— Зараз ты паднімешся наверх, праверыш, ці няма там бацькі, — адрывіста, з расстаноўкай гаварыла сястра, — спусцішся ўніз і зоймеш месца на парозе пакоя — так, каб у полі твайго зроку знаходзіліся і лесвіца, і ўваходныя дзверы.
— Дык хоць скажы, для чаго? — прамармытаў брат, падпадаючы пад уладу сястры.
— Не прыкідвайся дурнем! — сыкнула яна. — Табе было некалькі разоў даведзена, для чаго мы збіраемся.
— Дык бацька ж на лецішчы.
— Сынок, зрабі, што сказала сястра, — таропка прамовіла маці, папярэджваючы даччын гнеў.
Юрась нехаця выйшаў з пакоя, пратупаў па калідоры і пачаў узбірацца па лесвіцы. Як толькі ён выйшаў, Тамара наблізілася да тэлефона, што стаяў на тумбачцы ля акна, шпарка застукала па кнопачным наборніку кончыкамі пальцаў.
— Віцёк, — сказала яна ў трубку, — нясі сюды дакументы. І мой мабільнік захапі. — На гэтым размова скончылася.
Маці з бабуляй звярнулі на яе пытальныя позіркі.
— Гэта я вадзіцелю званіла. Зараз падымецца.
— А што за дакументы? — спыталася заінтрыгаваная Вера Генадзеўна.
— Ну, мам, ты як маленькая, — паблажліва зірнула на яе дачка. — Няўжо ты думаеш, каб ажыццявіць тое, што мы задумалі, дастаткова адных толькі слоў?
— Не, ну. — сумелася маці.
— Гэта кампрамат, — выказала меркаванне кемлівая бабуля. — Цяпер, паразіт, не адкруціцца.
— Мама! — рэзка павярнулася да яе Вера Генадзеўна. — Ну хіба можна так ненавідзець чалавека, як ты Паўла! Які б ён ні быў.
Г анна Андрэеўна падціснула губы і прамаўчала.
Раздаўся званок у дзверы, і Тамара выпырхнула з пакоя. Вярнулася вельмі хутка, з папкай для папер, абцягнутай натуральнай скурай, з непразрыстым поліэтыленавым мяшком. Села ў сваё крэсла, шчоўкнула міні-замочкам, дзелавіта раскрыла папку. Пакет жа паклала паміж правым сцягном і падлакотнікам.
— Ну дзе там Юрка? — нецярпліва зірнула яна на маці. — Пара б ужо, здаецца, вярнуцца.
Толькі яна гэта сказала, як збоку лесвіцы пачуўся шоргат, і неўзабаве ў пакоі паявіўся брат, усё з той жа ненавіснай сястры блазнаватай ухмылкай.
— Усё нармальна? — спадылба паглядзела на яго сястра.
— Угу, — хмыкнуў Юрась.
— А чаго так доўга?
— Прабач, — брат па-клоунску развёў рукамі, — наведаў, так бы мовіць, клазет. А што, забараняецца?
Сястра не адказала на гэты досціп, але, убачыўшы, што брат зноў накіроўваецца да стала, крыкнула:
— Пачакай! Ніяк ты не нажарэшся! Табе, здаецца, ясна было сказана стаяць на парозе, каб трымаць пад увагай лесвіцу.
Юрась пакорліва вярнуўся назад і падпёр вушак спінаю. Толькі праныў:
— Ды я есці хачу.
— Мама! — усклікнула знерваваная Тамара. — Ды падай ты яму талерку, хай там чвякае.
Вера Генадзеўна ўзяла сынаву талерку з недаедзеным кальмарам, дадала туды лусту хлеба і аднесла на сынаў «пост». Той адразу ж прыняўся жаваць.
Ганна Андрэеўна, якую пасля пажыўнай вячэры хіліла на сон, па-філасофску назірала за ўсім са свайго крэсла.
— Давай, Тамарачка, пачынай, дзетка, — сказала яна млявым голасам.
— Ну што ж, бадай што, пачнём, — згадзілася Тамара і кінула брату: — А ты жуй-жуй, ды прыслухоўвайся. І не толькі да мяне, а і да лесвіцы.
— Не бойся, — незадаволена буркнуў Юрась.
25
Такім чынам, калі нарэшце распачалася гэтая сямейная рада, унучка, маці і бабуля сядзелі ў крэслах перад прыземістым столікам, а Юрась стаяў у дзвярным праёме. За акном усё яшчэ збіралася навальніца, то ўзмацняючы, то аслабляючы свае грымоты. Дождж так і не пачаўся, аднак фрамуга і фортка былі абачліва (каб не ляснула збродлівая маланка) зачынены. Ад таго ў пакоі зрабілася вельмі душна і горача. На поўным твары Г анны Андрэеўны выступалі буйныя кроплі поту. Яна раз-пораз змахвала іх насоўкай.
— Дык вось, дарагія мае сямейнікі, — пачала сваю прамову Тамара, — думаю, усе ведаюць, дзеля чаго мы зараз сабраліся. І ўсё ж для асабліва някемлівых, — тут яна сярдзіта зірнула на Юрася, — паўтару: сёння мы павінны вырашыць пытанне з маім бацькам, вырашыць так, каб прыпыніць яго невыносныя для акаляючых, нахабныя і, я б сказала, антызаконныя дзеянні. А іменна адкрыты сямейны тэрарызм — будзем называць рэчы сваімі імёнамі. Гэты тэрарызм заключаецца ў тым, што бацька, канчаткова згубіўшы пачуццё рэальнасці, уявіў сабе, што можа ўладарыць над воляй і лёсамі сваіх дамашніх.
— А што, ты хацела, каб бацька не цікавіўся тваім лёсам? — уеў сястру брат.
Ад гэтай заўвагі на Тамарыных шчоках выступілі чырвоныя плямы, а лоб пабялеў. З цяжкасцю ўтаймоўваючы злосць, яна прамовіла: