Дачка зноў адвярнулася, скрыжавала на грудзях рукі і, пакуль маці адсутнічала, думала аб чымсьці сваім.
На захадзе грымела, то напаўзала, то аддалялася навальніца. Усё яшчэ гарачы вятрыска парывамі шугаў праз фрамугу, штурхаў Тамару ў грудзі, калмаціў валасы, абвяваў шыю і талію, пранікаў у памяшканне і варушыў пусты пакет на стальніцы.
Прайшло не так і мала часу, перш чым Вера Генадзеўна вярнулася ў кухню.
— Ну бабуля ўжо падымаецца, — сказала яна. — Так што можам перамяшчацца ў Юркаў пакой.
Тамара абярнулася да маці, уперлася далонямі ў падаконнік.
— Спадзяюся, там не будзе паху потных шкарпэтак? — іранічна спыталася яна.
— Не, не, — усур’ёз успрыняла гэтую заўвагу Вера Генадзеўна. — Я там прыбралася.
Яна і сапраўды, пабудзіўшы Г анну Андрэеўну, шуснула ў сынаў пакой і навяла сякі-такі парадак. У прыватнасці, падняла з падлогі яго штаны і засунула ў шафу, вынесла ў калідор поўную недакуркаў попельніцу, знасцежыла акно і паставіла крэслы на звыклыя месцы. Па вяртанні з работы, перад прыходам дачкі, гаспадыня проста не паспела гэта зрабіць. Затое ўчора, перад дзяжурствам, старанна прайшлася там пыласосам і анучкай. За адну ноч сын не паспеў дужа насмеціць, толькі шпурнуў на падлогу штаны і беспарадкава пераставіў крэслы.
У Юрасёвым пакоі, які быў большым у кватэры, маці з дачкой перасунулі на сярэдзіну прыземісты столік, расставілі вакол яго тры крэслы. Для сябе Вера Генадзеўна прынесла з кухні табурэтку. Затым пачалі насіць посуд і закусь. Да ікры Вера Генадзеўна паставіла маслёнку, каб рабіць бутэрброды.
— Ат жа, халера яго бяры! — сказала дачка, пасля даволі доўгага маўчання. — Дваццаць хвілін на восьмую, а Юркі няма. Так і знала, што свінню мне падложыць!
— Прыйдзе ён, — супакойлівым тонам прамовіла маці, упраўна адкрываючы бляшанкі кансерваў.
— Ну дамовіліся ж, мам, на палову сёмай! Прычым за некалькі дзён я гэта яму давяла! — Тамара стаяла перад акном і пазірала на двор. Дождж так і не сабраўся пакуль, нават грымоты радзелі і аддаляліся. Яна тым не менш рашуча зачыніла фрамугу — ад грэху далей.
— Галоўнае, Тамарачка, што нас большасць сабралася, — бачачы даччыну знерваванасць, намагалася суцешыць яе маці. — Вырашым і без Юры.
— Гэта як лёду, — згадзілася Тамара. — А ведаеш, мам, я ж невыпадкова ў цябе папыталася, ці не бачыў хто-небудзь учора бацьку ў горадзе.
— А што такое? — адразу насцярожылася Вера Генадзеўна.
— Я хацела гэта пры ўсіх сказаць, але пакуль іх дачакаешся — звар’яцееш. — У гэтых Тамарыных словах было яўнае раздражненне і на бабулю, якая занадта доўга не падыходзіла. — Дык вось, мам, я даведалася, што пазаўчора бацька паўдня дэбашырыў перад варотамі нашай дачы, дамагаючыся, каб яго прапусцілі.
— Ты што? — цяпер ужо не на жарт занепакоілася маці.
— Так. Менавіта дэбашырыў, каб зняславіць Пецю перад усім пасёлкам. Ад мяне гэта спачатку скрылі, каб не траўміраваць, бо я ў той вечар адсутнічала і прыехала позна. — Тамара павярнулася да акна, стала нервова пастукваць косткамі пальцаў па шыбіне. — Так бы гэта і прайшло міма мяне, каб не яшчэ адна акалічнасць. А іменна: учора ўдзень нехта прапароў задняе кола ў Пецевага «мерседэса».
— Ну? — толькі і вымавіла Вера Генадзеўна.
— Здарылася гэта перад самым офісам, калі вадзіцель на пару хвілін адлучыўся па цыгарэты. Пеця са злосці выклікаў міліцыю, склалі акт, паводле якога па коле былі нанесены тры моцныя ўдары шылам. Два прапаролі камеру, а адзін слізгануў па шыне, пакінуўшы доўгі глыбокі след. — Тамара зрабіла паўзу. — А цяпер скажы мне, мам, хто б такое мог вычварыць?
— Не ведаю. — прамармытала Вера Генадзеўна.
— Няўжо ж? — зласліва, усё яшчэ стоячы тварам да акна, спінай да маці, хмыкнула дачка. — І не здагадваешся?
— Мо хуліганы.
— Ды кінь ты! — абарвала яе Тамара. — У Пеці за дзесяць гадоў гэта першы выпадак. Да таго ж міліцыянт сказаў, што такая колькасць удараў магла быць нанесена толькі з нянавісцю. Разумееш? З лютай нянавісцю да ўладальніка машыны. А хто яшчэ, акрамя нашага бацькі, так «нераўнадушны» да Пеці? Ды ён жа апошні месяц толькі тым і займаецца, што яму пагражае.
— Гэта ён, гад! Безумоўна! — раздаўся ў пакоі рэзкі старэчы голас; у дзвярах стаяла Ганна Андрэеўна: нізкая, поўная, у доўгім хатнім халаце, з заспаным апухлым тварам.
— Адкуль ты ведаеш, мама? — павярнулася да яе Вера Генадзеўна. — Няма ж аніякіх доказаў. Да таго ж ён учора на дачы знаходзіўся.
— Хе, на дачы, — бабуля ўвайшла ў пакой і пасунулася да Тамары. — Ён мог адтуль прыехаць, разбойнік, нашкодзіць, ды толькі яго і бачылі. — Яна цмокнулася з унучкай.