— Бабуля правільна разумее, — сказала Тамара. — Бацька гэта зрабіў, болей няма каму. А гэта, між іншым, ужо крымінал. Усё задакументавана.
— Але ж ніякіх доказаў. — стаяла на сваім Вера Генадзеўна.
— У турму яго, ірада, — затрэсла сваімі студзяністымі падбародкамі Ганна Андрэеўна, — за краты. Там яму самае месца.
— Мама! Ды што ты такое вярзеш! — з дакорам зірнула на яе Вера Генадзеўна. — Дый наогул, у цябе ж толькі што сэрца балела, а ты так гарачышся.
— І не дзіва, што будзе сэрца балець, калі ў сям’і такі тыран уладарыць, — фыркнула бабуля, грузна апускаючыся ў наймякчэйшае крэсла перад сталом. — Дарэчы, Вера, накапай мне карвалолу. — Яна карцінна паклала друзлую руку на грудзі. — Нешта мне закалола.
— Мама, ды ты ж гадзіну назад піла! Нельга ў такой колькасці спажываць лекі.
— Налі! — жорстка і безапеляцыйна сказала Ганна Андрэеўна. — Я сама ведаю, што мне можна, а чаго нельга. Яшчэ не хапала памерці тут з-за вас!
Вера Генадзеўна ўздыхнула і адправілася на кухню.
Бабуля тут жа звярнулася да ўнучкі з пытаннем:
— Дык, кажаш, татка твой надоечы скандал учыніў?
— Ну так. Прыпёрся ўвечары, дэманстратыўна перад брамай разлёгся, ды яшчэ лаяўся і грымаснічаў у камеру. — Тамара мерала пакой кароткімі крокамі, раз-пораз зіркаючы ў акно.
— Гад ён! Ашаломак! — скрозь зубы прагаварыла Ганна Андрэеўна і пацягнулася па бутэрброд з ікрою. Зачвякала з апетытам звыклага да фізічнай працы мужчыны.
— Бабуля, а ты не памятаеш, калі Юрка з дому сышоў? — Унучка прыхінулася да сцяны ля акна. — Ужо гадзіну назад падысці быў павінен.
— А зараз табе скажу. — задумалася Г анна Андрэеўна з пакусаным бутэрбродам у руцэ. — Прыкладна а палове першай прачнуўся. з паўгадзіны пасоўгаўся. не еў. Так, недзе на пачатку другой выбраўся.
— Вось жа чалавек легкаважны! Ну! — Тамара сярдзіта зірнула на наручны гадзіннік. — Як жа можна дамаўляцца з такімі людзьмі?
— Угу, — мыкнула бабуля з набітым ротам, — зусім пусты чалавек. Як і бацька ягоны. Толькі характар дабрэйшы. — Яна зрабіла паўзу, каб пракаўтнуць, і сказала: — Тамара, налі мне, дзетка, газіровачкі.
Унучка жвава падышла да стала, адкаркавала двухлітровую пляшку, стала напаўняць фужэр.
— Хопіць, хопіць! Палову, — спыніла яе Ганна Андрэеўна, прыняла фужэр з зеленаватым пузырыстым напоем і прагна прыклалася да яго.
У гэты момант увайшла Вера Генадзеўна з кілішкам, у якім былі разведзены кроплі карвалолу. Гэтых лекаў яна знарок накапала ўдвая менш, чым зазвычай прымала маці, і цяпер баялася, як бы тая не выкрыла гэтую хітрасць.
— Мама, — папікнула яна Г анну Андрэеўну, — ну як жа можна газіроўку з карвалолам мяшаць! Калі ў цябе сэрца баліць, то.
— А! — ускінулася мажная маці. — Дык ты хочаш сказаць, што я сімулюю?! — Яна паставіла пусты фужэр на стол.
— Ну як табе не сорамна! — у разгубленасці паўстала перад ёй дачка. — Ты ж ведаеш, што газы будуць распіраць страўнік і ціснуць на сэрца.
— Дык табе і газіроўкі шкада! — тузанулася на крэсле маці і артыстычна ўсхліпнула. — Забірай свае праклятыя лекі! Не патрэбны яны мне.
— Бабуля, — уступілася за маці Тамара, — ну навошта ты так. Ніхто ж тут табе нічога не шкадуе, а, наадварот, усе цябе любяць. — Яна ўзяла ў Веры Генадзеўны кілішак з кроплямі, нахілілася да бабулі. — Выпі, мая харошая, а то і праўда ад такой духаты самлееш.
Ганна Андрэеўна расчулілася ад унучкіных слоў, прыняла ад яе лекі і, нядобра зірнуўшы на Веру Генадзеўну, каўтанула.
— Ну вось малайчынка, — забрала ў яе кілішак Тамара, — а цяпер яшчэ бутэрбродзік вазьмі.
Бабуля ахвотна скарысталася гэтай парадай. Яе поўныя румяныя шчокі заскакалі.
— А давай, мам, і мы з табой перакусім. — Тамара абышла стол, узялася рукой за спінку крэсла. — Сядай. Не будзем Юрку чакаць.
Вера Генадзеўна прысела на трэцяе крэсла.
Яны адкрылі віно. Бабулі ж налілі газіроўкі. Выпілі, чокнуўшыся «за поспех справы». У гэты момант пярун, які быў аціх, грымнуў зусім блізка і з такой моцай, што забразгаталі шыбы. Пасля гэтага выбуху ўтварылася працяглая цішыня, цягам якой былі чутны толькі гукі жавання і прысёрбвання з келіхаў.
— Ну што ж, давайце акрэслім, дзеля чаго мы, па сутнасці, тут сабраліся, — сказала нарэшце Тамара. Яна выцерла вусны сурвэткай і адвалілася на спінку крэсла.
— Ды чаго там, — нясмела прамовіла Вера Генадзеўна, — мы ж усе ў курсе. Гэта Юрку, можа, няўцям. Дык яго і няма.
— І ўсё ж такі варта акрэсліць, — строга паглядзела на яе дачка.
Ганна Андрэеўна як быццам не слухала іх, бо цалкам захапілася мідыямі, шчодра наваленымі на яе талерку Верай Генадзеўнай.