На гэтым развітваюся. З асалодай успамінаю, як паляжаў сёння на траўцы перад тваёю фазэндай. Завітаю яшчэ, надта мне тут даспадобы.
Прывітанне Тамары.
Ці не ашчаслівіце ў хуткім часе ўнукам ці ўнучкаю?
Павел Багатка».
Ліст гэты Жыгоцкі паспешліва спаліў у попельніцы. Попел перасыпаў у камін. Сам жа ці не да світання сноўдаўся па асабняку ў крайняй узрушанасці. То прымаў ледзяны душ, то залазіў у гарачую ванну, то бег у трэнажорную залу і цягаў там цяжэрныя гіры, адціскаўся ад падлогі, малаціў голымі кулакамі баксёрскую грушу. А тады зноў бег у душавую і змываў з сябе пот. А палове чацвёртай выйшаў на начны двор і шпацыраваў вакол дома. Толькі пасля ўсіх гэтых працэдур здолеў супакоіцца і заснуць на канапе ў сваім кабінеце.
24
Увечары над мікрараёнам, дзе пражывала сямейства Багаткаў, збіралася доўгачаканая навальніца. На захадзе павольна цямнела, вецер шкуматаў кроны дрэў, а духата станавілася невыноснай. Чуліся ўжо далёкія грымоты, мігцелі сполахі бліскавіц. Аднак навальнічная хмара магла прайсці бокам, падражніўшыся, нават і кроплі не кінуць на спакутаваныя ад спёкі расліны, на запыленыя шматдзённым сухавеем дамы.
Але ў кватэры Багаткаў мала зважалі на знадворныя з’явы, паколькі мелася там адбыцца надзвычай важная і, можна сказаць, лёсавызначальная сходка.
А палове сёмай хвацка падкаціла на сваім блакітным аўто Тамара, з вялікім поліэтыленавым мяшком у руках шуснула ў пад’езд і неўзабаве званіла ў кватэру.
— Прывітанне, — цмокнула яе ў шчаку Вера Генадзеўна, прапусціла ўнутр.
— Фу, ну і задуха, хоць бы ўжо лінула, — аддыхвалася ўзрушаная дачка, нядбайна скідаючы пантофлі. — Юркі, канешне, яшчэ няма?
— Няма, Тамарачка, — пацвердзіла маці. — Прыйдзе, куды ён падзенецца.
— Хай толькі паспрабуе не прыйсці, — сярдзіта прабурчала Тамара, папраўляючы прычоску перад люстэркам. — Ты тут разбяры, мам, што я прынесла. На стол падамо, — кіўнула яна на пакет, які толькі што прыхінула да сценкі.
— Добра-добра... — Вера Генадзеўна схілілася, падняла важкі пакет. — А што тут?
— Ат, усяго патроху, — не адрываючыся ад люстэрка, адказала дачка. — Віно, ліманад, сякая-такая закусь. Трэба ж нечага пажаваць.
— Ну дык хадзем пакуль што на кухню, — прапанавала маці, штучна паніжаючы голас. — А то бабуля прылегла, няможацца ёй у такое спякоцце. А мы там з табой крыху пагамонім.
Дачка нарэшце ўправілася з прычоскай і пасунулася ўслед за маці на кухню.
Гэтае невялічкае памяшканне было ў гаспадарлівай Веры Генадзеўны ва ўзорным парадку. Усё вісела, стаяла, ляжала выключна на сваіх месцах, ва ўсім праглядалася сіметрыя, раўнавага. Тры табурэткі, да прыкладу, былі акуратна засунуты пад тры бакі століка (чацвёрты бок упіраўся ў сцяну). Роўна пасярод стальніцы мясцілася цукарніца, яе колам абкружалі чатыры кубкі на сподачках. На падаконніку стаяў гліняны гаршчок з круглым кактусам. На сцяне вісеў набор разных драўляных лыжак. Праўда, мэбля — шэраг ніжніх і навясных шафак, а таксама ўжо ўзгаданыя табурэткі і стол — была добра пакарыстаная, купленая не адно дзесяцігоддзе таму. Адчувальна выцерся і колісь квяцісты лінолеум пад нагамі.
Тамара дастала з-пад стала адну табурэтку, паставіла яе бліжэй да акна, села, зграбна паклаўшы нагу на нагу. Ногі яе былі без празрыстых панчох і надзіва для такога сонечнага лета бялюткія. Бэжавая спадніца не закрывала круглыя калені і ніз чароўнай формы сцёгнаў. Такога ж колеру, з карункавым каўнерыкам і кароткімі рукавамі, блузка ахоплівала стройны стан. Каштанавыя валасы вольна спадалі на плечы. На мочках вушэй віселі срэбраныя маладзічкі, далікатныя пальцы рук аздабляла некалькі нешырокіх пярсцёнкаў.
Вера ж Генадзеўна, наадварот, мела выгляд самы дамашні: паношаныя плоскія тапкі, старэнькі і выцвілы, перахоплены на таліі халацік. Вось, бадай, і ўся яе вопратка. У вушах нічога не паблісквала, а спрацаваныя, з пашыранымі суставамі пальцы рук былі вольныя ад аздобаў. Рыжыя валасы гаспадыні не выглядалі свежавымытымі і дрэнна трымалі форму. Адна пасма спадала на лоб, другая тапырылася кудысьці ўправа і ўверх, на макаўцы паўстала некалькі сваявольных віхроў. Вера Генадзеўна нядаўна вярнулася з дзяжурства ў бальніцы, амаль суткі не спала, а разбэрсанасць яе валасоў — гэта ад нязменнай форменнай шапачкі, якую галоўурач строга забараніў здымаць нават у сястрынскім пакоі. Прыбегшы з работы, Вера Генадзеўна якраз збіралася прыняць душ, але Ганна Андрэеўна, яе маці, разыграла сардэчны прыступ, раскапрызілася, і дачцэ давялося завіхацца каля яе з паўгадзіны. Калі ж Ганна Андрэеўна як быццам прыснула, раздаўся Тамарын званок у дзверы, і Вера Генадзеўна так і не паспела прывесці сябе да ладу.