Выбрать главу

— Дык вось, — пачала пасля кароткай замінкі Тамара. — Сабраліся мы для таго, каб вырашыць пытанне з нашым бясцэнным бацькам, мужам і зяцем. З чалавекам, які даўно ўжо стаў паводзіць сябе, мякка кажучы, неадэкватна.

— Во-во! — падтрымала яе бабуля. — Зусім з рэек зляцеў!

— Мама! — цыкнула на яе Вера Генадзеўна. — Я цябе прашу не перабіваць. Потым будзе і ў цябе слова.

Ганна Андрэеўна змаўчала, адно сярдзіта хмыкнула і зноўку схілілася над талеркай. Яна ўсё яшчэ таіла крыўду на дачку з-за карвалолу.

— Мой тата, — працягвала Тамара, — чамусь уявіў, што ён можа беспар­донна ўмешвацца ў асабістае жыццё іншых людзей. Але гэтае асабістае жыццё свята ахоўваецца нашым заканадаўствам. Ён забыўся, што ягоным дзецям ужо не па дзесяць гадоў, калі можна іх лупцаваць, а даўно за васемнаццаць. Ён забыўся, што яны па законе паўналетнія, паўнапраўныя, а значыць, па сутнасці чужыя яму. А хіба можна няволіць чужога чалавека? — Яна зрабіла акцэнт на перадапошнім слове.

— Не, ну як жа — чужога? — сумелася маці. — Які-ніякі, а бацька.

— Мама! — абарвала яе Тамара. — У дадзеным выпадку маецца на ўвазе юрыдычны тэрмін, а не колькасць перададзеных мне генаў.

— Ну ладна, ладна, маўчу. — Вера Генадзеўна апусціла вочы.

— І правільна, маўчы, — адарвалася ад талеркі бабуля. — Таму што Тама­ра слушна гаворыць. Каму гэта дазволена людзей мардаваць! Як ні спусціцца па сваёй выклятай лесвіцы — скандал, дэбош, крыкі. А ў мяне нервы, у мяне ўзрост, у мяне сэрца! — распалялася, адчуваючы шчыры жаль да сябе, Ганна Андрэеўна. — Я хачу хоць апошнія свае дні спакойна пажыць. І не дапушчу, каб гэты жываглот мне іх атручваў!

— Ды не крычы ты так, мама.

Тут з калідора данёсся даволі выразны шоргат, і ўсе трывожна замоўклі. Кожнай з жанчын, напэўна, падумалася, што з лесвіцы, лёгкі на ўспамін, спускаецца Павел Алегавіч.

— Мама, — прашаптала Тамара, — я ж казала, што трэ было яшчэ раз наверх схадзіць.

Вера Генадзеўна тут жа паднялася з месца, гатовая адважна прыняць на сябе першы націск шалёнага мужа.

Але ж гэта аказаўся ўсяго толькі Юрась, які адмыкаў ключамі ўваходныя дзверы. Калі Вера Генадзеўна выйшла ў калідор, ён ужо пранік у кватэру. Ускудлачаны, у вечна мятай джынсоўцы, з нязводнай блазнаватай усмешкай на худым твары.

— Ну дык слухаю цябе, Юра, — замест прывітання кінула брату Тамара, калі той разам з маці ўвайшоў у пакой. — Чаму ты спазніўся?

Юрась апасліва зірнуў на сястру, цень скрытай думкі мільгануў на яго абліччы, а тады сказаў ухмыляючыся:

— Трамваі стаялі. Відаць, маланка ў лінію ляснула. — Ён разваліста наблізіўся да стала, схапіў бутэрброд і адкусіў ад яго ладны кавалак.

— Мяне менш за ўсё хвалюе, стаялі трамваі ці не, — працягвала свой допыт суровая сястра. — Я ў цябе пытаюся, як ты пасмеў спазніцца на цэлую гадзіну, як ты пасмеў прымусіць траіх чалавек цябе, недарэку, чакаць?

— Дык што мне па небе было ляцець? — адбіваўся Юрась жуючы. Ён напоўніў фужэр віном, зрабіў некалькі прагных глыткоў.

— У, бессаромныя твае вочы, — з агідай глядзела на яго Тамара. — Ты павінен быў узяць таксоўку і прыбыць у прызначаны час. А грошы я б табе аддала, калі ты бедны такі.

— Ён толькі жаваць майстар, — прабурчала бабуля, якая сама нядаўна скончыла трапезу. — Ніколі старэйшых не слухаўся.

— Ды што вы ўсе на мяне ўз’еліся! — абурыўся Юрась, накладаючы на талерку кавалкі кальмара.

— Юрчык, — звярнулася да яго маці, — ты б сапраўды час ад часу прыслухоўваўся да таго, што старэйшыя кажуць. Нездарма ж Тамара прасіла цябе не спазняцца.

Сын на гэты раз не адказаў, а толькі спарней запрацаваў сківіцамі. Каўтаў ён вялікімі кавалкамі, суправаджаў гэта непрыемнымі гукамі. Магло падацца, што не еў ён цэлыя суткі, пры гэтым несупынна і тамліва працуючы. А між тым пасля здаровага сну да гадзіны дня ён сытна паснедаў у горадзе, у адной улюбёнай сваёй забягалаўцы.

Пакуль Юрась паглынаў прынесеныя сястрой далікатэсы, астатнія глядзелі на яго з рознымі выразамі твараў. Бабуля — неадабральна-насмешліва, маці — з нецярпеннем і прыхаванай любоўю, сястра — злосна і грэбліва.

Але Багатку-малодшага іхнія позіркі хвалявалі мала. Як, зрэшты, і тое, што з-за яго ніяк не магла пачацца важная сямейная сходка.

— Ну ладна, перарвіся, — нарэшце не вытрымала Тамара. — Не жраць жа ты сюды завітаў.

— М.. гм. — запратэставаў быў брат, але сястра падскочыла і вырвала ў яго талерку.

— А цяпер слухай мяне, — сказала яна жорсткім голасам. — Паколькі ты правінаваціўся, то будзеш стаяць на шухеры.

— Ого! Гэта як? — дурнавата ўтаропіўся на сястру Юрась.