стане.